«Калі ты душою, як крэпасць над Бугам…»


«Калі ты душою, як крэпасць над Бугам…»

25.06.2026                                                          Новости


Традыцыйная літаратурная імпрэза «Калі ты душою, як крэпасць над Бугам», прысвечаная Дню памяці і смутку ахвяр Вялкай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа прайшла на вуліцы Савецкай у Брэсце. Яе ўдзельнікі — брэсцкія пісьменнікі  Зінаіда Дудзюк, Вера Вакула, Анатоль Брытун, Наталля Кандрашук, Анатоль Бензярук і творчая  моладзь.

 

 

 

 Са сцэны ўспаміналі, як пачаў стварацца мастацкі летапіс абароны Брэсцкай крэпасці, творчасць класікаў і паэтычнае балюча-горкае рэха на падзеі тых першых трагічных дзён беларускіх, рускіх, украінскіх, армянскіх, літоўскіх паэтаў. Да літаратурнага марафону далучыліся  ўдзельнікі першага форума маладых майстроў слова — Ірына Макарчук, Марыя Наумчык, Кацярына Мізерыя, Аляксандра Кароль і юныя артысты, пераможцы абласнога конкурсу чытальнікаў «Зорны спеў», удзельнікі ўзорнага тэатра «Сторис».  Маладыя паэты  чыталі свае вершы, дзяліліся ўспамінамі  бабуль і дзядуль, юныя дэкламатары прадставілі музычна-вершаваную кампазіцыю па творчасці старэйшага літаратара брэсцкай суполкі, чыё дзяцінства было апалена вайной,  Георгія Тамашэвіча «Прыгажосць Брэстчыны», гучалі  вершы столінскай паэткі Галіны Бабарыкі і ўрыўкі з твораў паэтаў-сучаснікаў.

 

 

Нечаканым і прыемным было выступленне кнігалюба Сяргея Матусевіча, які  падзяліўся з  гасцямі Брэста і землякамі сваімі ўражаннямі ад паездкі на родную Лунінеччыну. На малой Радзіме ён сустрэўся з Таццянай Канапацкай, складальнікам кнігі «Будь же навеки ты с миром повенчана, край православный — моя Лунинетчина».  Перадача выдання брэсцкім пісьменнікам адбылася падчас мерапрыемства.

 

 

З тэматычнымі песнямі выступілі студэнтка эстэтычнага факультэта БДПУ ім. Танка Мілана Дземідовіч і салістка ўзорнага ансаблю «Тарарам» Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Караліна Брыч.

 

 

Родны горад Брэст для людзей рознага пакалення стаў месцам першых адкрыццяў, шчырых прызнанняў і добрых падзей, але трагічны росчырк вайны ў душы кожнага  пакінуў свой след. У застылых камянях і нашай памяці подзвіг герояў цытадэлі над Бугам бессмяротны.

 

 

                                                                                    Брэсцкае абласное аддзяленне

Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси