”Пакуль баліць душа паэта…” Творчы вечар паэта, празаіка, перакладчыка і кампазітара Дзмітрыя Пятровіча


”Пакуль баліць душа паэта…” Творчы вечар паэта, празаіка, перакладчыка і кампазітара Дзмітрыя Пятровіча

05.02.2018                                    Новости 


Так называўся творчы вечар паэта, празаіка, перакладчыка і кампазітара Дзмітрыя Пятровіча, які адбыўся 31 студзеня ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы. Дзмітрый Леанідавіч назваў гэтае мерапрыемства “споведдзю душы” і, як сапраўдны альтруіст, падчас імпрэзы імкнуўся прадэманстраваць творчасць не толькі сваю, але і сяброў-паэтаў. Добрая прымаўка ёсць у народзе: “Пакажы мне сваіх сяброў, і я скажу, хто ты”.

Арганізатарамі творчага вечара сталі Мінгарвыканкам, Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, Мінскі гарадскі тэатр паэзіі, якім кіруе старшыня МГА Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, паэт Міхась Пазнякоў. Міхась Паўлавіч павіншаваў віноўніка ўрачыстасці, пажадаў яму новых творчых перамог, а таксама прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Вядучым імпрэзы стаў вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў. Цёплымі словамі пра свайго сябра, калегу і вучня падзяліўся кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка,паэт Мікола Шабовіч. На яго вершы Дзмітрый Леанідавіч напісаў каля 30 песень, якія выконваюць Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І.Цітовіча, Алег Сямёнаў, Анатоль Міхальчэнкаў і інш. Дарэчы, Д.Пятровіч быў любімым студэнтам Міколы Шабовіча, пісаў дыктоўкі без аніводнай памылкі і абараніў пад яго кіраўніцтвам магістарскую дысертацыю. Так атрымалася, што выкладчык стаў для маладзейшага калегі мудрым настаўнікам па жыцці і надзейным сябрам.

Песню “Пералётная птушка” (словы Міколы Шабовіча, музыка Дзмітрыя Пятровіча) падчас імпрэзы выканаў вядомы беларускі спявак, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Алег Сямёнаў.

Шмат сяброў і калег па пісьменніцкім цэху віншавала Д.Пятровіча ў гэты вечар. Пра “дублёнку з прозы” і “вершаванае паліто” чытаў пародыі вядомы паэт, парадыст, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” Аляксандр Быкаў з Мядзельшчыны. Паэтэса Ганна Міклашэвіч прыехала павіншаваць сябра са Случчыны. Лізавета Палеес, акрамя цёплых слоў, падарыла кнігу з уласнымі перакладамі вершаў беларускамоўных аўтараў, у тым ліку і героя імпрэзы. “Заўсёды ў форме”Дзмітрыю Пятровічу пажадаў заставацца вядомы паэт і празаік Славамір Антановіч. Глыбінёй сваёй паэзіі уразіў усіх прысутных Міхась Башлакоў. Літаратурны крытык Людміла Вараб’ёва рэзюмавала, што творы Дзмітрыя Пятровіча прасякнуты “агульнанацыянальнай ідэяй маральнасці і філасофскай глыбінёй”, што “ў сваёй творчасці гэты паэт і празаік працягвае тэму нацыянальных традыцый і валодае прафесійнай адказнасцю за слова”. З цікавымі развагамі выступіў паэт Аляксандр Кавалёнак, а потым прачытаў некалькі вершаў. Вядомы паэт і празаікДзмітрый Дземідовіч падарыў герою вечара і ўсім гасцям жартоўную эпіграму.

Дзмітрый Пятровіч стварыў шмат песень на словы сваіх сяброў. Некаторыя прагучалі падчас імпрэзы ў выкананні аўтара: “Помніш, далёкая?” (сл. М. Пазнякова), “Настальгія” (сл. Д.Дземідовіча), “Нарач” (сл. А.Быкава), “Вечар ва ўсім вінаваты”(сл. С.Антановіча), “Пазаві мяне” (сл.Г.Міклашэвіч) і іншыя.

Бард Андрэй Зыгмантовіч, наадварот, сам стварыў песню на верш віноўніка ўрачыстасці, добра ведаючы, што Дзмітрый Леанідавіч –прафесійны музыкант і ўжо шмат гадоў піша песні. І сапраўды, песня А.Зыгмантовіча “Мае Галаўнінцы” (сл. Д.Пятровіча)кранула сэрцы ўсіх прысутных.

Пераклад — нялёгкае мастацтва, калі, у адрозненне ад тэксту арыгінала, трэба перадаць змест твора праз іншыя словы і рыфмы. Госці вечарыны пераканаліся ў тым, што ў Дзмітрыя Леанідавіча гэта атрымліваеццацудоўна. Пераважна ён перакладае на родную мову класікаў рускай літаратуры: М.Лермантава, М.Някрасава, І.Буніна, Г.Ахматаву, В.Мандэльштама, М.Цвятаеву, М.Гумілёва, М.Забалоцкага, І.Бродскага і іншых. Дорыць беларускае гучанне і творам нашых суайчыннікаў – Валянціны Паліканінай, Алы Левінай, Лізаветы Палеес, Таццяны Лейкі… Падчас імпрэзы Дзмітрый Леанідавіч чытаў свае пераклады вершаў Ганны Ахматавай, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, а потым выканаў раманс на словы апошняга ў перакладзе на беларускую мову. Прычым музыка і пераклад – таксама Д.Пятровіча.

Шматлюдна было ў Купалаўскай бібліятэцы ў апошні студзеньскі вечар.Гэта адзначыла яе дырэктар Алена Кубышкіна. Дзмітрыя Пятровіча прыйшлі падтрымаць сябры, калегі, чытачы, аднакурснікі. Дзякуючы ім жыве душа паэта — радуецца, баліць, цешыцца, а значыць, стварае светлае, добрае, вечнае... 

Алена БАСІКІРСКАЯ

Фота Васіля КУЛІКОВА