03.03.2026 Новости
У сталічнай дзіцячай бібліятэцы №10 адбылася сустрэча вучняў 5 класа СШ №70 горада Мінска з пісьменніцай Святланай Быкавай. Дзеці пазнаёміліся з творчай біяграфіяй пісьменніцы, яе творчым набыткам, паслухалі вершы паэтэсы на роднай беларускай мове і нават сталі першымі слухачамі і адгадавальнікамі вершаваных загадак з будучай яе кнігі “Ад Зямлі да Космасу”.
Але галоўнай тэмай сустрэчы стала гістарычная паэма С. Быкавай пад назвай “Легенда Заслаўя”, якая ўключана ў школьную праграму для вывучэння ў 6-м класе.

Праз апісаныя ў паэме падзеі дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення горада Заслаўя, з такімі вядомымі гістарычнымі асобамі, як князёўна Рагнеда, князь Уладзімір, князь Ізяслаў, ад імя якога і пайшла назва горада.
27 лютага ў Ждановіцкай сельскай бібліятэцы Святлана Быкава правяла сустрэчу з вучнямі 5 ”В” класа Ждановіцкай сярэдняй школы. І зноў асноўнай тэмай сустрэчы стала паэма “Легенда Заслаўя”.
Дзеці з зацікаўленасцю слухалі аўтарскую дэкламацыю ўрыўкаў паэмы, а таксама яе празаічны аповед пра падзеі больш чым тысячагадовай даўніны (у мінулым, 2025 годзе Заслаўе адзначыла сваё 1040-годдзе).

Пасля дзеці ўспаміналі і абмяркоўвалі свае паездкі ў гэты старажытны горад, расказвалі пра наведванне гістарычных мясцін і помнікаў. Зацікаўленых у гэтай размове было шмат, бо аграгарадок Ждановічы знаходзіцца паблізу горада Заслаўя.
З мерапрыемства дзеці пайшлі з падарункамі ад аўтара – паштоўкамі з аўтарскімі фотаздымкамі С. Быкавай і ўрыўкамі з паэмы “Легенда Заслаўя”, а фонд бібліятэкі папоўніліся яшчэ адным асобнікам кнігі з гістарычнай паэмай “Легенда Заслаўя” з аўтографам.
Прэс-служба МАА СПБ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


