Паўнаводная паэтычная рака Краснапольшчыны


Паўнаводная паэтычная рака Краснапольшчыны

17.09.2026                                                          Новости


10 верасня ў г. п. Краснаполле адбыўся VIII Рэгіянальны фестываль паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну», які з 2019 года ладзіцца ў гонар славутага земляка. Гэта падзея сабрала разам тых, хто шчыра любіць і шануе родную мову і літаратурную творчасць. Традыцыйна ў межах фестывалю праводзіцца песенна-паэтычны конкурс.

 

 

– Ёсць добры выраз, што «паэзія – гэта не работа, а стан душы». Так, сапраўдная паэзія патрабуе бязмежнай шчырасці… Менавіта такой шчырасцю, пранікнёнымі вершамі і кранаючымі за душу песнямі сустрэла нас Краснапольшчына – гасцінны куток Магілёўшчыны, зямля, багатая творчымі набыткамі. Мне выпала ганаровая і адказная місія ўвайсці ў склад экспертнага журы. І хаця я загадзя азнаёмілася з усімі творчымі працамі канкурсантаў, іх жывое выкананне мяне прыемна ўразіла. Прыгажосць вершаваных радкоў, пачутых з вуснаў саміх аўтараў, надавала творам глыбокае, асэнсаванае гучанне, - дзеліцца ўраджаннямі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук (Хмялеўская).

 

 

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася загадчык сектара культуры Краснапольскага райвыканкама Святлана Сазонава. Яна цёпла падзякавала за ўдзел канкурсантаў, якія прадставілі 9 раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама гарады Мазыр і Магілёў.

Штогод у якасці члена журы ў фестывалі ўдзельнічае член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Азаранка з Косцюковіч.

Кожны творца хоча быць пачутым. І на літаратурным свяце ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць падысці да мікрафона, падзяліцца сваімі думкамі і перажыць асабістую «хвіліну славы».

 

 

Мерапрыемства было арганізавана вельмі гарманічна і складалася з дзвюх частак: літаратурныя чытанні ў Маладзёжным цэнтры, дзе ў фармаце «круглага стала» ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца бліжэй і абмяняцца сваімі літаратурнымі набыткамі. Урачыстая праграма ў Доме культуры – самая яркая частка дня. Тут узнагародзілі пераможцаў адкрытага песенна-паэтычнага конкурсу «Земли родной талант и вдохновенье…», а лепшыя творы прагучалі са сцэны падчас гала-канцэрта.

Арганізатары прыклалі шмат намаганняў, каб кожны госць адчуў асаблівую ўвагу да сябе і сваёй творчасці.

Свята атрымалася цудоўным, а паэтычны «Вянок Аляксею Пысіну» ўпрыгожылі цудоўныя літаратурныя зорачкі, таленавітыя аўтары Магілёўшчыны.

 

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси