08.09.2026 Новости
Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняло ўдзел ў святочных мерапрымствах Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах.

У Брэсцкім павільёне творцы першага рэгіёна выступілі з праграмай, прысвечанай Году беларускай жанчыны «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына». На выставе можна было пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі Валерыя Грышкаўца, Таццяны Канапацкай, Ірыны Морых, Анатоля Дзенісейкі, пагартаць выпускі ўнікальнага літаратурна-краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» (рэдактар і укладальнік пісьменнік Аляксандр Валковіч).


Падчас літаратурнага марафону свае кнігі, прозу, паэзію прадставілі лаўрэат Нацыяльнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь Зінаіда Дудзюк, Таццяна Дземідовіч, Ірына Фаміна, Яўгенія Пракапчук, Наталля Кандрашук, Аксана Валуй, Васіль Барысюк, Анатоль Брытун, Любоў Дзікавіцкая, Васіль Казачок. Пра літаратурныя здабыткі Брэстчыны і гістарычную памяць распавёў літаратуразнаўца Уладзімір Сенькавец. Кранальным момантам стала ўручэнне членскага білету маладой таленавітай паэтцы Яўгеніі Пракапчук з Ганцавіч.

Менавіта ёй выпаў гонар выступіць са сваімі вершамі і шчырай прамовай у праграме канцэрта Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яшчэ адным прыемным момантам творчай імпрэзы стала ўзнагароджанне юбіляра 2026 года паэта-ганчара Васіля Казачка нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру».

Пісьменнікі Брэстчыны ў рэгіянальным павільёне правялі літаратурную віктарыну для жыхароў і гасцей горада на прызы ад Брэсцкай абласной газеты «Заря». А ў паэтычным конкурсе сярод пісьменнікаў Магілёўскага і Брэсцкага аддзяленняў перамагла магілёўская дзіцячая пісьменніца Алена Курэк, якая ўразіла публіку сваім паэтычным і артыстычным майстэрствам.


Дзень беларускага пісьменства падарыў літаратарам Брэстчыны цудоўныя хвіліны натхнення, незабыўных сустрэч і уражанняў.
Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


