Высокае сонца Зінаіды Дудзюк


Інтэрв'ю з Зінаідай Дудзюк

02.10.2018                                            Слово писателю


У Брэст прыйшла добрая навіна: сярод пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі – Зінаіда Дудзюк. Яе кніга “Пара высокага сонца” стала лепшым творам у намінацыі “Публіцыстыка”.

Зінаіда Іосіфаўна нарадзілася на Браслаўшчыне, з 1968 года жыве ў Брэсце. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імені М.А. Горкага ў Маскве. Працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра. Літаратурная скрыня Зінаіды Дудзюк багатая на паэтычныя, празаічныя, драматычныя творы.  

-Зінаіда Іосіфаўна, прыміце самые шчырые віншаванні.  Акрамя Нацыянальнай прэміі Вы атрымалі перамогу ў конкурсе “Духоўная веліч”. Кніга “Незвычайныя прыгоды Бусліка і яго сяброў” – пераможца ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”. Ці чакалі такога выніку?

- Дзякую за віншаванне. Даволі спакойна стаўлюся да ўзнагарод, бо літаратура – гэта не спаборніцтва, а творчы працэс, калі аўтар ніколі не ведае, ці атрымаецца ў яго напісаць твор так, як ён задумаў, а пасля - ці зразумее яго чытач, ці адгукнецца сэрцам.

- Пра што кніга-пераможца “Пара высокага сонца”?

- Кніга ўтрымлівае згадкі пра вядомых дзеячоў літаратуры і культуры такіх, як пісьменнікі Уладзімір Калеснік, Ніна Мацяш, Яўгенія Янішчыц, Святлана Курылёва, архітэктар Анатоль Кудзіненка і шмат іншых, з кім я была знаёмая асабіста. У кнізе змешчаны таксама нарысы і эсэ пра выдатных постацяў мінулых часоў, а таксама пра асобныя падзеі, звязаныя з гісторыяй Брэста.

- Які адбітак  на ваш лёс пакінула жыццё і творчасць гэтых людзей?  

- Між радкамі ў кнізе “Пара высокага сонца” гаворыцца пра ўздзеянне гэтых людзей на мой лёс. Хто будзе чытаць, той зразумее. На наша існаванне пакідае адбітак усё, што акаляе нас. Потым у творчасці яно пэўным чынам адлюстроўваецца. Мы творча вучымся, нешта адкрываем для сябе, працягваем стасункі з людзьмі, з якімі нам цікава, і адштурхоўваемся ад тых, хто ўплывае на стан нашай душы адмоўна. Такія вось касмічныя палёты ў нашым зямным жыцці.

-  У якім узросце Вы адчулі патрэбу пісаць? Хто натхніў з пісьменнікаў на творчасць?

- Вершы пачала пісаць у школьныя гады. Упершыню  надрукавалі іх у 1967 годзе ў Бярозаўскай раённай газеце «Маяк». У падлеткавым узросце вельмі захаплялася творчасцю Якуба Коласа. Пазней шмат чытала паэтаў-шасцідзясятнікаў і, безумоўна, уважліва сачыла за навінкамі беларускай паэзіі.

- Якімі былі першыя крокі ў творчасці? Хто падтрымліваў, даваў парады?

- Пасля першай публікацыі мяне запрасілі на пасяджэнне літаб'яднання «Крыніца» пры раёнцы, тады я пазнаёмілася з паэтэсай Нінаю Мацяш. З таго дня наша сяброўства і ліставанне доўжылася на працягу ўсяго жыцця. Хоць яна была старэйшая за мяне на сем гадоў, мы на роўных разбіралі нашы паэтычныя набыткі, рабілі адна адной заўвагі, што з'яўлялася своеасаблівай літаратурнай вучобай. Цікавасць да маіх вершаў праяўляў літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік, але я старалася не злоўжываць ягоным часам і добрым стаўленнем да мяне.

- Што Вас натхняе на творчасць?  

