27.10.2026 Новости
Ветліва і ўрачыста адчыніў свае дзверы Лагойскі цэнтр культуры, куды на мінулым тыдні завітаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Паўлавіч Пазнякоў па запрашэнні Лагойскай раённай цэнтральнай бібліятэкі.

Міхась Пазнякоў‒ вядомы паэт, празаік, перакладчык, крытык і мовазнавец, лаўрэат Нацыянальнай, многіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, уладальнік медалёў Францыска Скарыны і “За працоўныя заслугі”, мае шматлікія ўзнагароды Беларусі, Расіі, Украіны і Саюзнай дзяржавы.
Паэтычна-літаратурная гасцёўня “Святло бацькоўскіх сэрцаў” сабрала юных гледачоў Лагойскай гімназіі, навучэнцаў сярэдніх школ нумар 1 і 3 г. Лагойска, а таксама вучняў Гайненскай СШ. Цэнтр культуры старажытнага горада разам з супрацоўнікамі бібліятэкі, падрастаючым пакаленнем і жадаючымі прысутнымі радасна сустракалі доўгачаканага госця.

Вядучай гасцёўні выступіла старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, сябра бібліятэкі, Вераніка Аляксандраўна Каламійцава.
Выканаўцы народнага ансамбля народнай музыкі “Лагожа” Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў з радасцю адкрылі творчую сустрэчу і стварылі непаўторна-святочную атмасферу сваім віртуозным выкананнем музычных твораў.
Любімы дзецьмі і дарослымі творца распавёў пра сваё маленства, напоўненае бязмежнай любоўю сваіх дарагіх бацькоў. Менавіта яны, дзякуючы сямейнаму выхаванню, дзе ў пашане былі працавітасць і сумленне, адказнасць за кожнага члена такой вялікай і дружнай сям’і, непахісная вера ў сябе, паўплывалі на яго станаўленне як чалавека, асобы і творцы. Матуля і тата для Міхася Паўлавіча застаюцца вечнымі арыенцірамі спагадлівасці, міларэрнасці, жыццёвай мудрасці, святла, дабрыні і невычарпальнай любові.

На сустрэчы прагучала паэзія, прысвечаная любым бацькам, узнёслая і светлая, душэўная і жыццёсцвярджальная.
Адзін з такіх паэтычных твораў ‒ трыпціх “Матуля”‒ сапраўдны гімн усім маці Сусвету. Вершаваныя радкі завяршаюцца заклікам да усіх сыноў і дачок: “Цалуйце рукі любыя матуль, прапахлыя калоссямі і сонцам!”
Таксама на творчай гасцёўні Міхась Паўлавіч распявёў пра малую радзіму, вёску Заброддзе, Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, бацькоўскую хату, сяброўства. У вершы “Усё яшчэ душою там” паэт метафарычна параўноўвае хараство родных мясцін з храмам, куды яму заўжды хочацца вяртацца зноў і зноў.
З вялікай удзячнасцю і цеплынёй Міхась Паўлавіч узгадаў свайго выкладчыка і сябра, славутага сына Лагойшчыны, Ніла Сымонавіча Гілевіча, які нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна, Мінскай вобласці.

На пытанне, што з’яўляецца непаўторным і цікавым у творчай працы, стваральнік дзіцячай літаратуры шчыра прызнаўся, што гэта сустрэчы з дзецьмі. Менавіта яны напаўняюць яго сэрца і душу радасцю, а дзіцячая непасрэднасць і адкрытасць выклікаюць у яго пачуццё цёплага замілавання, якое сагравае і надае імпульс для далейшай творчасці. Нездарма, першая кніга Міхася Паўлавіча, што выйшла з-пад цудадзейнага пяра аўтара ў 1987 годзе “Дзіўныя блізняты”, была адрасавана юным чытачам. Пісьменнік таксама пазнаёміў прысутных са сваімі кнігамі, была арганізавана іх выстава.Запамінальным момантам для дзяцей стала загадванне пісьменнікам загадак ўласнага аўтарства, падчас якога пераможцы атрымлівалі прызы. Парадавалі госця і ўсіх прысутных цудоўным дэкламаваннем вершаў пра бацькоў вучаніцы Гайненскай сярэдняй школы Лагойскага раёна сёстры Далія і Стэфанія Крупіцы, якія прыехалі на свята разам са сваёй матуляй Святланай.
Напрыканцы памятнай сустрэчы Міхась Паўлавіч Пазнякоў падарыў Лагойскай раённай цэнтральнай бібліятэцы, арганізатару гасцёўні, свае кнігі з аўтографам, а таксама падпісаў шмат сваіх твораў дзецям.
Паэтычна-літаратурная гасцёўня «Святло бацькоўскіх сэрцаў» завяршылася песняй на словы і музыку актрысы Мінскага гарадскога тэатра паэзіі, пісьменніцы Валянціны Драбышэўскай “Мамін вальс” у выкананні вядучай.
Дырэктар Лагойскай раённай цэнтральнай біблітэкі Мяхедка Наталля Віктараўна выказала словы ўдзячнасці за падараваную радасць сустрэчы з пісьменнікам, пажадала плённай творчасці і натхнення, уручыла гасцям прыгожыя кветкі. Госць урачыстага мерапрыемства Міхась Паўлавіч Пазнякоў адзначыў, што святло бацькоўскіх сэрцаў на працягу ўсяго зямнога шляху сагравае кожнага з нас у жыцці.
Вераніка Каламійцава
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


