
21.01.2025 Новости
У Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адбыўся юбілейны вечар члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіны Загурскай “Шчыруе душа”. Галіна Загурская многа гадоў была рэдактарам народнага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”, якое было створана пры гэтым Цэнтры, і да гэтай пары не парывае сувязі з “Наддзвіннем”, старэйшым літаратурным аб’яднаннем Віцебшчыны. Наддзвінцы і ладзілі гэтую літаратурную вечарыну, а вяла яе старшыня літаб’яднання Валянціна Сопікава. Прысутнічалі на вечары і іншыя прыхільнікі паэзіі і ўласна творчасці Галіны Загурскай.
Дырэктар Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Алеся Ступакова ўручыла Галіне Загурскай Ганаровую грамату аддзела культуры Полацкага райвыканкама і ад свайго імя падзякавла паэтэсе за яе творчасць.
Было сказана многа добрых слоў у адрас юбіляркі, а яна сама цікава расказала пра сваё роднае мястэчка Лявонпаль, якое багата на гістарычныя помнікі, пра сваіх бацькоў, цікавых і добрых людзей, паказала адпаведныя слайды.
На гэтай вечарыне адбылася і прэзентацыя кнігі Галіны Загурскай “Жывуць у Полацку стагоддзі…”, якая толькі што выйшла з друку. Кніга прысвечана Полацку, яго гісторыі і тым асобам, якія ў свой час жылі ў гэтым горадзе і многа зрабілі для станаўлення нашай дзяржавы. Вершы чытала і сама юбілярка, і яе слаўная памочніца Ірына Еўдакімовіч.
Усе малюнкі да кнігі зрабіла Галіна Загурская, а іх у кнізе нямала.
Выданне можа паслужыць добрым сувенірам для гасцей горада.
Песню на верш юбіляркі “Душа-званіца” выканала даўні сябар аб’яднання Ядвіга Аўласенка.
Прыгожае паэтычнае віншаванне прысвяціў Галіне Загурскай выдатны паэт-наддзвінец Віталь Шалаеў, а Наталля Літвінава прысвяціла ёй аж два акравершы. Людміла Фёдарава хораша выканала свае песні на вершы Галіны Загурскай, а яшчэ па яе просьбе праспявала і сваю песню “Вуліца Крыжовая”. Як заўсёды, свой гумарыстычны верш прысвяціў юбілярцы Уладзімір Куц.
Віншавалі Галіну Загурскую і сябры клуба самадзейных мастакоў “Белае палатно”, бо паэтэса з'яўляецца сябрам і гэтага аб’яднання.
У сваёй кнізе пра Полацк Галіна Загурская змясціла нарыс “Маё “Наддзвінне”. У канцы ўрачыстасці яна расказала пра сам нарыс і паказала цікавыя слайды з жыцця “Наддзвіння”.
Прысутныя на ўрачыстасці палачане падзякавалі Галіне Загурскай за цікавы вечар і пажадалі ёй новых творчых поспехаў.
Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси