Настасся Нарэйка сустрэлася з пагранічнікамі


Настасся Нарэйка сустрэлася з пагранічнікамі

21.01.2025                                                          Новости


19 студзеня пісьменніца, паэтка, журналіст Настасся Нарэйка правяла дзве творчыя сустрэчы з ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага.

Спярша ў вялікай актавай зале клуба слухачамі госці сталі прадстаўнікі падраздзяленняў забеспячэння і ваеннаслужачыя, якiя праходзяць падрыхтоўку ў Цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю Інстытута пагранічнай службы.

Настасся Мікалаеўна расказала пра сваю творчасць, работу ў раённай газеце «Навіны Камянеччыны» і Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Асобна пісьменніца спынілася на новым калектыўным зборніку «Вазьмі сваю свяцільню», што зусім нядаўна пабачыў свет у выдавецтве «Аверсэв». У яго ўвайшлі апавяданні Настассі Нарэйкі, а таксама твор бібліятэкара клуба, маладога празаіка, пераможцы шматлікіх літаратурных конкурсаў Аляксандры Кароль, якая стала вядучай мерапрыемства.

Тыя з удзельнікаў сустрэчы, хто задаў госці самыя цікавыя пытанні, а таксама лепшыя знаўцы беларускай мовы атрымалі ад госці невялікія падарункі.

Далей Настасся Нарэйка і Аляксандра Кароль выправіліся ў госці да ваеннаслужачых Цэнтра інжынернага забеспячэння. Другая па ліку сустрэча ў гэты студзеньскі дзень стала не менш душэўнай за папярэднюю. Прыемна гутарыць з тымі, хто шчыра цікавіцца!

Дарэчы, Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э. Дзяржынскага даўно і плённа супрацоўнічае з Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, ладзячы сустрэчы ваеннаслужачых з творцамі Берасцейшчыны. І сяброўства, безумоўна, будзе працягвацца!

Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси