
21.01.2025 Новости
15 студзеня бягучага года ў СШ №19 г. Гродна прайшоў адкрыты ўрок – класная гадзіна ў 2 “Б” класе. Тэма ўрока “Чалавечая годнасць” у рамках рэалізацыі праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Таму настаўніца Людміла Іосіфаўна Ярмак запрасіла на ўрок члена сваёй сям’і – сястру, дзіцячую пісьменніцу, члена СПБ і проста таленавітую жанчыну – Ганну Скаржынскую-Савіцкую, якая ў раздзеле ўрока “Праца і творчасць” пазнаёміла вучняў не толькі са сваёй літаратурна-мастацкай працай, але расказала пра свой не менш любімы занятак для душы. Ганна Іосіфаўна дэманстравала свае дэкупажныя вазы, куфэркі для гарбаты, сурвэтніцы, ключніцы, незвычайныя драўляныя латкі для кухонных прыладаў, паказала на маніторы фотаздымкі мэблі, якая ў руках пісьменніцы з дапамогай дэкупажа набывае новае жыццё.
Пісьменніца з упэўненасцю распавядала дзецям пра тое, што ў кожнага чалавека ёсць творчая струнка. Яе толькі трэба абудзіць, знайсці, не лянавацца развіваць, тады будуць поспехі і радасць ад любімай справы. А каб гэта падкрэсліць, госця прачытала ўласны верш “Радасць” і цёплы, сямейны верш “Першая дзясятка”. Ганна Іосіфаўна прызналася, што любімай яе кнігай з’яўляецца “Вечарынка”, таму што ў аснову апавяданняў пакладзены выпадкі з яе дзяцінства. Творы прысвечаны братам і сёстрам, яе вялікай сям’і ў якой вырасла.
Вучні чыталі вершы паэткі “Я малюю маму”, “Тату я малюю”, “Беларусь” і іншыя.
Урок прайшоў пазнавальна, захапляльна, цікава, з высновай, што ўсё пачынаецца з сям’і. Калі ў сям’і вітаюцца, прывіваюцца сапраўдныя каштоўнасці: узаемадапамога, любоў, спачуванне, падтрымка, павага, – чалавек вырасце сапраўдным, годным грамадзянінам сваёй Радзімы.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси