Літаратурны конкурс чытальнікаў “Пясняр чыстае красы”


Літаратурны конкурс чытальнікаў “Пясняр чыстае красы”

11.12.2024                                                          Новости


З 1966 года бібліятэка № 8 імя М. Багдановіча дзяржаўнай установы “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска” носіць імя беларускага паэта, літаратурнага крытыка, перакладчыка, аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Яна праводзіць самыя разнастайныя масавыя мерапрыемствы, конкурсы, лекцыі, прысвечаныя класіку беларускай літаратуры. У 2024 годзе ў рамках супрацоўніцтва ўстанова далучылася да працы над віртуальным музеем Максіма Багдановіча, які размешчаны на сайце Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. У раздзеле “Ушанаванне памяці” музея з’явіўся падраздзел “Ушанаванне памяці Максіма Багдановіча ў бібліятэцы № 8 імя Максіма Багдановіча”, у якім можна даведацца, як ўстанова знаёміць сваіх карыстальнікаў з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, чыё імя яна носіць.

6 снежня 2024 года ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча чарговы раз прайшоў літаратурны конкурс чытальнікаў вершаў Максіма Багдановіча “Песняр чыстае красы”, прымеркаваны да дня нараджэння беларускага песняра. Падобны конкурс становіцца традыцыйным для бібліятэкі, такі ж быў арганізаваны бібліятэкай і ў 2023 годзе да дня нараджэння паэта ў рамках праекта “Светлы след паэта”. Мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя творчасці Максіма Багдановіча, прыцягненне ўвагі грамадскасці да творчай спадчыны паэта.

Членамі журы конкурсу чытальнікаў выступілі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік, празаік, мовазнаўца, перакладчык, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пазнякоў; мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольга Багушынска і літаратуразнаўца, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык.

Перад пачаткам конкурсу Міхаіл Пазнякоў распавёў пра асобныя цікавыя старонкі з жыцця і творчасці знакамітага песняра, Таццяна Лаўрык расказала пра працу Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна па ўшанаванні памяці Максіма Багдановіча, які ў 1916–1917 гг. з’яўляўся адным са сталых чытачоў Пушкінкі, а Вольга Багушынска падтрымала дзяцей цёплымі словамі і пажаданнямі.

У конкурсе ўзялі ўдзел вучні СШ № 69 и № 86. Вершы Максіма Багдановіча “Зімой”, “Перапісчык”, “Санет”, “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”, “Зімовая дарога” і іншыя прагучалі ў выкананні дзяцей рознай узроставай катэгорыі (4–10 класы). Верш “Зорка Венера” ў аўтарскай музычнай апрацоўцы вучня 9 “А” класа Корхава Цімура атрымаў 3-е месца ў конкурсе.

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу чытальнікаў членамі журы былі ўручаны прызы ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, дыпломы лаўрэатам і фіналістам. 1-е месца ў конкурсе атрымала вучаніца 5 “А” класа СШ № 69 Голуб Марыя, якая прачытала верш “Перапісчык”. Дзяўчынка сама піша вершы і ўжо не першы раз прымае ўдзел у падобным конкурсе.

 

Таццяна Лаўрык, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси