
06.10.2025 Новости
Мінскі гарадскі тэатр паэзіі ўрачыста адкрыў дзясяты, юбілейны, сезон
Душа заўсёды прагне прыгожага, чыстага, узвышанага. Ці не гэта дае паэзія? Прыстанак, куды імкнецца дбайнае сэрца, свет, поўны праўды і справядлівасці, дзе можаш наталіцца жаданым — шчырасцю і бясконцасцю любові. Менавіта яна дае тую свежасць і жывасць, якія рухаюць наперад і даюць натхненне жыць. Асабліва цяпер, калі пасталелыя на год дрэвы пачынаюць прымяраць новыя ўборы пасля лета: у зеляніне шапак ужо зіхацяць жоўценькія лісточкі, як сонечныя пацеркі. Новы ўбор прымераў і Мінскі гарадскі тэатр паэзіі, адкрыўшы свой новы, дзясяты, сезон імпрэзай “Паэзія любові, веры і надзеі” ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска.
— За дзесяць гадоў артыстамі, паэтамі, кампазітарамі, бардамі, рэжысёрамі, сцэнарыстамі Тэатра паэзіі пастаўлена звыш 200 спектакляў, паэтычных імпрэз, творчых і юбілейных літаратурных вечароў, — адзначыў дырэктар Тэатра паэзіі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. — У нашым тэатры прагучалі многія творы знакамітых паэтаў-класікаў рускай паэзіі, украінскай, замежнай і, безумоўна, беларускай, у тым ліку сучаснай. Нашы імпрэзы праходзілі ў розных месцах: у Доме літаратара, Доме Масквы, Доме дружбы, на святах дня беларускага пісьменства, іншых пляцоўках, у тым ліку Расіі. Але галоўнай і ўлюбёнай пляцоўкай з’яўляецца зала Купалаўскай бібліятэкі Мінска — храма ведаў, культуры, прыгажосці і любові.
Стварыць Тэатр паэзіі Міхась Паўлавіч вырашыў, калі пабываў на Міжнародным літаратурным фестывалі “Белыя жураўлі”, заснаваным вялікім Расулам Гамзатавым у Махачкале (Дагестан): “Мяне вельмі натхніў іх двухпавярховы дом паэзіі, у якім віраваў тэатр. І калі я вярнуўся, пайшоў прасіць мэра Мінска ствараць Тэатр паэзіі, выдзеліць памяшканне — залу “Верхні горад”. Мне сказалі: “Калі будзеце білеты прадаваць, то дадзім вам гэтую залу”. А я запярэчыў: “Не, мы хочам, каб паэзію ішлі слухаць не па білетах, а па поклічы сэрцаў, тыя, хто любіць высокае мастацтва”. І нам прапанавалі залу Купалаўскай бібліятэкі.
— Хутка ляціць час… Не верыцца, што прайшло дзесяць гадоў, — заўважыла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Матвеева. — Больш за дзвесце імпрэз, новыя галасы, новыя людзі... Ужо ёсць кулак прыхільнікаў тэатра. Я б хацела пажадаць заснавальнікам Тэатра паэзіі доўгага плённага творчага жыцця, каб у нас з’яўляліся маладыя паэты.
Ніл Гілевіч, аднойчы звяртаючыся да маладых паэтаў, гаварыў: “Маладым трэба пачынаць з усведамлення, што толькі жыццё народа, яго гістарычны лёс можа быць крыніцай творчасці мастака, толькі знітаванасць свайго жыцця і лёсу з жыццём і лёсам народа можа даць маладому таленту крылы для ўзлёту”. Няйнакш гэтымі словамі кіруецца і да сёння Міхась Пазнякоў, для якога Ніл Гілевіч — знакавы настаўнік, які паказаў шлях у літаратуру. Як вядома, Ніл Гілевіч быў прызнаным аўтарытэтным настаўнікам моладзі. А сёння ўжо сам Міхась Паўлавіч клапатліва збірае пад сваімі паэтычнымі крыламі новыя таленты, уважліва ставячыся да маладых і даючы ім слова, што надзвычай важна ў пачатку шляху, каб набраць разбег і ўзляцець, адчуўшы падтрымку сталага. Як калісьці другакурснік Ніл Гілевіч акрыліўся пахвалой Якуба Коласа пасля прачытання двух вершаў, якія вельмі спадабаліся песняру. Маладосць сілкуе аптымізм, які здольны апаэтызаваць свет у дагэтуль невядомых фарбах.
Згадаў сябе маладога, аддаўшыся настальгіі пра першыя выступленні ў тэатры, паэт, празаік, публіцыст, тэлевядучы, заслужаны дзеяч культуры Рэсрпублікі Беларусь Навум Гальпяровіч:
— Ужо дзесяць гадоў у гэтай зале збіраюцца людзі, якія любяць паэтычнае слова. Паэзія, нягледзячы на складаны час, патрэбна людзям: адпачыць душою, адчуць высокі палёт думкі. Я прымаў удзел у першым спектаклі Тэатра паэзіі. Калі прынята ў юбілеі нейкае рэтра, то хачу прадставіць верш, з якім я выступаў 10 гадоў назад, — “Так цяжка быць проста шчырым”:
Так цяжка быць проста шчырым,
Бездапаможна шчырым:
Ні літасці, ні кахання
За шчырасць сваю не прасіць.
А дзень пазірае лірам,
А ноч пазірае лірам,
І тонкай струной напятай
Восеньскі ліст дрыжыць.
Выразнага лірычнага пачуцця поўныя вершы і паэта намесніка старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Уладзіміра Мазго, які ўсхваляваў залу палымянай дэкламацыяй:
Я слухаю мелодыю дажджу,
Які зайграў на клавішах лістоты
І наталіў, і акрыліў душу
Лагодным дакрананнем кожнай ноты.
Верш, які стаў песняй, — асаблівая падзея. У імпрэзах Тэатра паэзіі прымалі ўдзел і кампазітары, якіх, на жаль, ужо няма з намі, такія як Алег Елісеенкаў, Якаў Навуменка… Апошні на словы Уладзіміра Мазго напісаў жыццесцвярджальную песню “Мне ўсё верыцца”, відэакліп на якую паглядзелі ў запісе 1999 года. Усмешлівы і агністы Якаў Навуменка з экрана, як жывы, суцяшаў і падбадзёрваў: “Мне ўсё верыцца: // Шчасце вернецца // Светлай просінню // Гэтай восенню. // Толькі лепшае // Сёння збудзецца, // А найгоршае // Ўсё забудзецца!”.
Вершы, перароджаныя ў песню, здаецца, здольны даляцець у самыя далёкія куткі душы, каб разбудзіць яе, ацаліць. Песню “Сыходзіць, лета, пачакай” на вершы Міхася Пазнякова выканала бард Таццяна Жылінская, чые душашчыпальны тэмбр і творчую манеру не зблытаеш ні з кім. Як і харызму Сяргея Краўца, які зрабіў песнямі вершы Міхася Пазнякова “Паланэз”, “Начное купанне”, а кампазіцыя пра бярозава-валошкава-рамонкавы родны край стала народнай. На вершы Навума Гальпяровіча творчы тандэм Сяргея і Іны Краўцаў прадставіў песню “Верасень”, якая зачаравала залу: “І на добрае зноў павернецца, // І хай будзе ўсё як ёсць. // Так і быць: зноў паверу верасню, // І хай доўжыцца маладосць”. На вершы Валянціны Паліканінай — характарная, вясёлая песня “Самавар”.
Што адрознівае паэта? Узвышэнне над матэрыяльным і прага палёту. Гэта даказалі новыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Святлана Ластачкіна выступала надзвычай эмацыянальна, пранікнёна, як і Алена Бельская, якая пераканана: “Паэзія — гэта асаблівае адчуванне, палёт, гэта наша самае патаемнае, тое, што жыве ў душы і аднойчы выходзіць, каб падзяліцца з іншымі”.
У гэтыя моманты зараджаецца ўся прастора залы, і ты, прымаючы зарад, становішся багацейшы. Бо адна справа — чытаць верш са зборніка аўтара, і зусім іншая — слухаць, як яго чытае ён сам. У яго жывым выступленні становіцца важным усё: ззянне вачэй, рух рук, гульня мімікі, хуткасць удыху… Цікава сачыць за змяненнем твару прамоўцы, адчуваць яго хваляванне і… хвалявацца разам з ім.
Так, хвалявалі сэрцы гледачоў артыстка, рэжысёр Ганна Красоўская, рэжысёр, сцэнарыст Святлана Яфрэмава, гомельскі літаратар Дзмітрый Нілаў, паэтэса Людміла Сільнова, нязменная вядучая Вольга Багушыньска, актыўны ўдзельнік усіх сезонаў тэатра Роберт Багушыньскі, вучань 7 класа сярэдняй школы №
Самавыяўляцца творцу і бачыць цікаўныя вочы слухачоў, быць пачутым — значыць тварыць не дарма. Калі сонца выходзіць, усё жывое павяртаецца да яго, так і душы горнуцца да дабрыні, якую нясе паэзія. Думаецца, яна магла б быць зброяй, якая б спыніла канфлікты на Зямлі.
Наталля СВЯТЛОВА,
фота аўтара
(тэл. 8033-671-25-43)
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси