СТАНОЎЧАЯ АДЗНАКА ЗА СТАРАННАСЦЬ І ЯКАСЦЬ


СТАНОЎЧАЯ АДЗНАКА ЗА СТАРАННАСЦЬ І ЯКАСЦЬ

29.12.2024                                                          Новости


 У абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна прайшоў справаздачны сход абласной пісьменніцкай арганізацыі. З дакладам аб выніках дзейнасці выступіў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

Як адначалася, творчы калектыў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” працаваў у адпаведнасці са Статутам грамадскага аб’яднання, выконваючы рашэнні 25 з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, Прэзідыума СПБ, рэалізуючы шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі мастацкай літаратуры на тэрыторыі Гомельшчыны. І вынікі гэтай працы дастаткова значныя.

У ліку галоўных задач, якія вырашаліся пісьменніцкай суполкай ў 2024-ым, адзначалася паспяховае стварэнне высокамастацкіх, глыбокіх па змесце твораў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне дзяцей, моладзі. Адзначалася, што кожны пісьменнік аддзялення разглядае мастацкую літаратуру і створанае як магутны сродак ідэйна-палітычнага маральнага выхавання ў духу перадавых грамадскіх ідэалаў, адпаведна больш увагі ў сваёй творчасці і грамадска-культурнай дзейнасці надае тэмам генацыду беларускага народу і ўшанаванню памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

– Пісьменнікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі стварылі ў зыходзячым годзе,  выдалі ў тым ліку і на рэспубліканскім узроўні, 41 мастацкую кнігу агульным накладам каля 30 тыс. экз. Гэта адбылося ўпершыню за апошнія 20 гадоў. Прычым практычна ўсе творы – грамадзянскай, патрыятычнай тэматыкі, – падкрэсліў выступоўца.

Больш таго, рэгіянальныя творцы даказалі, што здольны ствараць высокаякасныя мастацкія творы, якія карыстаюцца  папулярнасцю ў чытача. Так, упершыню ў гісторыі аддзялення больш 10 кніг гомельскіх пісьменнікаў выйшлі ў сталіцы краіны накладам ад тысячы і больш асобнікаў. А гэта – сур’ёзны поспех. Бо калі ёсць адпаведнага ўзроўню мастацкія творы, у тым ліку патрыятычнага накірунку, творцу як ідэолагу альбо, прасцей кажучы, генератару душ, ёсць з чым ісці і весці гаворку аб самым важным у нашым жыцці з дарослым і асабліва юным чытачом, гаворкуаб Радзіме, аб патрыятызме і чалавечнасці, аб захаванні памяці пра подзвіг дзядоў і прадзедаў, аб усеагульным і такім патрэбным нам усім міры, які дазволіць удасканальваць і  развіваць нашу беларускую дзяржаву.

На думку кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі, выдатныя творы на рэспубліканскім узроўні выйшлі з-пад пяра Соф’і Шах, Яўгена Калашнікава, Наталлі і Максіма Шастаковых, Наталлі Канопліч і Андрэя Мацвеенкі, па-новаму, з асаблівай глыбінёй адкрыліся чытачу Аляксей Бычкоў і Лілія Вялічка, Аляксандр Каляды і Міхась Слівы, і іншыя аўтары. Да 80-годдзя Перамогі ў выдавецтве “Беларусь” выйшла і новая кніга прозы Уладзіміра Гаўрыловіча “Адкрывай сваё сэрца”. Парадавала дыхтоўнай прозай, надрукаванай у беларускіх і расійскай перыёдыцы, Валянціна Кадзетава, а малады аўтар Яніна Бёраснёва плённа шчыруе ў фантастычным жанры, выдаецца дома і ў Расіі. Сапраўдным адкрыццём года стаў малады празаік-казачнік Юрый Ціцюра…

Бадай што самая вялікая ўвага пісьменніцкай супольнасці сёлета скіроўвалася на правядзенне  патрыятычных мерапрыемстваў, накіраваных на ідэалагічнае выхаванне праз літаратуру сумесна з установамі культуры і адукацыі, арганізацыямі. Гэтыя падзеі, творчыя акцыі і нават фестывалі прысвячаліся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захорнікаў, Году якасці, Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне.

На высокім творчым уздыме прайшлі ў рэгіёне арганізаваныя абласной суполкай пры падтрымцы органаў улады, устаноў культуры і арганізацый 19 Міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі”, 5 Рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, дзве Дэкады сучаснай патрыятычнай літаратуры,  9 творчых семінараў, прысвечаных Году якасці, 11 конкурсаў з агульным удзелам звыш 5,5  тысяч  удзельнікаў. У гонар выдатных творцаў - члена аддзялення СПБ, расійскага паэта Л.Ю.Севера і пісьменніка-земляка М.І.Мятліцкага праведзены міжнародны конкурс паэтычных перакладаў “Сожскія берагі дружбы”. Арганізавана звыш 1,4 тысяч выступленняў гомельскіх творцаў у розных аўдыторыях.

  У бягучым годзе абласным аддзяленнем шмат зроблена і дзеля захавання памяці  класікаў-землякоў. Так, з нагоды юбілею І.К.Сяркова, праведзены абласны літаратурны конкурс яго памяці. Кіраўніцтва абласнога тэлеканала падтрымала пісьменніцкую ініцыятыву па стварэнню мемарыяльнай дошкі на будынку абласнога тэлебачання, і гэтая ініцыятыва была ажыццёўлена. Больш таго,  калегамі створаны музей-кабінет Івана Кірэевіча, зняты дакументальны фільм.

Памяці Міколы Гамолкі, Анатоля Караленкі таксама былі прысвечаны творчыя конкурсы. Прысвоены абласныя літаратурныя прэміі імя А.П.Капусціна і І.К.Сяркова, уладальнікамі якіх сталі Мікалай Дзямчыхін і Мікалай Ждановіч.

Абласным аддзяленнем праведзены міжнародны літаратурны конкурс, прысвечаны памяці І. Р. Катлярова. Сёлета адзінаццацікласнікі СШ №12 г.Светлагорска сталі першымі выпускнікамі школы імя паэта, празаіка, журналіста, крытыка, мастацтваведа, перакладчыка, грамадскага дзеяча і ганаровага грамадзяніна Светлагорска. Літаратурны і жаночы гераізм праявіла наша калега і спадарожніца жыцця Ізяслава Рыгоравіча – С.М. Шах, якая стварыла вялікі летапіс жыцця выдатнага творцы – кнігу яго памяці на 600 старонках.

З нагоды 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі шэраг творцаў аддзялення быў адзначаны граматамі і падзякамі, а таксама памятнымі знакамі да “80-годдзя вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і медалямі “100 гадоў Расулу Гамзатаву”.

Відаць, што самым дарагім падарункам для літаратараў на прайшоўшым сходзе  сталі творчыя працы школьнікаў, намаляваныя па матывах твораў паэтаў і празаікаў вобласці.

Творчы актыў рэгіёна абмеркаваў вынікі сваёй працы і намеціў планы на будучыню. Запланаваны шматлікія акцыі, форумы, увогуле праца літаратараў будзе скіравана на папулярызацыю кнігі і чытання, стварэнне высокамастацкіх твораў, прысвечаных міру і згодзе ў беларускім грамадстве.

 

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час справаздачнага сходу ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси