Успомнілі сямейныя гісторыі і легенды


Успомнілі сямейныя гісторыі і легенды

27.10.2026 Новости


Ужо стала традыцыяй штогод ладзіць першае пасяджэнне Клуба творчых жанчын "Спадарыня", створанага Мінскім гарадскім аддзяленнем СПБ, падчас Тыдня бацькоўскай любові, які ў нашай краіне праводзіцца з 14 кастрычніка, Дня Маці, па 21 кастрычніка, Дзень Бацькі. Звычайна ў гэтыя дні мы збіраемся пасля летняга адпачынку ў публічнай бібліятэцы № 5 і пачынаем новы сезон нашых сустрэч сур'ёзнай размовай пра адвечнае: самых блізкіх і родных людзей – маці, бацьку, сямейнікаў, а таксама пра сямейныя традыцыі, сямейныя каштоўнасці, сямейныя святы... Сёлета мы размаўлялі на тэму "Сямейныя гісторыі і легенды майго роду".

 

 

Бадай што, у кожнай сям'і ёсць знакавыя гісторыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне – іх пераказваюць дзецям за святочным сталом, расказваюць унукам ля цёплай печкі, ці ля каміна, або на лецішчы, ля вогнішча. Гэтыя гісторыі сямейнікі даўно вывучылі на памяць, а іх узгадваюць зноў і зноў, яны абрастаюць новымі дэталямі, прыгодамі, але іх усё роўна слухаюць. І з часам яны пераўтвараюцца ў легенды... Вось менавіта такія сямейныя гісторыі і легенды прагучалі 20 кастрычніка падчас пасяджэння клуба "Спадарыня". Сяброўкі клуба расказвалі пра сваіх дзядоў, бабуль, бацькоў і пра тыя цікавыя, а часам дзіўныя, неверагодныя падзеі, якія адбыліся ў жыцці іх сям'і і роду.

 

 

Розныя смешныя гісторыі сям'і класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа ўзгадала ягоная ўнучка, сяброўка клуба творчых жанчын, навукоўка Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Вось толькі адна з іх... Да 70-годдзя народнага паэта Беларусі згодна з пастановай урада Коласу пабудавалі двухпавярховы дом. На першым паверсе, у пакоях насупраць, размесціліся сыны класіка з сем'ямі. Праз шкляныя дзверы было добра відаць, што ўнутры пакояў адбываецца. І вось аднойчы жонка старэйшага сына пасварылася з мужам. Меншы сын стаў супакойваць яе ў сваім пакоі. А жонка меншага сына пачала гутарыць са старэйшым. У гэты час у дом зайшоў Якуб Колас. Зірнуў налева, потым направа... Нічога не разумее: сыны жонак паблыталі, ці што?.. А потым махнуў рукой і сказаў: "Усё роўна ўнукі мае будуць!"

На гэтай вясёлай, лірычнай ноце сяброўкі клуба "Спадарыня" і прадоўжылі свае расповеды. Паэтка Людка Сільнова пераўтварыла сямейную гісторыю ў кранальнае эсэ-успамін пра печку свайго дзяцінства, якая не толькі абагравала дом, але і аб'ядноўвала вакол сябе ўсю сям'ю. Людміла Данілаўна ўзгадала, як яны з сястрой узімку, седзячы на зэдліку ці на крэслах, грэліся, прыціскаючыся спінамі да цёплай, нават гарачай кафлі, і чыталі мастацкія кніжкі або школьныя падручнікі... Вышэй, на вяровачках, сушыліся дзіцячыя рукавічкі з прымерзлымі ільдзінкамі, мокрыя штаны, шкарпэткі і панчохі... Увечар ля цёплай печы ўсе сямейнікі садзіліся на табурэтах і глядзелі маленькі тэлевізар з "рагатай" антэнай, дзе ішлі КВЗ, "Клуб 13 крэслаў", "Клуб кінападарожнікаў", фільмы "Гусарская балада", "Зігзаг удачы", "Сцеражыся аўтамабіля", а таксама ўлюбёны серыял "Чатыры танкісты і сабака"... А перад сном маці брала ватную коўдру, падымала высока рукі і прыціскала коўдру да нагрэтай кафлі, а потым хуценька накрывала ёю сваіх дачушак, каб яны адчулі "гэтую добрую, раскошную цеплыню, гэтую жыватворную міласць самога жыцця, мацярынскай любові... Печ была нашым месцам сілы і аднаўлення здароўя," – падкрэсліла паэтка ў эсэ.

 

 

Сяброўка клуба "Спадарыня" Тамара Залеская запісала сваю сямейную гісторыю ў паэтычнай форме і расказала ў ёй пра вяргіні, якія любіў і садзіў ля дома яе бацька. Яго клікалі Георгій, як і кветкі (вяргіні – георгины). Атрымаўся цудоўны, настальгічны верш, прысвечаны кветкам дзяцінства і, вядома, любімаму бацьку. "Пока он жил, цвели цветы..." – з пяшчотай і жалем зазначыла Тамара Георгіеўна.

Вельмі змястоўнае выступленне зрабіла Людміла Браніславаўна Захарэвіч, бібліятэкарка са шматгадовым стажам Яна расказала гісторыю жыцця свайго дзядулі па мацярынскай лініі, Міхаіла Аляксандравіча Пашкевіча. Ён сам па сабе быў жывой легендай, бо яго жыццё адлюстравала цэлую эпоху.

Міхаіл Аляксандравіч нарадзіўся ў 1895 годзе, у вёсцы Забашавічы, што на Барысаўскай зямлі, і быў дванаццатым дзіцем у сям'і селяніна-бедняка. Нягледзячы на гэта хлопчык заўсёды прагнуў вучыцца. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у гарадскую вучэльню, аднак скончыць яе не хапіла грошай. І ўсё ж лёс распарадзіўся так, што Міхаілу давялося вучыцца – на карабельнага спецыяліста ў Крандштаце, а потым служыць машыністам на крэйсеры "Багатыр". Час быў няпросты, і звычайны хлопец з Беларусі апынуўся ў самай віхуры рэвалюцыйных падзей. Ён слухаў Леніна ўлетку 1917 года, калі той выступаў у ваеннай зале Балтыйскага флоцкага экіпажу, прымаў удзел у штурме Зімняга палаца ў кастрычніку, а пасля рэвалюцыі служыў справаводам у Петраградскім Дзяржбанку, удзельнічаў у эвакуацыі залатога запасу з паўночнай сталіцы ў Маскву і Ніжні Ноўгарад.

 

 

Напрыканцы лета 1918 года Міхаіл Пашкевіч вярнуўся на радзіму, на барысаўскую зямлю, і далейшае жыццё звязаў з адукацыяй – настаўнічаў, а з 1938 па 1958 гады працаваў завучам Забашавіцкай сярэдняй школы, праводзіў вялікую ідэялагічную і асветніцкую работу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах разам з сям'ёй. Жонка дзядулі Міхаіла, бабуля Сцепаніда, захварэла і рана памерла, пакінуўшы чацвярых дзяцей: двух сыноў і дзвюх дачок. А Міхаілу Аляксандравічу было наканавана доўгае жыццё. Пасля выхаду на пенсію ён падарожнічаў, шмат чытаў і пісаў мемуары, якія потым увайшлі ў кнігу "Забашавічы", выдадзенай у серыі "Малая радзіма". Дзякуючы ўспамінам дзядулі Міхаіла, яго ўнукі і праўнукі, ды і ўсе жыхары сучаснай вёскі Забашавічы, могуць далучыцца да падзей, якія адбываліся на іх малой радзіме на працягу апошняга стагоддзя. А яшчэ Міхаіл Аляксандравіч пакінуў нашчадкам бясцэнную рэліквію – заручальны пярсцёнак, на якім выгравірана імя ягонай любімай жонкі, Сцепаніды. Гэты пярсцёнак ён перадаў сваёй дачцэ, а тая – сваёй, Людміле Браніславаўне Захарэвіч. Людміла Браніславаўна і прынесла сямейную рэліквію на пасяджэнне клуба "Спадарыня". Пярсцёнку – 103 гады! Ці не ў ім сіла роду, дружнага, працавітага, інтэлігентнага?..

Паўтара дзясятка найцікавейшых сямейных гісторый прагучала ў той вечар на пасяджэнні клуба "Спадарыня". А яшчэ ўдзельніцы мерапрыемства чыталі вершы і спявалі песні, дэманстравалі відэа. Творчыя жанчыны паставіліся да асвятлення тэмы "Сямейныя гісторыі і легенды майго роду" вельмі сур'ёзна і творча. І кожная з расказаных гісторый знайшла шчыры водгук у сэрцах каляжанак.

Тамара БУНТА, старшыня клуба "Спадарыня".

Фота аўтара.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси