Вечнай памяці слова. Гродзенскія пісьменнікі правялі чарговы ўрок мужнасці


Вечнай памяці слова. Гродзенскія пісьменнікі правялі чарговы ўрок мужнасці

22.12.2024                                                          Новости


19 снежня 2024 года ў Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы адбылася тэматычная акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусілітаратурны ўрок мужнасці «Вечнай памяці слова».

 

Сустрэча з моладдзю стала чарговым мерапрыемствам з шэрагу прысвечаных літаратарамі Прынёмання 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ад абласной пісьменніцкай арганізацыі творчы ўрок мужнасці правялі паэтэсы Кацярына Каламійцава і Вольга Алізар, а таксама паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. Ад навучальнай установы аўдыторыю склалі юнакі-навучэнцы, будучыя ўладальнікі такой неабходнай прафесіі электратэхніка, а таксама бібліятэкары каледжа.

 

 

Акцыя-урок мае некалькі мэтаў. Па-першае, з дапамогай твораў мастацкай літаратуры ў чарговы раз прыцягнуць увагу да трагічных і гераічных старонак гісторыі нашага народа. Гістарычная памяць беларусаў звязана са смуткам і болем ад шматлікіх страт, ахвяр фашызму. Таму мастацкае слова, вобраз, эмоцыя выкарыстоўваюцца як сродкі духоўнага ўзбагачэння, фарміравання пэўнага запасу мужнасці ў нашых маладых суграмадзян. Яшчэ сярод задач цыкла мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі горада Гродна – папулярызацыя сучаснай айчыннай літаратуры (якой недастаткова на старонках падручнікаў) і Саюза пісьменнікаў Беларусі, якому сёлета споўнілася 90 гадоў. Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага» сёлета таксама юбіляр, рыхтуецца адзначыць сваё 85-годдзе.

 

Гісторыя кожнага калектыву, як і кожнай сям'і, кожнай краіны – не проста каляндарныя даты. Гэта сумленнае, беражлівае стаўленне чалавека да свайго мінулага, успрыманне яго ў якасці падмурка для жыцця сённяшняга і рухавіка для імкнення ў будучыню. Без увагі да памяці нельга дасягнуць развіцця – такая асноўная ідэя тэматычнай акцыі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – літаратурнага ўрока мужнасці «Вечнай памяці слова». Вайна пакінула свае смяротна-крывавыя шнары амаль на кожнай беларускай сям'і. Памятаць пра гэта – абавязак кожнага грамадзяніна. Каб кашмар не паўтарыўся, перад святой памяццю загінулых за нашу будучыню беларускае грамадства максімальна ўзмацняе шчыльнасць сваіх шэрагаў. У той час, калі ў вызваленай ад фашысцкіх катаў Еўропе знішчаюць помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, нашым дзядам і прадзедам, у Беларусі шануюць іх неўміручы подзвіг. Менавіта таму ў змесце выступленняў гродзенскіх літаратараў на тэму вызвалення Беларускай зямлі ад фашысцкай навалы так выразна прагучалі сямейныя матывы.

 

 

Паэтэса Кацярына Каламійцава выступіла з дэкламацыяй твораў з разраду ваенна-патрыятычнай і грамадзянскай лірыкі, ідэйную аснову якіх складаюць тэмы дзяцей вайны, пераемнасці пакаленняў і матыў вечнай памяці. …Паэтэса Вольга Алізар склала сваё выступленне з паэзіі на беларускай і рускай мовах. У цэнтры ўвагі аўтара – філасофія непераможнасці жыцця, матыў перавагі светлых сіл чалавечага духу над сіламі цемры, глыбокае вобразнае асэнсаванне ідэалогіі патрыятызму. …Дзмітрый Радзівончык працягвае знаёміць гродзенцаў з нарысам пра свайго дзеда Пятра, ветэрана Вялікай Айчыннай, уладальніка баявых узнагарод, у тым ліку адной з самых паважаных і каштоўных – медалі За адвагу. Сустрэча праходзіла ў фармаце свабоднай сяброўскай гутаркі і выклікала ў маладзёжнай аўдыторыі шчырую зацікаўленасць. Гродзенскія пісьменнікі запрасілі навучэнцаў каледжа на свой афіцыйны сайт і прапанавалі пры неабходнасці ўсебаковую падтрымку. Напрыканцы мерапрыемства госці падзякавалі гаспадарам за ўвагу і апладысменты. У выніку сустрэчы ў фондзе бібліятэкі каледжа з’явіліся новыя кнігі, выдадзеныя Гродзенскім абласным аддзяленнем СПБ. Літаратурны ўрок мужнасці «Вечнай памяці слова» ў Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы скончыўся сумесным фатаграфаваннем і дамоўленасцю працягваць сяброўскія кантакты.

 

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси