Прэзентацыя кнігі Наталлі Хмялеўскай «Прыгоды хлопчыка Валодзіка і яго сонечных сяброў»


Прэзентацыя кнігі Наталлі Хмялеўскай «Прыгоды хлопчыка Валодзіка і яго сонечных сяброў»

03.11.2026 Новости


2 лістапада адбылася сустрэча пісьменніцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Валянцінаўны Ніканчук з вучнямі пятых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Горкі».

На пачатку сустрэчы Наталля Валянцінаўна расказала, што дзіцячыя кнігі піша пад псеўданімам Наталля Хмялеўская.

Мэтай сустрэчы было пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак, юных чытачоў, са сваёй новай кнігай «Прыгоды хлопчыка Валодзіка і яго сонечных сяброў», якая выйшла ў выдавецтве «Звязда» ў верасні гэтага года.

 

 

Пісьменніца прапанавала дзецям своеасаблівую гульню: яны называлі нумар старонкі і радок зверху, а аўтар зачытвала ўрывак з кнігі па гэтым «адрасе». Такім чынам паступова раскрываўся змест твора. Вучні пазнаёміліся з галоўнымі героямі кнігі — хлопчыкам Валодзікам і яго найлепшымі сябрамі, сонечнымі зайчыкамі Цёпай і Якам.

Таксама прысутныя даведаліся, як дзяўчынка Ганначка трапіла ў вельмі складанае становішча, сустрэлася з нядобрым чалавека, які яе зачараваў і завёў ў падзямелле. Там, у цёмным сырам памяшканні яе суседам аказаўся пузаты і ненажэрны пацук. Акрамя таго, школьнікі пачулі шмат пазнавальнага пра ўласцівасці святла, яго карысныя якасці і нават, можна сказаць, чарадзейнае ўздзеянне.

Усім было вельмі цікава, чым жа скончылася гэтая казачная гісторыя, таму апошнім прачытаным урыўкам стаў эпілог, які падвёў вынік усім падзеям кнігі.

Каляровыя ілюстрацыі і мастацкае афармленне выдання вельмі спадабаліся дзецям, таму пасля завяршэння сустрэчы яны яшчэ доўга разглядалі кнігу, уважліва ўглядаліся ў малюнкі і задавалі пытанні.

 

 

Адно з пытанняў — чаму менавіта на гэтую тэму вырашана было напісаць твор — прымусіла пісьменніцу задумацца. Наталля Валянцінаўна адказала:

— Магчыма, таму, што ў дзяцінстве я таксама захаплялася кнігай пра сонечных зайчыкаў, якую напісаў Усевалад Нястайка, — «У краіне Сонечных Зайчыкаў». Потым гэтая кніга згубілася, а мне вельмі хацелася зноў адчуць сувязь з яе героямі. Таму я і вырашыла напісаць сваю ўласную кнігу пра добрых і надзейных сонечных сяброў.

Кнігу «Прыгоды хлопчыка Валодзіка і яго сонечных сяброў» у хуткім часе можна будзе набыць у крамах ААТ «Белкніга», РУП «Акадэмкніга» і ў інтэрнэт-магазіне кніжных выданняў выдавецкага дома «Звязда».

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси