У краіну дзяцінства – з добрай кнігай


У краіну дзяцінства – з добрай кнігай

27.07.2026                                                          Новости


Пісьменнік і казачнік Аркадзь Жураўлёў наведаў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” у межах рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. На сустрэчу прыйшлі вучні 5-6 класаў беларускіх і расійскіх школ і гімназій,  аб’яднаных у адзін дружны “Трэці Зорны атрад”.

Літаральна на першых хвілінах знаёмства і аповеду пра свой творчы шлях пісьменнік пачуў самае прыемнае для кожнага творцы: “А вашыя казкі чытаў і нават слухаў па Беларускім радыё! – радасна азваўся Саша Тарасаў з Барысава. – Асабліва спадабалася казка пра “Падарожжа палявога коніка і цвыркуна на возера Нарач”! Менавіта гэта казка і заманіла мяне ў гэты цудоўны куток нашай краіны”.

 

 

Пісьменнік расказваў розныя вясёлыя гісторыі пры стварэнні сваіх твораў, чытаў урыўкі з асобных казак з кнігі “Чароўныя словы”, а таксама абразкі і прыродныя замалёўкі, якія крытыкі называюць вершамі ў прозе з кнігі “Я жадаю вам дабра…”.

Выхаванцы ўважліва слухалі, шчыра смяяліся з асобных герояў, але і пытанні сыпаліся з усіх бакоў. Аўтар даходліва адказваў, тлумачыў і разам з дзецьмі радаваўся сустрэчы.

На развітанне Аркадзь Трафімавіч падараваў свае кнігі з дароўнымі надпісамі: “Радуйцеся кожнай кветачцы, кожнай жывой істоце, кожнай хвіліне жыцця і такога шыкоўнага адпачынку пад мірным небам Беларусі. Памятаце: дзяцінства не паўтараецца!”

 

Ілья ОБУХАЎ, важаты.

Фота з архіва А. Жураўлёва

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси