“Грэцца тым, што роднае, сваё...” Да 75-годдзя Міколы Чарняўскага


“Грэцца тым, што роднае, сваё...” Да 75-годдзя Міколы Чарняўскага

31.01.2018                                     Новости


З розным творчым набыткам прыходзяць да сваіх юбілеяў людзі творчай прафессіі. і часам не залежыць ад працягласці той дарогі, якую ён паспеў прайсці, а болей ад таго чым жыў, ці на ўсю сілу працаваў, ці была гэта праца ў радасць, ці заўсёды хапала старання і ўдачы, нават таго ж натхнення, каб задума стала творам, здабыткам для людзей. каб урэшце-рэшт не пакідала імкненне данесці да іх, да людзей, тое, аб чым табе хацелася сказаць ім, падзяліцца з імі часцінкаю свайго душэўнага цяпла і неспакою, тым дарам, што быў дадзены прыродай, хоць нечым, ды застацца ў душы свайго чытача, слухача, гледача, у якім бы ўзросце не знаходзіўся...

З тых 75 гадоў. якія пражыў на свеце нядаўні юбіляр Мікола Чарняўскі –  60 аддадзены творчасці, нашай літаратуры, паэзіі. Яго творчы “ураджай” – плён шматгадовай руплівай працы, сабраны на яго літаратурным палетку, – гэта пяць дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых, якія даўно палюбіліся нашым чытачам, увайшлі ў школьныя чытанкі, сталі добрымі сябрамі ўсіх, хто змалку любіць і шануе роднае слова, захапляецца літаратурай. Хто, як і сам аўтар, не сумняваецца ў сваім перакананні:

Слова роднае – крок ад парога,

Слова роднае – вечнасці след.

Слова роднае – змалку ад Бога,

Ад зямлі, што радзіла на свет.

Першы верш Міколы Чарняўскага “Васілёк” быў надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі” улетку 1958 года, калі аўтару, школьніку з Гомельшчыны, споўнілася 15 гадоў. З таго часу шмат пражыта і перажыта, вынашана і ўзвжана сэрцам, напісана ў кніжках. Дзіцячая літаратура, лірыка, сатыра і гумар, пераклады з іншых моў, крытыка і публіцыстыка, – вось тыя жанры. у якіх паспяхова і плённа працуе паэт, а ў значнай ступені і празаік, Мікола Чарняўскі. Ён –  лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”. Выдатнік народнай асветы і выдатнік друку Беларусі. Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, граматай Вярхоўнага Савета БССР, а тксама нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Напэўна, даўно ўжо вялікая зала Дома літаратара не выглядала такой ажыўлённай і шматлюднай, як у гэты дзень. Сотні школьнікаў і дарослых, прыхільнікаў творчасці паэта, прыйшлі на літаратурную вечарыну, прысвечаную юбілею прызнанага майстра пяра. Праграма свята атрымалася насычанай і разнастайнай, бо для ўдзелу ў ім былі запрошаны вядомыя пісьменнікі, кампазітары, не толькі юныя, але і прафесійныя артысты.

Распачаў свята выступ узорнага ансамбля народнай музыкі “Шчабятухі” Сенніцкай СШ імя Янкі Купалы Мінскага раёна. Захапляючае дзейства самадзейных музыкаў і спевакоў стала непаўторнай запеўкай усяму, што потым адбывалася на сцэне і ў зале.

Як вядома, ніводнай юбілейнай імпрэзы не абыходзіцца без афіцыйнай часткі. Першым выступіў старшыня Мінскай гарадской пісьменніцкай аганізацыі Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Адзначыўшы шматграннасць паэтычнага таленту Міколы Чарняўскага, яго ўнёсак у беларускую дзіцячую літаратуру. ён павіншаваў Мікалая Мікалаевіча з юбілеем і ўручыў узнагароды – Ганаровыя граматы СПБ і гарадскога аддзялення. Як пазначана ў іх, “За вялікі ўклад у літаратуру. стварэнне таленавітых кніг, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і ў сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння”.

Даючы слова наступным удзельнікам свята, само сабой прыгадзіліся сяброўска-жартоўныя радкі паэта Міколы Маляўкі, звернутыя да юбіляра: “Дзетак кармілі рыфмай, як кашай, і ты шчаслівы, Мікола: у рэспубліцы нашай ёсць твая паэтычная школа”. Яны прагучалі вельмі дарэчы, бо Мікалай Мікалаевіч, як называюць яго маладзейшыя, сапраўды шмат сіл і старання аддае выхаванню літаратурнай моладзі, шчыра дапамагае, надзвычай уважліва і клапатліва ставіцца да вучняў, якія спрабуюць пісаць вершы і казкі, імкнуцца авалодаць сакрэтамі творчасці, далучыцца да скарбаў роднай мовы, да паэзіі. Ён амаль 30 гадоў з’яўляўся аўтарам і вядучым штомесячнай папулярнай радыёперадачы “Першыя сцяжынкі”, а на сённяшні дзень ужо цягам 25 гадоў з’яўляецца кіраўніком літаратурнай суполкі “Купалінка”, якая аб’ядноўвае каля дваццаці школьных літгурткоў Мінскага раёна. З нагоды юбілею да віншавання ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама ўдзячныя купалінцы падрыхтавалі свой падарунак – кампазіцыю па вершах міколы Чарняўскага, а таксама адмыслова зроблены альбом, дзе апрача каляровых фотаздымкаў рознай пары, змешчана мноства прачулых радкоў саміх пачаткоўцаў, прысвечаных свайму літаратурнаму настаўніку, з пажаданнямі: “Колькі ў сонейка сяброў, столькі пражыць гадоў! Каб мары-надзеі збыліся, і радасць, і шчасце сышліся!”

Само сабой зразумела, не абышлося без віншаванняў ад выдавецтваў, рэдакцый, часопісаў і газет, з якімі ўжо не адно дзесяцігоддзе плённа супрацоўнічае паэт Мікола Чарняўскі, без паэтычных выступленняў ды ўспамінаў яго сяброў-равеснікаў і слынных творцаў Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Ніны Галіноўскай, Уладзіміра Мазго. галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Уладзіміра Ліпскага. Тым жа разам адбылася сваеасаблівая прэзентацыя новых кніг, што выпусцілі да юбілею паэта выдавецтвы “Мастацкая літаратура” і “Чатыры чвэрці”. Прычым дырэктар апошняга Л.Ф. Анцух прэзентавала зборнік прозы і вершаў Міколы Чарняўскага “И весною взойду…”, які выйшаў у перкладзе на рускую мову. У яго ўвайшлі аднайменная дакументальная аповесць. прысвечаная жыццю і творчасці сябра маладосці. самабытнага паэта Анатоля Сербантовіча, якому суджана было пражыць усяго 29 гадоў, але пакінуць яркі след у нашай паэзіі, а таксама лірыка, сатыра і гумар, вершы і казкі для дзяцей. Адным словам, на розныя ўзросты, на розныя густы. Каб склалася пэўнае ўражанне пра змест названых кніг, аўтар прачытаў некалькі вершаваных гумарэсак з іх.

Дружнымі апладысментамі віталі прысутныя выступленне юных артыстаў камернага драматычнага тэатра Наталлі Башавай: яны падрыхтавалі да паказу на сцэне інсцэніроўку па казцы юбіляра “Ліса-калядоўшчыца”, ланцужок загадак.

Вядома ж, свята – не свята, калі яно без музыкі, танцаў ды песень.У гэты дзень усе віншаванні і пажаданні былі шчодра аздоблены музычнымі нумарамі, якія прагучалі ў выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” Белдзяржфілармоніі, выдатнага кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага, кампазітара і спевака Яўгена Хаменкі. Яны пазнаёмілі слухачоў з новымі песнямі на словы Міколы Чарняўскага. І, трэба сказаць, зноў не абышлося без сюрпрызаў для юбіляра: песні “Аброць кахання” і “Блакітная альтаначка” Я. Хаменкі сталі прэм’ернымі, прагучалі са сцэны ўпершыню.

Прыемна парадавалі гледачоў спеўнымі нумарамі паэтка, кампазітар і выканаўца сваіх песень, юбілярава землячка Таццяна Атрошанка; унучка-гімназістка Ангеліна; сам вядучы, саліст ансамбля “Свята” Вячаслаў Статкевіч; песенна-танцавальны дуэт “Славянскія рытмы” у складзе Яўгена і Наталлі Нарэйкаў. Думаецца не меньш пахвалы заслугоўвае таксама артыстычнасць і ўменне вядучай гэтай вечарыны Настассі Статкевіч – з яшчэ аднаго сямейнага дуэта, а з дачкой спявачкай, дык і трыо!

І, канечне ж, не мог не ўразіць, абмінуць увагі прысутных (выступоўцы не-не ды паказвалі на яго) вясёлкава расквечаны стэнд  ускрай сцэны – выстаўка амаль усіх кніг Міколы Чарняўскага, што былі выдадзены ім за пройдзены час у нашых выдавецтвах і за мяжой.

Сам жа юбіляр, калі далі яму слова на заканчэнне, быў сціпла-стрыманы: падзякаваўшы ўсім шчыра, хто прыйшоў на сусрэчу з ім, з удзячнасцю прыгадаўшы імёны першых літаратурных настаўнікаў, хто дапамог яму стала выйсці на творчы шлях (Хведара Жычку, Міхася Герчыка, Рыгора Барадуліна, Васіля Вітку, Артура Вольскага), толькі прачытаў адзін са сваіх трыалетаў, адкуль узяты радкі, што далі назву ўсёй вечарыне: “Грэцца тым, што роднае, сваё...”

Колькі б ні пражыў – усё тваё.

Колькі б ні зрабіў – тваё таксама.

Хоць жыццё парой – і фарс і драма.

Колькі б ні пражыў – усё тваё.

 

Што прыдбаў – не змарнаваць ні грама,

Грэцца тым, што роднае, сваё.

Колькі б ні пражыў – усё тваё.

Колькі б ні зрабіў – тваё таксама.

Як не пагадзіцца з гэтым? 

Мікола СІВЕЦ

Фота Васіля КУЛІКОВА