Гісторыі ад Дзмітрыя Вінаградава


Гісторыі ад Дзмітрыя Вінаградава

15.12.2024                                                          Новости


У Уздзенскай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылася сустрэча з пісьменнікам, краязнаўцам Дзмітрыем Вінаградавым. Падставай для сустрэчы паслужыў выхад у свет яго новага гістарычнага рамана «Кумир бронзовой птицы». Гэты твор вяртае нас у больш чым паўтаратысячагадовую гісторыю, калі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі з'явіліся першыя пасяленні  славян. Як жылі нашы далёкія продкі (іх заняткі – паляванне, земляробства, бортніцтва, – рэлігійныя перавагі, сямейныя адносіны, міжусобныя войны) – вось асноўныя тэмы рамана.

Перад размовай пра кнігу пісьменнік з дапамогай падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі слайд-прэзентацыі пазнаёміў прысутных з асноўнымі літаратурнымі і гістарычнымі славутасцямі Уздзеншчыны, правёў своеасаблівы краязнаўчы экскурс-падарожжа па найбольш вядомых мясцінах раёна. А потым размова зайшла пра творчасць самаго аўтара. Аб гэтым гаварыў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

– Творчасць Дзмітрыя Леанідавіча – гэта не сухая гісторыя, а цікавая, займальная размова аб нашым мінулым, з якой сучаснай моладзі можна і трэба рабіць пэўныя высновы. А яшчэ яна прывівае моладзі любоў да сваёй краіны і малой радзімы. А новы раман пісьменніка заслугоўвае вылучэння на Нацыянальную літаратурную прэмію, – паведаміў ён.

Сваімі ўражаннямі пра новую кнігу падзяліліся яе першыя чытачы. З пажаданнямі моцнага здароўя, доўгай плённай працы і новых творчых поспехаў звярнуліся да віноўніка падзеі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Лычкоўская, члены Саюза пісьменнікаў Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, Валянціна Шытыка, члены літаб'яднання «Нёманец» Ніна Лятун, Тамара Каляда, Вольга Бокуць-Чабатарова, Ала Шыбко, дырэктар бібліятэкі Аксана Драчан. Павіншавалі Дзмітрыя Леанідавіча з выхадам кнігі яе асноўныя крытыкі – жонка Ганна Адамаўна, з якой жывуць разам 55-ы год, унукі. Упрыгожыла мерапрыемства песнямі пра родны край салістка РДК Вольга Тоўстая.

Прысутныя жадалі пісьменніку і далей заставацца крыніцай аптымізму і цікавым суразмоўцам, аўтарам новых ідэй і твораў.

 

Віктар Сабалеўскі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси