Гродзенцы далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Я і мая сям’я – супраць брыдкаслоўя!»


Гродзенцы далучыліся да рэспубліканскай акцыі  «Я і мая сям’я – супраць брыдкаслоўя!»

31.10.2025                                                          Новости


29 кастрычніка ў адным з карпусоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага адбылося чарговае пасяджэнне створанага Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром» (год стварэння – 2015).

 

На кастрычніцкую сустрэчу па традыцыі сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў: ветэраны працы і моладзь (а менавіта студэнты спецыяльнасці «Педыятрыя» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта), педагогі, літаратары, работнікі культуры, грамадскія актывісты.

 

 

Вострая праблематыка маральнасці, чысціні мовы, культуры маўлення закранаецца клубам часта. На гэты раз гродзенцы пастараліся разабрацца ў прычынах брыдкаслоўя ў маладзёжным асяроддзі (беднасць лексікону з-за нежадання чытаць кнігі або нешта іншае?); паразважалі пра тое, чаму мат у грамадскіх месцах з’яўляецца правапарушэннем і караецца па законе, а ў інтэрнэце, у вялікай колькасці кніг у тым ліку і на гродзенскіх прылаўках – гэта ўжо амаль норма (недапрацоўка кантралюючых органаў або нешта іншае?). Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што з фармату лаянкі брыдкаслоўе ўсё часцей ператвараецца ў штодзённы стыль маўлення. Чаму так адбываецца?

 

Выступоўцы падзяліліся назіраннямі з уласнага вопыту, з жыцця сваіх сем’яў. Была падкрэслена важнасць станоўчага прыкладу. Звярнуліся да сфер этыкі, педагогікі, псіхалогіі, філалогіі, гісторыі, сацыялогіі, этнаграфіі, фальклору і нават эзатэрыкі. …Беларускі празаік, педагог Ірына Салата распавяла, што ў старажытныя часы ў хаце не дазвалялі сабе брыдкасловіць, таму што ў хатняй прасторы знаходзіліся сакральныя элементы – печ, дзверы, парог, чырвоны кут (покуць) і іншыя. Калі людзі спрачаліся, гаварылі: «Сказаў бы я табе, але ж печ у хаце…». З даўніх часоў існавала павер’е, што бруднае слова можа пакрыўдзіць род, нашкодзіць душам продкаў. …Старшыня ГрАА СПБ, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Людміла Кебіч выказалася аб паходжанні і статусе мата (у Расіі мат існуе як асобная, альтэрнатыўная мова, вядомы яго 12-томны слоўнік); адзначыла, што ў некаторых літаратурных творах (напрыклад, у творчасці Сяргея Даўлатава) ненарматыўная лексіка выкарыстоўваецца для больш поўнай эстэтычнай дэталізацыі рэчаіснасці, каб арганічна, пераканаўча адлюстраваць атмасферу грамадства пэўнай эпохі і г. д. Студэнтка IV курса ГрДМУ Яна Севярын падзялілася: «Сёння дайшло да абсурду – калі ты адкажаш на мат не матам, суразмоўца можа цябе не зразумець…».    

 

 

Член СПБ, паэт Анатоль Апанасевіч нагадаў, што паводле хрысціянскага канону мат лічыцца антыподам малітвы. Акрамя таго Анатоль Уладзіміравіч працытаваў і ахарактарызаваў лаянку ўзору ХІХ стагоддзя з твора Аляксея Талстога:

 

Шеромыжник, болван, неучёный холоп!

...Чтоб тебя в турий рог искривило!

Поросёнок, телёнок, свинья, эфиоп,

... Чёртов сын, неумытое рыло!

Кабы только не этот мой девичий стыд,

Что иного словца мне сказать не велит,

... Я тебя, прощелыгу, нахала,

... И не так бы ещё обругала!

 

У ходзе дыскусіі прагучала яшчэ шмат вельмі яркіх, цікавых выступленняў нашых калег. Прадстаўнікі грамадскасці былі адзіныя ў меркаванні – сямейныя і хрысціянскія традыцыі маглі б стаць эфектыўным сродкам ачышчэння мовы многіх нашых суграмадзян. Атмасфера тэматычнай сустрэчы была вельмі добразычлівай і канструктыўнай. Грамадскае абмеркаванне дадзенай праблематыкі ў горадзе над Нёманам працягваецца.

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси