Памёр Уладзімір Харланцьеў


Памёр Уладзімір Харланцьеў

07.02.2025                                                          Новости


6 лютага на 86 годзе жыцця памёр член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Арцёмавіч Харланцьеў.

Празаік, публіцыст, паэт, ён нарадзіўся 20 кастрычніка 1939 года ў вёсцы Латва Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і калгаснікаў. Скончыў Маскоўскі Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут па спецыяльнасці правазнаўства.

Прайшоў працоўны шлях ад рабочага будаўнічай арганізацыі да старшыні Шклоўскага раённага прафсаюза работнікаў дзяржгандлю і спажыўкааперацыі. З 1978 па 1984 год працаваў на пасадзе старшага юрысконсульта міжгаспадарчай прававой групы ўпраўлення сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама.

Свае першыя творы пачаў друкаваць у шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт» з 1970 года. Гэта былі вершы, апавяданні, навелы.

У 2018 годзе Харланцьеў У.А. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Уладзімір Харланцьеў - аўтар кніг публіцыстыкі «Со Шкловщины» (2007), «Со Шкловщины. Продолжение» (2010), «Про Шклов» (2014), дылогіі «Штрафник» (2015) і «Судьба штрафника» (2017); дзіцячых кніг: «Сказка про Лащика и Рублика» (2021), «Невыдуманные истории» (2022), «Стихи» (2022) і «Сказка про Жука и Мурзика» (2023).

У аснове публіцыстычных твораў аўтара ляжыць тое, што давялося перажыць асабіста - яго ўспаміны, расказы людзей, з якімі ён сустракаўся. У гэтым і ёсць каштоўнасць яго прозы – у ёй добра праглядаецца цэлы зрэз жыцця савецкай эпохі.

Асабняком стаяць аповесці «Штрафник» (2015) і «Судьба штрафника». У іх аўтар ужо ўпэўнена і прафесійна, як вопытны майстар, на аснове ўспамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны паказаў яркую псіхалагічную палітру лёсаў савецкага лётчыка і танкіста, якія, апынуўшыся ў штрафным падраздзяленні, не зламаліся. Адзін з іх знайшоў у сабе сілы, каб зноў вярнуцца ў авіяцыю.                 

Уладзімір Харланцьеў - лаўрэат Усерасійскай літаратурнай прэміі імя генералісімуса А. В. Суворава, літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пісьменнікі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі смуткуюць з нагоды смерці Уладзіміра Арцёмавіча Харланцьева і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

 

Савет Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси