
13.12.2024 Новости
У Віцебскім абласным аддзяленні ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" на агульным выніковым сходзе, які прайшоў пры высокай яўцы і актыўнасці пісьменнікаў, быў дадзены аналіз рабоце арганізацыі за мінулы год, зацверджаны праект плана на 2025 год, прадстаўлены новыя выдадзеныя кнігі, адзначаны перамогі і дасягненні пісьменнікаў Віцебшчыны.
У 2024 годзе выдадзена каля 30 кніг, праведзена больш за 1000 сустрэч з чытачамі, літаратурных конкурсаў, акцый, урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных свят і памятных дат. Пісьменнікі Віцебшчыны прынялі ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу, у патрыятычным форуме "Час выбраў нас!", у грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства", падзеях, прысвечаных 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З ліку найбольш актыўных літаратараў створана ініцыятыўная група па правядзенні сустрэч у працоўных калектывах, установах адукацыі і культуры па перадвыбарнай тэматыцы. Віцебская абласная пісьменніцкая арганізацыя таксама стала куратарам і ўдзельнікам літаратурных пляцовак у рамках Фэста вулічнага мастацтва "На VII вятрах" падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", адкрытага фестывалю аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў "Віцебскі лістапад".
Творы пісьменнікаў Віцебшчыны былі апублікаваны ў такіх прэстыжных выданнях, як "Звязда", "Нёман", "Москва", "Няміга літаратурная", "Полымя", "Литературная газета", "Літаратура і мастацтва", "Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", "Маладосць" і інш. Дала немалы плён праца па ўмацаванні літаратурных сувязяў з пісьменніцкімі арганізацыямі Башкартастана, Смаленска, Екацярынбурга, Курска, Ліпецка і г.д., з дапамогай літаратурна-патрыятычных праектаў, тэлемастоў, фестываляў, канферэнцый.
Плённая праца і высокая рэзультатыўнасць літаратараў аддзялення пацвярджаецца больш чым 70-ю ўзнагародамі рознага ўзроўню, самай значнай з якіх стала прысуджанае старшыні абласной арганізацыі Т.І. Красновай-Гусачэнка званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь".
Рашэннем Прэзідыума ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" ў 2024 годзе прысвоена званне "Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі" Вользе Русілка, Віктару Улюценку, прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі паэт і празаік Таццяна Харытонава.
Граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначаны юбіляры – Мікалай Хахлоў, Лідзія Піскун, Вольга Русілка, Віктар Улюценка.
Па выніках 2024 года ўзнагароды "Лепшы пісьменнік Віцебскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" атрымалі літаратары, якія праявілі актыўнасць у творчай і грамадскай рабоце па папулярызацыі айчыннай літаратуры, у літаратурна-конкурснай дзейнасці, выдалі кнігі. Гэта – дзіцячыя пісьменнікі Галіна і Сяргей Трафімавы, паэт Галіна Загурская, байкапісец і празаік Сяргей Красаў. Таксама за праведзеную працу ў мінулым годзе адзначаны граматамі Віцебскага абласнога аддзялення ГА "СПБ" - Мікалай Наместнікаў, Іна Саламаха, Васіль Калтуноў, Лідзія Піскун, Мікалай Гарбачоў, Марына Шуханкова.
Праца абласной пісьменніцкай арганізацыі за 2024 год была высока ацэнена агульным галасаваннем. Збор пісьменнікаў прайшоў у атмасферы жывых прафесійных зносін і ўзаемнай цікавасці. Гэта была добрая сустрэча калег і сяброў напярэдадні Новага года, калі кожны рады поспехам і дасягненням адыходзячага года, і ўжо выразна прадстаўляе задачы і перспектывы маючага адбыцца.
Віцебскае абласное аддзяленне
ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси