Вандроўка ў свет дэльфінаў: сустрэча з Наталляй Хмялеўскай (Ніканчук)


Вандроўка ў свет дэльфінаў: сустрэча з Наталляй Хмялеўскай (Ніканчук)

19.06.2026                                                          Новости


10 чэрвеня ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Дружны» (сярэдняя школа № 1 г. Горкі) адбылася вельмі цёплая і цікавая сустрэча. У госці да вучняў завітала  член Саюза пісьменнікаў Беларусі — Наталля Хмялеўская (Ніканчук).

Наталля Валянцінаўна падзялілася з дзецьмі сваёй асабістай гісторыяй: як дзіцячае захапленне чытаннем і любоў да друкаваных радкоў ператварыліся ў сапраўдную літаратурную творчасць. Сёння яна не толькі чытае, але і з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг. Пісьменніца прапануе чытачам уласныя прыгодніцкія, забаўляльныя і нават дэтэктыўныя сюжэты.

 

 

Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала кніга «Дэльфінчык Агу», якая нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Рабяты з захапленнем слухалі пра незвычайныя здольнасці гэтых марскіх жыхароў. Дзяцей зацікавіла тое, як дэльфіны спяць на вадзе не тонучы, як выкарыстоўваюць ультрагукавую «пушку» пры паляванні на касякі селядцоў і як могуць аднолькава добра бачыць і ў вадзе, і ў паветры.

— А яшчэ дэльфіны могуць размаўляць паміж сабой, — тлумачыла пісьменніца дзецям. — Праўда, робяць гэта яны на сваёй «дэльфінячай» мове і заўсёды прыходзяць на выручку адзін аднаму.

 

 

Напрыканцы сустрэчы Наталля Валянцінаўна правяла вясёлую віктарыну «Гэта рыба ці звер?». Аказалася, што адказаць на такое «простае» пытанне бывае нялёгка! Каб больш не блытацца ў таямніцах прыроды, Наталля Хмялеўская параіла дзецям больш чытаць і, канешне, пазнаёміцца з прыгодамі дэльфінчыка Агу. 

Чытайце, пазнавайце новае і памятайце: кніга — гэта лепшы сябар і дарадца!

 

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси