
XXXІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрылася ў выставачным цэнтры «БелЭкспа». Каля 20 краін удзельніц, новыя кніжныя адкрыцці, знаёмствы і незабыўныя эмоцыі — усё гэта і многае іншае чакае гасцей выстаўкі на працягу пяці дзён.
Унікальная падзея Беларусі
Без перабольшання гэтае мерапрыемства можна назваць сапраўднай урачыстасцю кнігі, якая з кожным годам прыцягвае ўсё больш і больш наведвальнікаў. Сваё прывітанне ўдзельнікам ХХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу накіраваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Яго на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
«Мінская выстаўка-кірмаш, будучы ўнікальнай падзеяй грамадскага, культурнага і духоўнага жыцця Беларусі, мае высокі міжнародны статус і кожны год прыцягвае ўвагу тысяч людзей, — гаворыцца ў прывітанні. — Ва ўсе часы кніга была і застаецца галоўнай крыніцай ведаў, часткай інтэлектуальнай спадчыны продкаў і сёння, у век інфармацыйных тэхналогій, садзейнічае ўмацаванню адзінства народа і служыць выхаванню найлепшых маральных якасцяў у моладзі».
Падкрэсліўшы значнасць таго, што сёлетні форум праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць у тым, што традыцыйныя сустрэчы літаратараў і аматараў кнігі адкрыюць новыя гарызонты для гуманітарнага супрацоўніцтва, збліжэння краін і народаў і пажадаў усім удзельнікам і гасцям плённай работы і творчага натхнення, цікавых сустрэч і прыемных уражанняў.
Самая дакладная крыніца інфармацыі
Значэнне добрай кнігі ў развіцці чалавека складана пераацаніць. Яна пашырае кругагляд і дапамагае глядзець глыбей у сутнасць рэчаў не толькі ў цяперашнім часе, але і ў мінулым. На думку Уладзіміра Пярцова, кніга ў нашы дні — надзейны канал камунікацыі паміж пакаленнямі і эпохамі.
— Яна нясе веды, культуру, вобразы мінулых пакаленняў і эпох. У адрозненне ад новых каналаў атрымання інфармацыі, кнігу немагчыма запэцкаць ці паправіць. Яна не ляціць у кэш, архівы і не знікае бясследна, таму што ўжо надрукавана, яе можна патрымаць у руках і знайсці на паліцах бібліятэк. Калі нам патрэбна дакладная інфармацыя, мы ідзём і палюем на тую ці іншую старадаўнюю кнігу ў бібліятэцы, каб паглядзець, як гэта было насамрэч, — сказаў ён.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў падчас размовы з журналістамі адзначыў, што кліпавае мысленне робіць чалавека прымітыўным, а вось кніга, наадварот, пашырае светапогляд.
— Мы сёння выдатна разумеем, што з дапамогай інтэрнэту нас спрабуюць зрабіць прымітыўнымі. З дапамогай кнігі мы будзем мудрэйшымі. І тады нашым светапоглядам маніпуляваць будзе значна складаней. Вось гэта ключавая думка — чаму нам кнігамі трэба займацца, — падзяліўся ён.
Таксама Марат Маркаў выказаў упэўненасць у тым, што ў кожнага чалавека павінна быць хатняя бібліятэка:
— Раней людзі ганарыліся тым, што ўсе паліцы і ўсе шафы ў доме забіты кнігамі. Гэта была каштоўнасць. Чаму мы тую каштоўнасць страцілі? Мусіць, шмат у чым таму, што нам навязалі такую філасофію. Вельмі хочацца, каб гэтая каштоўнасць вярнулася, і тады мы з гісторыяй будзем сябраваць.
Сярод кніжных павільёнаў
Адметна, што сёлета наша краіна старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза, менавіта таму цэнтральны стэнд выстаўкі стаў калектыўнай экспазіцыяй дзяржаў — удзельніц ЕАЭС, аб’яднанай агульнай тэмай 80-годдзя Вялікай Перамогі. Кожны дзень выстаўкі будзе прысвечаны прэзентацыі адной з пяці краін ЕАЭС: у першы дзень прэзентаваўся Казахстан, у чацвер — дзень Кыргызстана, у пятніцу прэзентуецца Расія, у суботу, у Дзень Канстытуцыі, — Беларусь, у нядзелю — Арменія.
Упершыню на выстаўцы быў прадстаўлены павільён ганаровага госця выстаўкі — ААЭ, які мы з цікавасцю наведалі.
— Удзел у выстаўцы вельмі важны для нас. Мы прапануем самыя разнастайныя выданні. Шэраг кніг у нас расказвае пра гісторыю стварэння дзяржавы ААЭ, яе заснавальнікаў. Таксама ёсць кнігі, якія змяшчаюць выказванні кіраўнікоў краіны — былых і сённяшніх, а таксама выданні аб нашай культурнай і гістарычнай спадчыне, — увёў у курс справы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ААЭ ў Рэспубліцы Беларусь Ібрагім Салім Махамед Аль-Мушарах.
Апроч кніжных цікавостак, экспазіцыя Эміратаў здзіўляе традыцыйнымі ўсходнімі водарамі і касцюмамі, якія вам прапануюць прымераць і нават сфатаграфавацца ў іх.
Традыцыйнымі сустрэчамі з пісьменнікамі радуе сваіх чытачоў Выдавецкі дом «Звязда».
Так, мы заспелі пісьменніцу Кацярыну Хадасевіч-Лісавую за размовай з юнай чытачкай.
— Выстаўка — гэта заўсёды свята і асаблівы час для мяне. Тут прадстаўлены цудоўны выбар кніг для маіх дзівосных юных чытачоў: ажно 10 найменняў. Кожны знойдзе нешта на свой густ. Хтосьці любіцьстрашныя гісторыі, хтосьці — Лісачку-красуню, якая лічыць сябе цэнтрам свету, хтосьці — зачараванае балота. Таксама тут ёсць таямнічыя гісторыі і, канешне, Вухуцік, — распавяла пісьменніца.
Сёлета ў ВД «Звязда» выйшла шмат кніжных навінак, якія будуць прэзентаваны ў рамках кніжнай выстаўкі. Гэта і «Святло за гарамі» Алесі Кузняцовай, і «Па той бок медаля» Валерыі Сцяцко, і працяг серыі «Цяжкія дарогі жыцця» Мікалая Чаргінца, і шмат чаго іншага.
Вельмі прадстаўніча выглядае стэнд пад назвай «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы». Начальнік аддзела сродкаў масавай інфармацыі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Людміла Кузнец падзялілася, што кожная кніга, прадстаўленая тут, — гэта грані, якія злучаюць беларускі і рускі народы.
— Асабліва цікавая кніга «Сімяон Полацкі. Падзвіжнік і асветнік»: унутры знаходзіцца яшчэ і факсімільнае выданне, якое ўбачыла свет упершыню ў XVІІ стагоддзі. Гэта чытанка, па якой вучыўся сам Пётр І, — падзялілася Людміла Кузнец.
Навукова-папулярных выданняў ужо дастаткова шмат, выходзяць яны рэгулярна з 2022 года дзякуючы намаганням беларускіх і расійскіх аўтараў. І спыняцца на дасягнутым «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы» не збіраецца. Наперадзе яшчэ шмат творчых і навуковых планаў.
І гэта толькі малая частка таго, што прапаноўвае кніжны форум. Зрэшты, лепш убачыць на свае вочы. Што і раім вам зрабіць: выстаўка-кірмаш працуе да нядзелі.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси