Сустракаючы вясну


Сустракаючы вясну

03.03.2026                                                          Новости


На працягу апошняга зімовага тыдня на Уздзеншчыне праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Наведвальнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса змаглі далучыцца да агульнарэспубліканскай акцыі “Кожную пятніцу – роднае, сваё”. Дню роднай мовы было прысвечана і лютаўскае пасяджэнне літаб’яднання “Нёманец”.

Тон размове задаў пісьменнік Віктар Сабалеўскі. Ён нагадаў прысутным некалькі статыстычных звестак пра кнігавыданне на беларускай мове ў нашай краіне, пра асаблівасці надання прывабнасці роднага слова ў навучальных установах, літаратурнай дзейнасці. А пацвярджэннем яго любові да беларускай мовы сталі новыя байкі паэта. Уздзенскі раён рыхтуецца адзначыць у сакавіку 130-я ўгодкі з дня нараджэння знакамітага земляка-байкапісца Кандрата Крапівы.

Пра мілагучнасць роднага слова, уменне абыходзіцца з ім па-майстэрску нагадала дзіцячая пісьменніца Галіна Нічыпаровіч. Спачатку яна зачытала сваю лірычную замалёўку на рускай мове, а затым ва ўласным перакладзе па-беларуску. Як хораша, чыста і прыгожа гучалі гэтыя радкі! А Тамара Каляда ў якасці эпіграфаў да сваіх вершаў выкарыстала радкі з твораў паэтаў з Міншчыны Уладзіміра Цануніна і Генадзя Аўласенкі. Ніна Лятун нарадзілася ў Расіі, але ўжо каля паўстагоддзя жыве ў Беларусі, і яе празаічныя творы прасякнуты любоўю да сваёй малой радзімы, сваё, роднае, захоўваецца і ўдалечыні ад родных мясцін.

Гучалі вершы, празаічныя радкі, песні пра апошнія зімовыя дні і пра вясну, пра любоў да Радзімы і жаданне жыць і тварыць дзеля яе росквіту.

 

Прэс-служба МАА СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси