
27.12.2024 Новости
Падведзены вынікі другога этапу Міжнароднага праекта «Славянскі вянок: гістарычнае і культурнае адзінства славянскіх народаў». Напярэдадні выніковай канферэнцыі адбыўся ІІ Міжнародны маскоўскі фестываль «Мы патрэбны адзін аднаму», арганізаваны Інстытутам моў і культур імя Льва Талстога і Міжнародным цэнтрам славянскіх моў і культур «Созвучие». Мерапрыемства прайшло ў Маскоўскім доме нацыянальнасцей.
Удзельнікі фестывалю з Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Славацкай Рэспублікі, Сербіі, Севернай Македоніі, некаторых рэгіёнаў Расіі далучыліся да фестывалю анлайн. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся рэктар інстытута імя Льва Талстога Марыя Ціхонычава, кіраўнік Міжнароднага цэнтра славянскіх моў і культур «Сугучча» Наталля Бандарэнка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніжнік (Кандрашук), дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева Алена Брыцкая, супрацоўнік Школы рускай мовы Алена Дземчак (Северная Македонія), старшыня міжнароднага таварыства «Slavica» Мілаш Зверына і яе намеснік, перакладчык, пісьменнік Яўгеній Пальцаў (Славацкая Рэспубліка) і іншыя.
Амаль усе ўдзельнікі фестывалю – вучні і студэнты розных краін. У праграме – вершы класікаў і сучасных аўтараў славянскіх літаратур, народныя і сучасныя песні, народныя танцы славянскіх народаў. Прагучалі творы на рускай, балгарскай, украінскай, сербскай і беларускай мовах, у тым ліку вершы Пятруся Броўкі, Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, а таксама цяперашніх членаў СПБ Лёлі Багдановіч і Наталлі Кандрашук; апошняя выканала верш асабіста.
На працягу 2022–2024 гадоў у праекце ўдзельнічалі болей за 3500 навучэнцаў з Расіі, Рэспублікі Сербскай, Севернай Македоніі, Славацкай Рэспублікі, Рэспублікі Сербіі і Рэспублікі Беларусь. Што датычыцца нашай краіны, то актыўнымі былі ўдзельнікі з Мінска, Слуцка, Шклова, Гомеля, Кобрына, Барысава і іншых беларускіх рэгіёнаў.
Ніна Пятроўская
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси