Да 80-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці. Альманаху «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» – 60!


Да 80-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці. Альманаху «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» – 60!

16.01.2018                              Новости


У 2018 годзе спаўняецца 80 год Віцебскай вобласці. Віцебшчына – край з багатай гісторыяй, маляўнічымі краявідамі, працавітымі жыхарамі. Не раз гэты прыгожы куточак беларускай зямлі быў зруйнаваны, але зноў і зноў адраджаўся да жыцця. Віцебшчына дала свету мноства цудоўных мастакоў, таленавітых пісьменнікаў, музыкантаў, вынаходнікаў. Менавіта людзі – сапраўдны гонар і скарб Віцебскай зямлі.

Святочнай вечарынай у гонар 80-годдзя Віцебскай вобласці распачаўся цыкл мерапрыемстваў, што будуць наладжаны ў Віцебскай абласной бібліятэцы на працягу 2018 года. Прысутных прывітаў і павіншаваў са значнай датай у гісторыі вобласці начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў. Вехі гісторыі Віцебшчыны прагучалі ў выступленні старшыні Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамары Красновай-Гусачэнка.

У знамянальным для Віцебшчыны 2018 годзе адзначае сваё 60-годдзе літаратурна-мастацкі альманах «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная». У далёкім 1958 годзе літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы» выпусціла ў свет першы выпуск «Дзвіны». Сярод аўтараў першага выпуску альманаха былі Артур Вольскі, Алесь Савіцкі, Янка Журба, Уладзімір Караткевіч,  Мікалай Дарафеенка і інш. Студэнтаў і рабочых, пісьменнікаў і журналістаў, людзей розных узростаў і розных прафесій сабрала пад адной вокладкай «Дзвіна». Для многіх з аўтараў альманах стаў першай прыступкай да шляху ў вялікую літаратуру. У альманаху «Дзвіна» друкавалі свае творы Алег Салтук, Мікалай Намеснікаў, Барыс Беляжэнка, Ніна Давыдзенка,  Тадзіяна Кляшторная… Рэдактарамі альманаха ў розныя гады былі Мікола Спаткай, Леанід Крэскіян, Алег Салтук, Франц Сіўко, Тамара Краснова-Гусачэнка.

У 2017 годзе пабачыў свет новы, 6 выпуск «Дзвіны». Рэдактар і ўкладальнік альманаха Тамара Краснова-Гусачэнка прачытала ўдзельнікам вечара свае новыя вершы і дала слова аўтарам альманаха. Перад прысутнымі выступілі паэты Галіна Загурская, Ірына Радзіхоўская, Пётр Буганаў, Алена Крыклівец, Алена Фядзяева., Уладзімір Папковіч.

Святочная вечарына была аздоблена цудоўным выступленнем народнага ансамбля музычных інструментаў «Кантраст».

Ларыса РАГАЧОВА,

загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры

Віцебкай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна