З людзьмі, дзеля людзей і Радзімы…


З людзьмі, дзеля  людзей і Радзімы…

15.01.2025                                                          Новости


Першая ў гэтым  годзе сустрэча ў рамках літаратурнага праекта «Павольныя чытанні» прайшла ў Брэсцкай гарадкой бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Арганізатар сустрэчы – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчыцца аддзела абслугоўвання Ірына Фаміна запрасіла за «круглы стол» удзельнікаў краязнаўчага аматарскага клуба «Берасцейцы», а галоўным героем імпрэзы стаў паэт, заслужаны журналіст Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканама імя Ул.Калесніка Георгій Тамашэвіч.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч распавяла пра жыццёвы і творчы шлях шаноўнага паэта і пазнаёміла аўдыторыю з  літаратурна-мастацкім выданнем «Анёл над Брэстам», якое ўбачыла свет  перад святкаваннем 1000-годдзя абласнога цэнтра. У аснове кнігі – вянок санетаў. Рэдактарам, натхняльнікам альбома стаў літаратуразнаўца, аўтар манаграфіі «Беларускі санет: Ля вытокаў жанра» Уладзімір Сенькавец.   Падчас літаратурнага пасяджэння  Уладзімір Сенькавец расказаў пра гісторыю ўзнікнення санетаў, раскрыў гісторыка-тэарэтычныя пытанні станаўлення і развіцця нацыянальнага санета, засяродзіў увагу  на сутнасці кананічнага напісання твора ў гэтым жанры і адзначыў, што Георгій Сцяпанавіч першы, хто прысвяціў Вянок санетаў роднаму Брэсту.

Па традыцыі прысутныя разам прачыталі літаратурны твор, пасля чаго  паэту задалі шэраг пытанняў пра ролю асобы ў гісторыі і дарогі станаўлення яго як творцы, журналіста, грамадзяніна. Георгій Тамашэвіч прызнаўся, што на напісанне твора яго  натхніла прыгажосць роднага горада,  працавітасць людзей, якія займаюцца добраўпарадкаваннем абласнога цэнтра, што яму вельмі прыемна бачыць любімы горад, які,  пераадолеўшы складанасці тысячагадовай  гісторыі, сёння знаходзіцца ў росквіце, прыцягвае ўвагу сваёй прыгажосцю, велічнасцю, душэўнай цеплынёй брастаўчан.

Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси