10.08.2026 Новости
У кожнага чалавека на зямлі свая малая радзіма. Святло, якое яна даруе нам - адно: незгасальнае і вечнае. Таму тэма радзімы вечная і невычарпальная.
Цікавая і памятная паэтычна-музычная сустрэча "Радзімы вечнае святло" адбылася на Лагойшчыне ў Гайненскім бібліятэцы-клубе з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхасём Пазняковым і вядомым кампазітарам, народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком.
Знакамітых гасцей традыцыйна сустракалі хлебам-соллю пад акампанімент беларускай "Лявоніхі".

Першая частка сустрэчы распачалася са знаёмства з творчасцю вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі і іншых рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій Міхася Паўлавіча Пазнякова. З яго вуснаў прагучалі вершы са зборніка "Радзімы вечнае святло", прысвечаныя нашай прыгожай Беларусі, малой радзіме, роднай зямлі, бязмежнай любові да яе.
Паэтычныя творы "Нарадзіўся я ў сонечнай хаце", "Матчына хата", "Мамін бэз", "Хачу туды, дзе пахне хлебам", "Беларусі" гучалі так шчыра і ўзнёсла, што ў вачах слухачоў зіхацелі агеньчыкі цеплыні і ўдзячнасці за такі творчы падарунак.
Вучаніца 4 класа Гайненскай сярэдняй школы Таццяна Коцій падрыхтавала верш Міхася Пазнякова "Помнік герою", які крануў кожнага прысутнага ў зале. Аўтар падараваў дзяўчынцы на памяць сваю кнігу з аўтографам.

Напрыканцы свайго выступлення паэт прачытаў верш "Беларускай жанчыне", прысвечаны яе працавітасці і міласэрнасці, хараству і красе, мудрасці і святасці.
Прысутныя таксама пазнаёміліся і з выставай кніг Міхася Пазнякова, якая была прадстаўлена ў бібліятэцы-клубе. Сярод іх "Радзімы вечнае святло", " Шануем, любім, ганарымся", "Наш сцяг" і інш.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел і студэнтка 2 курса факультэта менеджменту спорту, турызму і гасціннасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Нгеці Камагу Мілена. Яна з’яўляецца адной з пераможцаў конкурса ў творчай гасцёўні "Беларусь – скрыжаванне нацыянальных культур", г.Гродна 2025 г., у якім ўдзельнічалі студэнты з 27 краін свету.
Нгеці Камагу Мілене 19 гадоў, родам яна з Рэспублікі Камерун, горада Дуала. Мілена выбрала нашу краіну за яе турыстычную і культурную разнастайнасць. З яе вуснаў на сцэне узнёсла гучаў верш Міхася Пазнякова "Беларусь і Камерун", які прынёс ёй перамогу ў конкурсе і безліч апладысментаў у Гайненскім бібліятэцы-клубе, нягледзячы на тое, што яна раней ніколі ў жыцці не вывучала беларускую мову!
Са слоў аўтара артыкула: "Верш “Беларусь і Камерун” аб’ядноўвае дзве такія далёкія і розныя краіны, стаў трывалым падмуркам еднасці двух сяброўскіх народаў. Яго паэтычныя радкі прасякнуты пачуццём патрыятызму, бязмежнай любові да малой радзімы і нашай сінявокай прыгажуні. Змест і тэматыка верша накіраваны на выхаванне падрастаючага пакалення ў духу полікультурнасці, што прадугледжвае фарміраванне духоўнай асобы, якая ставіцца з павагай да ўсіх народаў свету."

Другая частка мерапрыемства была прысвечана творчасці вядомага беларускага кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Сяменавіча Ханка. Пачалася яна з гучання знакамітых хітоў "Вы шуміце, бярозы", "Малиновка", "Завіруха", "То ли еще будет," добра вядомых не толькі ў Беларусі, але і на прасторах былога СССР. Песні, музыку да якіх напісаў кампазітар, выконвалі знакамітыя спевакі Эдуард Хіль, Леў Лешчанка, Ала Пугачова, Ігар Скляр, Ядзвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, ВІА "Песняры", "Сябры" і інш. Затым знакаміты кампазітар выканаў новую песню, напісаную ім на словы Міхася Пазнякова "Мамина сирень".
Эдуард Ханок распавёў публіцы пра сваю прафесійную дзейнасць, любімыя і галоўныя мелодыі ў сваім жыцці, адказаў на ўсе пытанні, што прагучалі з залы. Сакрэт маладосці кампазітара вельмі просты: ён аддае і адначасова чэрпае свой запал энергіі дзякуючы любові і ўдзячнасці тых, для каго ён ладзіць свае творчыя сустрэчы.
Заўзятыя слухачы доўга не адпускалі Эдуарда Сяменавіча Ханка, які спяваў для публікі на біс, выклікаючы захапленне і безліч эмоцый.
Песня "Два полі", музыку да якой напісаў Эдуард Сямёнавіч Ханок на словы Анатоля Вярцінскага, стала прэм'ернай для сувораўца 3 роты 4 узвода Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Нестара Каламійцава. Юнак спяваў пранікнёна, крануў сэрцы прысутных сваім творчым выкананнем. Таксама даспадобы ўсім прыйшлася мілагучная песня "Любите Родину!"
Завяршылася другая частка музычнай сустрэчы агульным выкананнем песні на словы нашага славутага земляка Ніла Гілевіча "Вы шуміце, бярозы!", музыка Эдуарда Ханка.
Прадстаўнікі Лагойскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Гнецько Ірына і Панько Таццяна шчыра падзякавалі за паэтычна-музычную сустрэчу і ўручылі славутым гасцям памятныя сувеніры.
Творчы вечар завяршыўся наведваннем гасцямі мясцовай каларытнай крынічкі "Мішкін млын" і аграэкасядзібы "Гаенскія вытокі".
Наведвальнікі былі бязмежна ўдзячны за цікавую і пазнавальную экскурсію, якая выклікала захапленне ад пачутага і ўбачанага, за неверагодна смачныя беларускія прысмакі і пачастункі Сяргею Аляксандравічу і Наталлі Міхайлаўне.
Гасціннасць гаспадароў сям’і Селяхаў ахінула цёплынёй і дабрынёй, пяшчотай і любоўю нашых знакамітых творцаў слова і музыкі, а таксама камерунскую студэнтку. Гэтыя незабыўныя духоўныя здабыткі шчырасці, хлебасольнасці, улюблёнасці ў беларускі народны побыт сваёй малой радзімы, пчалярскую справу, роднае слова і жыццё навогул яны павезлі з сабой ў сталіцу і ў далёкі Камерун.
Аграэкасядзіба "Гаенскія вытокі" стала завяршальным акордам памятнай ліпеньскай сустрэчы, дзе нашы госці адчулі сапраўднае невычарпальнае "Радзімы вечнае святло!" на нашай беларускай прыгожай лагойскай зямлі, слаўнай радзіме Ніла Сымонавіча Гілевіча. Хацелася, каб ва ўнісон гучалі паэтычныя радк нашых беларускіх паэтаў:
Тут, дзе песні спяваю я хлебу,
Дзе бацькоўскі прыняў запавет,
Пакланюся высокаму Небу
І сцяжынцы, што вывела ў свет.
Міхась Пазнякоў
Дыхнула свежасцю — і лёгка стала,
Пачуўся лесу пошум, плёскат рэк...
Мой родны край, мая зямля спявала,
Мая любоў, адзіная навек!
Ніл Гілевіч
Вераніка Каламійцава
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


