У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” у Лунінцы адбылася сустрэча імяніннікаў студзеня


У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” у Лунінцы адбылася сустрэча імяніннікаў студзеня

31.01.2018                                  Новости


У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца адбылася сустрэча імяніннікаў студзеня.

У царкоўным календары першы месяц года адзначаны ўшанаваннем свяціцеля Васілія Вялікага, Іаана Прадцечы і праведнага Іаана Кранштадтскага, мучаніцы Таціаны і роўнаапостальнай Ніны.

Аб жыццях святых расказала лунінчанка Ірына Арсеньеўна Прыгодзіч, а відэасуправаджэнне расповяду падрыхтаваў яе муж Іван Паўлавіч. Відэасюжэтамі была праілюстравана і літаратурна-музычная старонка праграмы “Дзень Анёла”, якую прадставіла актывіст раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова.

Прыгадаўшы імёны папулярных і вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва, сталі знаёміцца з імяніннікамі – удзельнікамі сустрэчы. Жыццёвыя гісторыі многіх былі такімі шчырымі і пранікнёнымі, што ўразілі нават настаяцеля протаіерэя Сергія Крышталя, хаця большасць прысутных – прыхаджане храма. Імяніннікі захапілі творчымі здольнасцямі, чыталі вершы, спявалі духоўныя песні.

Атмасфера зносін была прасякнута любоўю і дабрынёй, таму так натуральна прагучаў і калядны верш у выкананні гімназісткі Таццяны Прыбаровіч. Дзяўчынка віншавала імяніннікаў, а асабісты падарунак да дня анёла яна ўжо атрымала – стала пераможцай конкурсу чытальнікаў калядных вершаў у СШ №2 г. Лунінца (на здымку), дзе сваім абліччам і бальнай сукенкай адлюстроўвала пушкінскую Таццяну.

Пажадаем ажыццяўлення задуманага ўдзельнікам сустрэчы, якіх можна назваць прыкладам для сучаснікаў. Быць у коле гэтых цудоўных лунінчан – ужо “свята, што заўсёды з намі”.  

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара