У Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі адбылася прэзентацыя зборніка “Акадэмічны вянок”


У Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі адбылася прэзентацыя зборніка “Акадэмічны вянок”

17.11.2020                                                         Новости


У канферэнц-зале Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі адбылася прэзентацыя сёмага выпуску калектыўнага зборніка «Акадэмічны вянок». Выданне прысвечана 180-годдзю стварэння БДСГА і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На прэзентацыі прысутнічалі аўтары твораў, выкладчыкі, ветэраны працы гэтай навучальнай установы, студэнты, аматары літаратурнай творчасці.

У зборнік увайшлі вершы, апавяданні, нарысы больш як 60 аўтараў, якія маюць дачыненне да акадэміі: вучыліся або вучацца тут, працавалі або зараз працуюць. Сярод іх Анэля Тулупава, Змітрок Марозаў, Рыгор Бабчанок, Сяргей Кісялёў, Алеся Цэван, Святлана Варухіна, Андрэй Пугач, Уладзімір Ліўшыц і інш. У зборніку змешчаны і творы студэнтаў – лаўрэатаў акадэмічных і Рэспубліканскага конкурсу «Аўтограф».

На мерапрыемстве гучалі вершы, пісьмы з фронту, песні ў суправаджэнні фота- і відэапрэзентацый. Вялі мерапрыемства студэнты, удзельнікі тэатра-студыі «Парадокс» (кір. В. У.  Маркевіч)  Вольга Рыбак і Раман Багданаў.

Цёплымі і змястоўнымі былі выступленні прарэктара па выхаваўчай рабоце Максіма Патапенкі, былога прарэктара, заслужанага работніка народнай адукацыі БССР Мікалая Дабралюбава, дэкана аграэкалагічнага факультэта Андрэя Какшынцава, дацэнта кафедры лінгвістычных дысцыплін Таццяны Скікевіч, студэнткі эканамічнага факультэта Яны Езяпчук. Вядучыя зачыталі і прывітальны адрас ад прафесара кафедры сельскагаспадарчых машын Аляксандра Клачкова.

На мерапрыемстве прысутнічала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук. У зборніку змешчана некалькі яе вершаў, прысвечаных роднай зямлі, Бацькаўшчыне, Горкам, дзе жыве і працуе зараз аўтар, а таксама нарыс «Нашы выкладчыкі». У ім аўтар расказвае аб самаадданых людзях – выкладчыках Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, якія на працягу многіх год старанна і рупліва перадавалі свае багатыя веды моладзі. У нарысе апавядаецца аб асаблівасцях адносінаў паміж выкладчыкамі і студэнтамі ў 1984–1989 гадах. Менавіта тады Наталля Валянцінаўна была студэнткай эканамічнага факультэта гэтай навучальнай установы. Аўтар выказвае падзяку за ўважлівасць і добразычлівасць, якую студэнты заўсёды адчувалі.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА, кіраўнік  народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», г. Горкі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси