17.10.2026 Новости
У Мемарыяльнай зале Дома літаратара адбылася творчая сустрэча старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, заслужанага дзеяча культуры Міхася Пазнякова са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ‒ членамі і кіраўнікамі літаратурнай гасцёўні пры гэтай навучальнай установе. Міхась Паўлавіч расказаў пра дзейнасць творчага саюза і яго сталічнага аддзялення, пазнаёміў з літаратурнымі праектамі, ажыццёўленымі ў бягучым годзе. Распавёў аб рабоце з юнымі літаратарамі, расказаў пра сваю творчасць і прадставіў новыя кнігі. З боку гасцей выступіла кіраўнік секцыі паэзіі літатаратурнай гасцёўні, член Мінскай абласной арганізацыі “Веды” Зінаіда Іосіфаўна Крывіцкая, якая расказала пра першыя паэтычныя крокі выхаванцаў, удзел у літаратурных мерапрыемствах. Свае вершы прачыталі студэнты Артур Дзямко, Раман Какарэнка, Вольга Садоўнікава, Вікторыя Стасевіч, Марыя Казлова і адразу атрымалі добры водгук і найлепшыя пажаданні ад вядомага паэта ‒ кіраўніка сталічнага аддзялення СПБ.


Затым выступіў кіраўнік літаратурнай гасцёўні прафесар Канстанцін Фёдаравіч Саевіч, член прэзідыума Мінскай абласной аргаізацыі “Веды”. Ён таксама расказаў аб плане работы гасцёўні і прэзентаваў сваю новую кнігу “Лекарственные и пищевые растения Беларуси”. Прывёў шмат цікавых фактаў з гісторыі выкарыстання лекавых і харчавых раслін нашай краіны, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай выйны. Сустрэча ладзілася сумесна з грамадскай арганізацыяй “Веды”, ганаровым членам якой з’яўляецца М. П. Пазнякоў.

А наперадзе новыя творчыя мерапрыемствы і сустрэчы з удзелам студэнтаў БДЭУ, а таксама іх удзел у штогадовых літаратурных конкурсах МГА СПБ сярод таленавітай моладзі.
Павел Кузьміч
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