- Кожнага пісьменніка натхняе цікавасць да абранай тэмы і любоў да Радзімы. Няхай чытачоў не палохаюць гэтыя высокія словы, бо без любові да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускі пісьменнік адбыцца не можа. Напрыклад, мяне вельмі цікавіла тэма мінулай гісторыі славян, іхняя міфалогія, каб праз тое агульнае, што яднала славянскія плямёны, спасцігнуць гісторыю свайго народа. У выніку доўгай і карпатлівай працы я шмат што адкрыла для сябе. І нават змагла падзяліцца з чытачамі сваімі спазціжэннямі праз такія творы, як раман-рэканструкцыя славянскай міфалогіі «Кола Сварога», аповесць-хранограф «Славянскія князі», раман «Велясіты», эсэ «Вандроўкі ў вырай», навукова-папулярную кнігу «Вяртанне забытага міфа» і казкі для дзяцей «Лісце чароўнага дрэва».

- Зінаіда Іосіфаўна, што з напісанага для вас найбольш значнае?

- Кожны твор, напісаны мною, быў патрэбны маёй душы ў менавіта ў той час, калі ён узнік. Я не дзялю іх на больш ці менш любімыя.

- Вы пішаце не толькі пра сучаснае, але і пра мінулае. Адкуль такая цікавасць да гістарычнай тэмы?

- Без ведання мінулага, цяжка зразумець сучаснасць. Сапраўдную гісторыю свайго народа, трэба ведаць кожнаму чалавеку, каб не заблытацца на жыццёвых шляхах, каб правільна ацэньваць цяперашнія падзеі і магчымы рух краіны ў будучыню, каб не цурацца свайго, роднага,і не слугаваць чужым культурам.

- Героі вашых твораў - асабы мінулага: Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Тадэвуш Касцюшка, Леў Сапега… Хто з іх найбольш вам блізкі? Чый лёс стане наступным творам?

- Кожны з названых Вамі гістарычных асоб у свой час і ў тых жыццёвых варунках, якія выпалі на яго долю, годна выконваў прызначэнне, забываючы на ўласную карысць. Гэта добры прыклад для кожнага сучасніка. А мне застаецца толькі захапляцца іхняй таленавітасцю, самаадднасцю і вернасцю сваёй зямлі. Пра каго буду пісаць у наступным? Пакуль не ведаю. Усё залежыць ад таго, куды прывядзе мяне мая дапытлівасць.

- У Вас  шмат твораў для дзяцей, некаторые  нават уключаныя ў школьную праграму. Ёсць меркаванне, што для дзяцей складаней пісаць, чым для дарослых. Ці так гэта?

- Я ніколі не задумвалася, цяжка мне пісаць ці лёгка. Калі я вырашыла зрабіць нейкую працу, дык збіраю матэрыялы, распрацоўваю сюжэт, ствараю план і бяруся за справу - такая тэхналогія майго творчага працэсу

- Нехта з пісьменнікаў сказаў: “Каб добра пісаць, трэба шмат чытаць іншых аўтараў. Толькі так можна зразумець: у правільным рухаешся ты кірунку ці не ”. Як у вашым выпадку?

- Безумоўна чытаць трэба шмат і не толькі тое, што патрэбна для працы, бо пісьменнік удасканальваецца на працягу жыцця, але ягоная творчасць не павінна зводзіцца да прымітыўнага пераймання.

- Якой Вам бачыцца наша літаратура ў будучым?

- Літаратура будзе існаваць да таго часу, пакуль існуе чалавецтва. Цяпер выдаецца шмат кніг на розную тэматыку, здольных задаволіць самы патрабавальны густ.

-  Над чым зараз працуеце?

- Так супала, што якраз цяпер я нешта вычытваю ды дапрацоўваю. Проза, якую пераважна я пішу, патрабуе шмат часу не толькі для напісання твора, але і на стадыі дапрацоўкі. Згадзіцеся, што напісаць паўтысячы старонак, а пасля тры разы вычытаць той самы тэкст пад сілу толькі вельмі цярпліваму чалавеку. Але паўтаруся: цікавасць і любоў да абранай справы здатныя пераадолець усялякія цяжкасці.

- Дзякуй за гутарку. І новых поспехаў Вам!

Наталля ШЛЯЖКА

Фота з дамашняга архіва З. Дудзюк