
20.01.2025 Новости
20 студзеня 70-гадовы юбілей сустракае вядомы паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік Анатоль Зэкаў.
Анатоль Мікалаевіч нарадзіўся ў 1955 г. у вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК УЛКСМ (Масква). Працаваў у рэдакцыі гомельскай раённай газеты “Маяк”, у райкаме камсамола ў Гомелі, у ЦК ЛКСМБ у Мінску, у рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Кніга і мы”, часопісаў “Полымя”, “Вясёлка”, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Узначальваў мінскую гарадскую газету “Добры вечар” (1990 ‒ 1996), штотыднёвік “Сталіца”, “Беларускую лясную газету” (1997 ‒ 2002), часопіс “Вожык” (2002 ‒ 2005).
Першы верш апублікаваў у газеце “Піянер Беларусі” ў 1969 годзе. Аўтар многіх кніг паэзіі, прозы, гумару, дзіцячай літаратуры. Сярод іх ‒ “Боль сумлення” (1989), “Промнік позірку твайго” (2008), “Вясельнае падарожжа ў Стамбул” (2000), “Генеральскі нумар” (2011), “Замарожаныя пачуцці” (2015), “Зязюля Гулюля” (2011), “Селі хмаркі на вярбу” (2018) і інш. Анатоль Зэкаў напісаў лібрэта спектакля “Жыццё і смерць Янкі Купалы”, які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. На яго вершы створана шмат песень.
Ён з’яўляецца лаўрэатам літаратурных прэмій “Залаты Купідон” (2007), імя Васіля Віткі (2009), імя Янкі Маўра (2021). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019). Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.
Калегі па творчасці віншуюць шаноўнага Анатоля Мікалаевіча з высокім юбілеем, жадаюць моцнага здароўя, творчага даўгалецця і вялікага чалавечага шчасця!
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси