19.06.2026 Новости
У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В. Стральцова да Дня памяці святой заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай адбыўся гістарычны экскурс «Заступніца і асветніца Беларусі». Мерапрыемства прайшло ў межах рэалізацыі праграмы «Далучыся да роднага» і прымеркавана да Года беларускай жанчыны.


Падчас сустрэчы госці пазнаёміліся з жыццёвым шляхам і міратворчай дзейнасцю святой князёўны, якая прысвяціла сябе служэнню свайму народу. Адной з цэнтральных тэм абмеркавання стала гісторыя галоўнай нацыянальнай рэліквіі — знакамітага Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Прысутныя паглыбіліся ў драматычную гісторыю стварэння, знікнення і глыбокага сімвалічнага значэння гэтай духоўнай святыні. Асаблівую атмасферу сустрэчы надаў удзел члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколы Леўчанкі. Пісьменнік падзяліўся з прысутнымі сваімі разважаннямі аб духоўнай спадчыне Беларусі, яе культуры і непарыўнай сувязі пакаленняў. Таксама прэзентаваў новы верш «Пад купалам», прысвечаны полацкай асветніцы і напісаны спецыяльна да дня яе ўшанавання. Постаць Еўфрасінні Полацкай на працягу стагоддзяў застаецца крыніцай натхнення: яна стала гераіняй шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Яркай ілюстрацыяй гэтага сталі тэматычныя выставы, арганізаваныя для гасцей мерапрыемства. Так, кніжны развал «Духоўны след праз стагоддзі» і кніжная выстава «Духоўная спадчына беларускіх асветнікаў» пазнаёмілі чытачоў з багатай літаратурнай спадчынай нашай краіны і гісторыяй беларускага асветніцтва. Мерапрыемства пакінула глыбокі след у сэрцах удзельнікаў, нагадаўшы пра важнасць захавання гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцей роднай зямлі.
Алена Сідарэнка,
загадчык аддзелам абслугоўвання і інфармацыі
Быхаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.У. Стральцова
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


