
24.12.2024 Новости
Трынаццатага снежня настане першы дзень нараджэння, у які мы не сазвонімся з імяніннікам, не прыгадаем, як хораша працавалася разам над часопісам “Вясёлка” (а шчыравалі над гэтым выданнем разам з Міколам Аляксандравічам Маляўкам ні многа ні мала – шаснаццаць гадоў).
Шмат кніг з аўтографамі Міколы Маляўкі ёсць на маіх кніжных палічках. Да некаторых маю дачыненне – была і карэктарам, і рэдактарам. Ёсць і апошняя, кніга паэзіі, выдадзеная ў традыцыях нашага часу – тыражом 50 экзэмпляраў, “У райскім садзе і ў жыцці”. У анатацыі пазначана: “Гэта паэтычны свет лірычнага героя: райскі сад яго надзей-мар – і рэальнае жыццё, час ад часу затуманенае навальнічнымі хмарамі ў небе і рознымі стрэсамі на зямлі”. І асобна – “Сыходзячы да продкаў, думаў пра нашчадкаў”.
Рыхтуючы яе, паэт намагаўся сказаць самае важнае, пакінуць нам тое, што лічыў найкаштоўнейшым багаццем:
…Абыдуся без тэлевізара,
Абыдуся без ноутбука,
Абыдуся без планшэта,
А без кнігі –
Не:
Гэта
Скарб адзіны
Ў мяне.
(“Кніга”)
Мікола Маляўка не скардзіўся ні на памер тыражоў, ні на колькасць выданняў, якія ўпрыгожвае яго прозвішча. Аўтар кніг паэзіі і прозы для дарослых і дзяцей: “Едуць маразы”, “Лотаць”, “Дар”, “Эстакада, “Аднавякоўцы”, “Зімні дождж”, “Ручнічок на крыжы”, “Покуць”, “Салодкі лядзяш”, “Папялушка”, “Сядзіба, або Хата з матчынай душою”, “Старая зямля”, “Божы засценак”, “Ой, бярозы ды сосны…”, “Дзічка ў полі”, “Коласаў абярэг”, “Крыштальная галінка снегападу”, “Беражыце Шыпшыну”, “Нябесны фатограф” і інш. Шчаслівы паэтычны лёс меў жыватворную крыніцу: любоў да радзімы, захапленне прыгажосцю нёманскіх хваляў і бароў. (Нарадзіўся 13 снежня 1941 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.)
Першы раздзел выдання “Час збіраць камяні” (вершы, санеты, міфы) пачынаецца з самага дарагога сэрцу – вершаў, прысвечаных хараству роднага краю, куды птушкі “нясуць на крылах вясну”, дзе “кожнай клетачкай дыхае / Завязь яблынь, вішань і сліў”, гучыць “Песня шчырая ─ з усмешкай / І слязінкамі ў вачах”. І галоўнае, людзям, якія спаткаліся на жыццёвым шляху:
За кожным вершам бачу чалавека,
Жывога ці сышоўшага ў нябыт.
У яго радках зноў ажываюць і аднавясковец – слынны Якуб Колас, і аднакурснік Васіль Макарэвіч, і сабрат па пяры Алесь Пісьмянкоў, з якім мелі найпершы клопат “Не проста доўжыць век, / А – думаць вершы”.
Пранізліва гучаць радкі:
Даўно нікому не званіў.
Маўчыць і мой мабільнік.
Імёны тых, каго любіў,
На помніках магільных.
Ды заставаліся са мной
У святцах кніжкі запісной,
Жалобаю замглёныя,
Жывыя адрасы,
Жывыя тэлефоны
Сяброў,
Настаўнікаў маіх –
Духоўна блізкіх,
Дарагіх.
(“Кніжка запісная”)
Яны перажылі разам ваеннае ліхалецце і пасляваенную нішчымніцу:
Вайны не помню – кадрыкі адны,
Бо нарадзіўся ў сорак першым годзе,
Калі вайна грымела ўжо на ўсходзе.
Я перажыў вайну пасля вайны:
Галечу ў хаце, холад ледзяны,
А цёплым летам, пры грыбным абходзе,
Снарады грозныя ў зямлі знаходзіў, ─
І нас, дзяцей, калечылі яны.
(“Вайны не помню – кадрыкі адны”)
Ваеннай тэматыцы прысвечаны раздзел “Вечны агонь”, дзе чытач не зможа не спачуваць героям твораў “Балада пра забітую вёску”, “Балада пра калыханку”, “Балада пра непрыкаяную душу”, “Балада пра баявы экіпаж”…
Цяпер з ветэранамі песні
Спяваю, бывае, адны
І я – пасівелы равеснік
Вялікай Айчыннай вайны.
(“Равеснік вайны”)
Паэт лічыць вайну самым вялікім злом на зямлі:
Магілы зарастуць травой,
Ды слёз не выплачуць сіроты ─
Без сілы бацькавай жывой,
Без спеўнай матчынай пяшчоты.
У будучым за грэх вайны
І пакаянне не паможа:
Ёсць прыжыццёвы суд зямны
І суд вышэйшы самы – Божы.
(“І пакаянне не паможа”)
Але яго сэрца не пакідае вера ў свой народ, за які паэт моліцца ўсёй душою:
…Ды карэньчыкі моцныя выжывуць
І на палетках, сцюжаю скутых.
Закрасуюць, нальюцца азімыя
Жыватворнаю хлебнаю сілай,
Толькі б неба над нашай Радзімаю
Не зацьміла вайна…
(“Божа мілуй!”)
Але ж у кнізе Міколы Маляўкі, як і ў звычайным жыцці, ёсць час аддаць даніну памяці і ёсць час радавацца жыццю, кахаць, рабіць падарункі любімым. Паэт раіць чытачам, калі хочуць застацца ў памяці блізкіх: “Дык падарыце проста / Ўсмешку / Ці слязу”, менавіта яны “Не знікнуць пад дажджом і снегам, / Запаўшы ў памяць, не завянуць, – / А прыжыццёвым абярэгам / Яны для спадчыннікаў стануць”.
Падзяліся ўсмешкай, чалавеча,
Як вясёлкаю з нябёс.
На зямлі не рай:
Мы ўсе не вечныя,
А ў жыцці –
Хапае слёз.
(“Падзяліся ўсмешкай”)
І Мікола Аляксандравіч не паскупіўся пакінуць нам пад яркай вокладкай не толькі вершы, санеты і балады, прытчы і міфы, у раздзелах “Старыя акуляры”, “Памінкі па жывому”, “Людзей слухай, а свой розум май” знойдуцца і байкі, гумарэскі і казкі, з якімі добра знаёмы беларускі чытач.
Але на схіле гадоў яго погляд не губляе вастрыні, яго радкі скараюць філасофскай глыбінёй:
Гляджу, прызямліўся ў двары верабейка –
Адзіны наведнік без маскі.
(“Верабейку спагаднаму дзячу”)
Жыццё ўсё, лічы, за плячыма.
Гляджу, як з паніклых бяроз
Апошняе лісце, магчыма,
У мой асыпаецца лёс.
(“…Ці вернецца лета?..”)
Ён ведаў, што гэта кніга будзе апошняй. Пазначыў, які даць верш пад партрэтам на вокладцы:
За корань жыцця на зямлі
Трымаюся сэрцам, вачыма:
У вечнасць бацькі адышлі,
А ты засталася, Радзіма!
І ў рукапісе дадаў вялікімі літарамі радок: “УСЁ УСЁ УСЁ”.
Але яго гутарка з намі з паэтычных старонак спакойная і роўная:
Так, адлятаючы ў вырай,
На лёс свой
У небе
Не скардзяцца журавы.
(“Эпітафія”)
Спадзеючыся, што апошнія словы дойдуць да чытацкіх сэрцаў, ён завяшчае нам, нашчадкам, чытаць класікаў, “Каб акрыяць душою, стаць чысцей”; “У час застою і надзей, / У час яднання і любові / Спявайце для сваіх людзей /І як часцей – на роднай мове!”, “Каб пацяплела і зімой / Ад вашых песень салаўіных”.
Міколу Аляксандравіча пахавалі разам са зборнікам, які ён так і не паспеў патрымаць у руках.
…Даруйце, непрачытаныя кнігі,
Што не паспеў дайсці да вас я, ціхі.
І вы даруйце мне, героі кніг –
Юнацтва цвет і мудрацы старыя, –
Не ўбачыў вас сярод сяброў сваіх,
Спрыяйце тым, хто заўтра вас адкрые.
(“Даруйце, непрачытаныя кнігі”)
Разгарнем жа апошняе пасланне паэта, кнігу “У райскім садзе і ў жыцці” – і няхай у нашых сэрцах загучыць яго голас.
Вольга Паўлючэнка.
Фота: ВЯСЁЛКА з архіва аўтара – супрацоўнікі “Вясёлкі”(стаяць (злева направа) Яўген Аляксеевіч Ларчанка, Галіна Пятроўна Нішчык, Вольга Міхайлаўна Паўлючэнка, Мікола Аляксандравіч Маляўка, Мікола Мікалаевіч Чарняўскі, сядзяць Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, Тамара Сяргееўна Тарасава, Тамара Аляксееўна Ткачэнка), 1990-я;
На Дні пісьменства - фота Яўгена Пясецкага – Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме 2019 г. (у цэнтры В. М. Паўлючэнка, М. А. Маляўка, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, У. М. Мазго)
ММКВК - фота Кастуся Дробава – падчас ММКВК 2011 г.
Вокладка зборніка Міколы
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси