30.09.2025 Новости
НЯСВІЖ. 25 і 26 верасня на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» праходзіў ІІ Міжнародны праваслаўны фестываль духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём».
У творчым праваслаўным фестывалі прынялі ўдзел дэлегацыя Мінскага гарадскога аддзялення СПБ на чале з паэтам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай Прэміі Беларусі Міхасём Пазняковым і дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ (старшыня заслужаны дзеяч культуры Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч). Да іх далучыліся прадстаўнікі творчай супольнасці розных пакаленняў з Міншчыны, Брэстчыны, Магілёўшчыны, іншых абласцей, літаратары з Ліпецка і Масквы. Сярод арганізатараў фестывалю – Беларуская Праваслаўная Царква, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Інстытут тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла, БДУ, творчыя аб’яднанні і грамадскія арганізацыі Беларусі. Фестываль прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю кнігі першадрукара Францыска Скарыны «Апостал» і прымеркаваны да цэлага шэрагу праваслаўных рэлігійных святаў (Дзень Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, Дзень Узвышэння Святога Крыжа).
Ідэйныя натхняльнікі гэтага маштабнага форуму – вікарый Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, епіскап Нясвіжскі Аўксенцій і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца, паэтэса, радыёвядучая Зоя Кулік. Сярод арганізатараў, членаў журы конкурса – аўтар сцэнарыя фестывальнай праграмы, наша калега па абласному аддзяленню СПБ, паэтэса Таццяна Яцук.
Паводле стваральнікаў свята, паняцце духоўнасці ўключае ў сябе некалькі вельмі важных сэнсаў. Гэта і хрысціянскі светапогляд, і любоў да бліжняга, павага да старэйшых, да традыцый, гісторыі і культуры роднага краю, інтэлектуальны і творчы патэнцыял, іх развіццё, удасканаленне, практычная рэалізацыя. У аснове канцэпцыі фестывалю – абарона традыцыйных каштоўнасцей, увасабленне духоўнага адзінства хрысціян, услаўленне ідэалаў гуманізму і патрыятызму ў мастацкай творчасці. Галоўнымі дзеячымі асобамі выступілі святары, педагогі і людзі мастацтва (паэты, барды, дэкламатары, мастакі). Пераможцы фестывальнага літаратурнага конкурсу (Гран-пры ў Людмілы Кебіч), удзельнікі і арганізатары свята атрымалі ў падарунак творы жывапісу ад членаў Еўразійскай мастацкай садружнасці (Мінск).

Як вядома, асновы духоўнасці закладваюцца на самым раннім этапе фарміравання асобы чалавека. Таму вельмі важная роля арганізатарамі была адведзена дзецям. Па спецыяльнай праграме ў рамках фестывалю адбыліся тэматычны конкурс юных чытальнікаў, цікавыя экскурсіі, тэатралізаваныя пастаноўкі, канцэрты, выставы, сустрэчы школьнікаў з сучаснымі пісьменнікамі, асветніцка-тэалагічныя гутаркі, прэзентацыі кніг. Пачаўся фестываль з круглага стала на тэму духоўнага выхавання, абароны хрысціянскіх і сямейных традыцый. У тэматычным пасяджэнні паўдзельнічала маладая гродзенская паэтэса Вольга Алізар з сям’ёй.

З дакладамі выступілі і іншыя госці з Гродна. Людміла Кебіч прапанавала агляд духоўнай тэматыкі ў формах працы і творчасці пісьменніцкай арганізацыі Прынёмання і ва ўласнай паэзіі. Вучоны, педагог, выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы Аліна Сабуць надала гутарцы за круглым сталом «купалаўскі вектар», запрасіла калег з іншых рэгіёнаў на традыцыйныя Купалаўскія чытанні, ахарактарызаваўшы шматгранны рэлігійна-духоўны аспект у традыцыях універсітэцкага жыцця. Гродзенская пісьменніца, педагог Галіна Богдан (псеўданім Ліна Багданава) падзялілася вопытам рэалізацыі праектаў духоўна-маральнай накіраванасці, адзначаных пераможнымі дыпломамі міжнароднага і рэспублікаснкага ўзроўню і паспяхова рэалізаваных у гродзенскай сярэдняй школе № 12 імя В. У. Бабко. Разам з педагогамі Міншчыны пра супрацоўніцтва са святарамі, пра духоўнае выхаванне юных грамадзян краіны ў праграме круглага стала распавялі: член СПБ, празаік, бібліятэкар Ірына Фаміна (Брэст); член СПБ, паэтэса, дэкламатар, выкладчык БДПУ імя М. Танка Таццяна Жылінская і іншыя дасведчаныя эксперты.
На працягу двух дзён на фестывальнай сцэне сваё мастацтва прадэманстравалі дзясяткі творчых адзінак – аўтары, выканаўцы, творчыя калектывы. Усё гэта вельмі розныя людзі, прадстаўнікі розных пакаленняў. Але аб’яднала ўсіх вера, святы вобраз Багародзіцы, чыё чароўнае покрыва засцерагае ад бед нашу сінявокую Беларусь. Усё часцей мы бачым, наколькі трывожны і супярэчлівы свет, у якім выпала жыць роду чалавечаму. Усё часцей нават самыя стойкія матэрыялісты вымушаныя спадзявацца на ласкувышэйшых нябесных сіл. Але, як кажуць, на Бога спадзявайся, а сам не адлыньвай. Чалавек жыве, пакуль у яго ёсць вера. Жыццё дэманструе неабходнасць яе мацаваць. ІІ Міжнародны праваслаўны фестываль духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём» пацвердзіў актуальнасць па-хрысціянску боскага, творчага ладу жыцця, прадэманстраваў надзвычайную зацікаўленасць духоўнай тэматыкай сучаснага мастацтва, яе эфектыўнасць у справе пабудовы нашай светлай будучыні. Зразумела – калі ёсць запыт, трэба рухацца далей. Гэты накірунак неабходна развіваць і напаўняць яго новым карысным зместам. Магчыма гэта толькі сумеснымі намаганнямі ўлады, царквы, сістэмы адукацыі, культуры – гэта значыць, талакой, народнай еднасцю славян у імя Бога і Айчыны.
Скончыўся міжнародны творчы форум святкаваннем юбілея актыўнага грамадскага дзеяча, таленавітага літаратара, радзімазнаўцы, асветніцы і проста цудоўнай жанчыны Зоі Мікалаеўны Кулік. Віншуем!

Да пабачэння, фестываль! Да новых сустрэч, казачны Нясвіж!
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


