
24.12.2024 Новости
ЛІДА. Апошняя ў 2024 годзе літаратурная гасцёўня «Выхад у свет» у краме «Книжный мир» традыцыйна сабрала літаратараў, аматараў мастацкага слова і стала выдатным падарункам для ўсіх, хто яе наведаў. На фінішы года дадзены старт цыклу сустрэч з членамі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
21 снежня перад лідчанамі выступілі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможцы Абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча – паэтэса, публіцыст Тамара Мазур і паэтэса, празаік, публіцыст Таццяна Лашук. Прадставіў калег гродзенскі рэзідэнт літаратунай гасцёўні, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. Дата мерапрыемства супала з 19-й гадавінай утварэння Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ.
Паміж лідскімі і гродзенскімі пісьменнікамі ўсталяваліся цёплыя сяброўскія ўзаемаадносіны. Апошнім часам тут паспелі прадэманстраваць сваю творчасць нямала цікавых, таленавітых гасцей з абласнога цэнтра. Створаную лідскімі паэтамі Русланам і Святланай Піваваравымі пляцоўку для творчых сустрэч пісьменнікаў і чытачоў у чарговы раз наведаў кіраўнік Лідскага раённага літаратурнага аб’яднання «Суквецце», паэт Уладзімір Глінін. Нагадаем, што на сённяшні дзень кнігарня «Книжный мир» у цэнтры Ліды – адзінае ў Гродзенскай вобласці прадпрыемства гандлю, на базе якога праходзяць літаратурныя сустрэчы.
У кастрычніку 2024 года адзін з заснавальнікаў літгасцёўні, вядучы сустрэч, лідскі паэт Руслан Півавараў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэтая акалічнасць стала адной з прычын, якімі тлумачыцца рашэнне даць старт цыклу сустрэч з прадстаўнікамі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Пачалі з запрашэння ў літгасцёўню пераможцаў сёлетняга абласнога конкурсу рукапісаў, якому арганізатарамі – упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама прысвоена імя «песняра чыстае красы» Максіма Багдановіча.
Адыходзячы год быў юбілейным і даволі плённым для Тамары Мазур. Пабачылі свет адразу тры новыя кнігі Тамары Міхайлаўны: «Стихия стихотворения» і «Васількі на світанні». А нараджэннем кнігі для дзяцей «Алфавітныя прыпынкі дзяўчынкі Літарынкі» паэтэса абавязана перамозе ў абласным конкурсе рукапісаў (намінацыя «Дзіцячая літаратура»). Тамара Мазур – вядомы ў рэспубліцы журналіст, стаяла ля вытокаў цэлага шэрагу рэспубліканскіх перыядычных выданняў, шмат гадоў аддала працы ў рэгіянальных газетах. Слова стала для паэткі справай усяго жыцця. Выступленне нашай калегі па СПБ змясціла экскурс у біяграфію і творчую лабараторыю пісьменніцы, цікавы аповяд пра рэалізацыю яе творчых задум на дадзеным этапе, пра яе філасофію жыцця ў літаратуры. Аўтар кніг пазнаёміла слухачоў з іх ідэйным зместам. І вядома, прагучала паэзія Тамары Міхайлаўны на сакавітай беларускай мове, а таксама ў перакладзе на рускую. Наша калега з асалодай цытавала сваіх любімых беларускіх паэтаў – Максіма Багдановіча і Яўгенію Янішчыц. Выступленне члена СПБ, паэтэсы, публіцыста Тамары Міхайлаўны Мазур у снежаньскай літаратурнай гасцёўні лідскімі аднадумцамі было ўспрынята «на ўра». Можна не сумнявацца ў тым, што творчая сустрэча ў Лідзе для гэтага аўтара далёка не апошняя. Зусім наадварот, – пакладзены пачатак сапраўднаму трываламу сяброўству.
Таццяна Лашук нарадзілася ў Лідзе. Член СПБ, пісьменніца-педагог перамагла ў намінацыі «Проза» Абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча, але сваё выступленне пачала з верша. Ураджэнка Ліды падарыла светлае лірычнае прысвячэнне свайму роднаму гораду, яго жыхарам і багатай на падзеі гісторыі. Менавіта гістарычная навука прывяла педагога, настаўніцу гродзенскай гімназіі № 3 імя Вольгі Соламавай Таццяну Ігараўну Лашук на пісьменніцкую сцяжыну. Творца пазнаёміла аўдыторыю са спектрам сваіх інтарэсаў і тэматычным дыяпазонам творчасці, пералічыла некаторыя свае публікацыі і дасягненні, галоўным з якіх, напэўна, можна назваць перамогу ў галоўным літаратурным спаборніцтве Прынёмання, хаця ў багажы пісьменніцы маюцца ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Таксама адбылася прэзентацыя кніг Таццяны Лашук, у тым ліку, зборніка гістарычнай прозы «Конфетти», рукапіс якога стаў пераможным. Выступленне члена СПБ Таццяны Лашук сустрэла шчырую зацікаўленасць і нават справакавала цікавую гістарычна-культуралагічную дыскусію. Сапраўдным арыгінальным перфомансам стала дэкламацыя паэткай аўтарскай нізкі твораў з абласнога альманаху «На Нёманскай хвалі» ў старажытнай жанравай форме ўсходняй паэзіі – хоку.
На гэты раз многае было па-новаму, упершыню. Так, упершыню сярод гасцей толькі члены СПБ. Упершыню ў кніжным магазіне ў цэнтры Ліды выступілі прадстаўнікі некалькіх раёнаў Прынёмання, ураджэнцы Ліды і Ваўкавышчыны. Менавіта на Ваўкавышчыне нарадзілася Тамара Мазур, якая сёння прадстаўляе горад-спадарожнік Скідзель (Гродзенскі раён), дзе пастаянна жыве, і горад Масты, у якім вельмі часта бывае і праводзіць шмат часу. Атрымаўся свайго роду міні-фестываль рэгіянальнай літаратуры. Снежаньскае выступленне членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Лідзе выклікала яркія ўражанні ў мясцовых знатакоў мастацкага слова. Шчырая чалавечая дабрыня, сардэчная цеплыня, увага і павага з боку гаспадароў і арганізатараў сустрэч да ўсіх без выключэння гасцей сталі адметнымі рысамі літаратурных сустрэч у Лідзе. Прыемна, што снежаньскую літаратурную гасцёўню «Выхад у свет» наведалі родныя і бацькі Таццяны Лашук. Ініцыятары праекта Руслан і Святлана Піваваравы падарылі пісьменніцам кветкі.
Працягнулі працу літаратурнай гасцёўні гаспадары, літаратары і аматары мастацкага слова з Ліды: Уладзімір Глінін, Васіль Гаргуль, Людміла Русь, Ніна Кобец, Таццяна Цярэня, Вольга Высоцкая, Алена Несцерава, Руслан і Святлана Піваваравы. Тэмы выступленняў адлюстроўвалі душэўны настрой людзей, у якім змяшаліся чаканне навагодніх цудаў, набліжэнне зімовых святаў і трывога за лёс Айчыны ў неспакойным свеце, любоў да роднай зямлі і гарманічная інтэграванасць беларускай культуры ў сусветную культурную спадчыну. Гучалі імёны Францыска Скарыны, Аляксандра Пушкіна, іншых славутых асоб. Хвілінай маўчання прысутныя ўспомнілі таленавітага лідскага паэта, былога кіраўніка раённага літаб’яднання «Суквецце» Аляксандра Мацулевіча, які нечакана, заўчасна пайшоў з жыцця год таму. Гаспадары выказвалі свае думкі пра творчасць гасцей, дзяліліся сваімі поглядамі на мастацтва і жыццё. Як заўсёды, прагучалі планы на бліжэйшую будучыню і анонсы некаторых літаратурных падзей. Было сказана і пра грандыёзнае свята – Дзень беларускага пісьменства, мерапрыемствы якога Ліда будзе прымаць у 2025 годзе.
Снежаньская сустрэча ў літаратурнай гасцёўні «Выхад у свет» (г. Ліда, крама «Книжный мир») з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі прайшла сапраўды па-саюзнаму. Атмасфера сустрэчы нагадала адчуванне дружнай сям’і, дзе для кожнага знойдзецца порцыя ўвагі, душэўнага цяпла, добрае слова, светлая думка. Калі мы вымаўляем слова «саюз» у назве нашай арганізацыі, усё часцей маецца на ўвазе адзінства людзей, згуртаваных вакол ідэі стваральнай працы, чалавечнасць, якую нічым не замяніць.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси