
13.12.2024 Новости
12 снежня 2024 года ў гродзенскай сярэдняй школе № 40 імя В. І. Крэмко адбылася тэматычная акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – літаратурны ўрок мужнасці «Вечнай памяці слова».
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел члены СПБ: паэтэса Кацярына Каламійцава, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык, а таксама кандыдаты ў СПБ: паэтэса Вольга Алізар і пісьменнік-педагог, краязнавец Дзяніс Тарасюк. Перад выступленнем гасцей запрасілі на экскурсію.
Намаганнямі настаўніка гісторыі Дзяніса Паўлавіча Тарасюка ў школе вядзецца актыўная і плённая праца па даследаванні гісторыі горада Гродна і Гродзенскай вобласці. Дзяніс Паўлавіч – вядомы як апантаны краязнавец, аўтар некалькіх кніг гістарычнай публіцыстыкі, актыўна выступае ў прэсе (падрабязнае знаёмства з яго творчасцю яшчэ наперадзе). А сёння гісторыку-энтузіясту ўдалося вельмі важнае – стварыць кола аднадумцаў, старшакласнікаў, з якімі педагог-літаратар, рэгулярна ходзіць у паходы па знакавых мясцінах Прынёмання, апісвае асаблівасці той ці іншай мясцовасці ў кантэксце гістарычных падзей. Гэтыя пачынанні знайшлі падтрымку ў адміністрацыі школы ў асобе дырэктара Аляксандра Васільевіча Рымко (кіраўнік асабіста павітаў пісьменніцкі дэсант). Вынікам зладжанай доўгатэрміновай працы стала адкрыццё ў школе адразу некалькіх музейных экспазіцый, прысвечаных розным гістарычным эпохам. Таму на знаёмства са школай была адведзена цэлая гадзіна. Але гэты займальны працэс можа працягнуцца і цэлы дзень, – наша гісторыя – вельмі змястоўная і займальная з’ява. Тым больш, што яна дэманструецца тут вельмі прадметна ў выглядзе велізарнай колькасці экспанатаў, якія трапілі сюды з розных куткоў зямнога шара і з розных эпох. Кожны прадмет – вынік руплівай працы даследчыка. На экскурсіі па школе стала ўсім зразумела: месца для літаратурнага ўрока мужнасці выбрана вельмі ўдала. Там, дзе ажывае гісторыя, жыве і памяць…
Калі гаворыць наша памяць, навакольны свет заціхае ў засяроджаным маўчанні… Лёсам наканавана так, што гістарычная памяць беларусаў звязана з болем, які не сціхае. І чым больш праходзіць гадоў, тым вастрэй ён адчуваецца. Сёння памяць не проста адна з ментальных здольнасцяў чалавека. У Беларусі слова «памяць» набывае новыя духоўна-філасофскія, экзістэнцыяльныя сэнсы, ад якіх залежыць далейшае існаванне, гарманічнае развіццё нацыі, а магчыма, і ўсяго кантынента. Гэта боль за жахлівую колькасць ахвяр, прынесеных на алтар сённяшняга мірнага жыцця, трывога за сённяшнюю верагоднасць паўтарэння гэтага кашмару. Гэта боль ад разнастайных спробаў перакроіць гісторыю і ад таго, што адкруціць жыццё назад і выправіць трагедыі мінулага немагчыма. Каб жыць з гэтым несціхальным болем, жыць і ісці далей, мы, нашчадкі гэтых шматлікіх салдат і нявінна знішчаных мірных жыхароў Беларусі, павінны быць мужнымі.
Урок мужнасці – патрабаванне часу. Урок мужнасці – адна з формаў публічнай асветніцкай працы Саюза пісьменнікаў Беларусі. У ліку тэматычных грамадска-літаратурных акцый на Гродзеншчыне – «Пад мірным небам Беларусі» і «Слова яднання» – такая форма працы для нас не новая. Але трывожная рэчаіснасць даказвае, што не грэх паўтарыць, замацаваць пройдзенае. Калі гаворыць наша памяць, наша сумленне мабілізуецца і таксама знаходзіць патрэбныя сродкі для выратавальнага дыялогу.
У школьнай бібліятэцы на сустрэчу з мастацкім словам і яго аўтарамі сабраліся старшакласнікі. Гасцей сустрэлі са шчырай зацікаўленасцю. Светлыя, юныя твары, разумныя вочы, уважлівыя погляды. Наперадзе цэлае жыццё. Няхай яно будзе шчаслівым і мірным. А каб памятаць і шанаваць тысячы жыццяў, што забрала вайна, дай вам Бог мужнасці, рабяты.
Кацярына Каламійцава закранула тэму дзяцей вайны, прадэкламавала нізку аўтарскіх твораў з ваенна-патрыятычнай і грамадзянскай лірыкі. Вольга Алізар выступіла з уласнай паэзіяй на беларускай і рускай мовах на тэмы памяці, вайны і перамогі над фашызмам. Дзмітрый Радзівончык прачытаў нарыс пра свайго дзеда-франтавіка. Адметнасцю выступленняў сталі сямейныя матывы, – вайна прайшлася чорнай, крывавай стужкай амаль праз усе беларускія сем’і, а сёння працягвае трапляць на старонкі літаратурных выданняў і твораў. Пісьменнікі распавялі пра свае мэты працягваць традыцыі, запрасілі школьнікаў да супрацоўніцтва, да наведвання нашага афіцыйнага інтэрнэт-сайта. А на памяць аб літаратурным уроку мужнасці «Вечнай памяці слова» школьнай бібліятэцы падораны кнігі сучасных гродзенскіх аўтараў. Госці і гаспадары выказалі надзею на працяг сяброўскіх узаемаадносін. Перавернутая яшчэ адна старонка летапісу нашага жыцця. Пакуль гаворыць памяць, яно будзе працягвацца.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси