75 - годдзе адзначае Валянціна Габрусева


75 - годдзе адзначае Валянціна Габрусева

26.02.2025                                                          Новости


Нарадзілася Валянціна Габрусева 26 лютага 1950 года ў г.Верхнядзвінску Віцебскай вобласці, але сваёй Радзімай лічыць маленькую вёску Развадава, што на Клічаўшчыне. Менавіта тут прайшлі яе дзіцячыя гады і нарадзіліся першыя вершы.

Валянціна Габрусева член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар 10 паэтычных і песенных зборнікаў. Чытаючы вершы пісьменніцы задаеш сабе пытанне: як гэта далікатная жанчына з няпростым жыццёвым лёсам, жанчына, якая прысвяціла большасць свайго жыцця нялёгкай службе ў органах унутраных спраў (Валянціна Фёдараўна скончыла Магілёўскую школу міліцыі МУС СССР), зберагла і пранесла праз гады і нягоды цнатлівасць душы, чысціню і тонкасць светаадчування? Сапраўды, паэты – людзі, пацалаваныя Богам, людзі, здольныя бачыць і прадбачыць утоенае для большасці. І не толькі бачыць, але і перадаваць свае адчуванні іншым праз гарманічную мелодыю вершаваных радкоў. Гэта выснова поўнасцю адпавядае творчасці Валянціны Габрусевай:

Хіба стала б я паэтам,
Каб не ўмела пазычаць.
У бязмежным лузе – росы,
У жыта – васількоў букет,
У бяроз – сівую просінь,
У вясны – жыцця прывет!

Неяк, на семінары маладых пісьменнікаў у 1983 годзе, прачытаўшы вершы Валянціны Габрусевай, Рыгор Барадулін сказаў: «Добра пішаш.  Але  трэба надзяваць сваю  беларускую сукенку, а ты прыехала на семінар не ў сваёй». І Влянціна зразумела. З таго часу яна пачала пісаць вершы толькі на беларускай мове.   

А беларуская мова ў яе добрая і пявучая. На першы погляд яна простая і даходлівая. Але як тонка аўтар адчувае беларускае слова, як яскрава раскрываюцца вобразы, дазваляючы данесці да чытача думкі і эмоцыі.

Тэматыка яе вершаў разнастайная, але чырвонай ніткай праходзіць тэма любові да Радзімы, да ўсёй беларускай зямлі:

Да сябе прытулю,
Раскажу, як люблю
Твой блакіт, што мне піць - не напіцца,
Беларускі мой край,
Ясны казачны рай,
Дзе пашчасціла мне нарадзіца.

         Шматграннасць таленту Валянціны Габрусевай яскрава вызначаецца ў шматлікіх песенных тэкстах. Музыку на яе вершы пішуць не толькі прафесійныя кампазітары (Мікола Яцкоў, Галіна Сёміна, Уладзімір Громаў, Алена Грышчанкова і іншыя), але і сама паэтка. Валянціна Фёдараўна аўтар-выканаўца сваіх песень.   І песні яе гучаць… Гучаць на магілёўшчыне і далёка за яе межамі ў вакананні Мінскага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі, салістаў  Магілёўскай абласной філармоніі і іншых выканаўцаў.

Імя Валянціны Габрусевай занесена ў Кнігу пашаны Клічаўскага раёна, яна лаўрэат прэміі «Дасягненне» Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Літаратурная дзейнасць» (2020), літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2022). Паэтка з'яўляецца лаўрэатам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх фестываляў аўтарскай песні.

Паэзія Валянціны Габрусевай успрымаецца не розумам, а сэрцам, аб’ядноўваючы светапогляды паэта і чытача ў адзінае цэлае. Гэта і ёсць якасць, якая вызначаецца адзінствам таленту творцы і роднай мовы пры першаснасці апошняй.

Паважаная Валянціна Фёдараўна! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з юбілеем. Жадаем Вам моцнага здароў’я, даўгалецця, сямейнага дабрабыту. Невычэрпнай Вам творчай энергіі і натхнення!

 

Пісьменнікі Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси