Творы пераможцаў XIII праекта кафедр рускай і беларускай філалогій Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы «І толькі слова ў вяках жыве» / «Лишь Слову жизнь дана…»


Творы пераможцаў XIII праекта кафедр рускай і беларускай філалогій Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы «І толькі слова ў вяках жыве» / «Лишь Слову жизнь дана…»

28.05.2020                                                    Творчество


У Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы завяршыўся XIII праект кафедры рускай філалогіі і кафедры беларускай філалогіі «І толькі слова ў вяках жыве» / «Лишь Слову жизнь дана…», які штогод праводзіцца сярод школьнікаў г. Гродна.

Творчыя конкурсы ў межах названага праекта ўжо даўно сталі папулярнымі сярод навучэнцаў самых розных класаў. Вучні ахвотна адгукаюцца на новыя творчыя ідэі, прапанаваныя арганізатарамі праекта.

Вынікі 2019/2020 гадоў вельмі прыемныя: у конкурсах прынялі ўдзел звыш 110 школьнікаў, якія выступілі ў намінацыях “Пішам эсэ пра літаратуру”, “У дзівосным свеце слова”, “Літаратура і жывапіс: творчы дыялог”, “Пісьменнікі-юбіляры 2019/2020 гадоў”, “РАФТ-выказванне”, “Я пішу”.

Вынікі конкурса і імёны пераможцаў размешчаны на сайце факультэта:

https://phf.grsu.by/glavnaya/arkhiv-novostej/1517-i-tolki-slova-vyakakh-zhyve.html і https://phf.grsu.by/glavnaya/arkhiv-novostej/1519-lish-slovu-zhizn-dana-2020.html

У межах беларускамоўнай версіі праекта самай запатрабаванай аказалася намінацыя “Я пішу”, у якой школьнік павінен прадставіць свае паэтычныя і празаічныя творы. І трэба прызнаць, што вынікі парадавалі, бо вучні здзівілі маштабам сваіх творчых пошукаў і разнастайнасцю форм творчага самавыяўлення. Ацэнку работам далі Загадчык кафедры беларускай філалогіі А.С.Садоўская і аўтар гэтых радкоў.

Цікавымі тварэннямі парадавалі вучні, чые работы былі прадстаўлены ў намінацыi “У дзівосным свеце слова”, дзе была вызначана адна з умоў: напісаць мастацкі тэкст, у якім усе словы пачыналіся б на адну літару. І гэта творчая задача была паспяхова выканана школьнікамі, якія стварылі тэксты празаічныя, вершаваныя на самыя розныя тэмы.

Лепшыя ўзоры работ школьнікаў заслужылі высокай ацэнкі і адзначаны адпаведнымі дыпломамі. 

Святлана ТАРАСАВА


Святлана Мiкалаеўна Тарасава, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, магістр філалагічных навук, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў у айчынных і замежных выданнях. Актыўна працуе з творчымі студэнтамі і школьнікамі. У 2013 годзе праца С.М.Тарасавай была адзначана Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асобы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў і студэнтаў. Жыве ў Гродне.


 «І толькі слова ў вяках жыве» / «Лишь Слову жизнь дана…»

Творы пераможцаў

 

Баранчук Улада, СШ №7, 8 клас 

Вясёлая восеньская вандроўка 

Восем верных вандроўнікаў: Вера, Валянціна, Віктар, Вольга, Вераніка, Васіліна, Віталік, Валерый - вучні-васьмікласнікі. Вера, Віктар, Вераніка выдатна вучацца. Валянціна, Віталік - веласіпедысты. Вольга, Васіліна, Валерый - выдатныя валейбалісты.

Вандроўкі выхоўваюць вынослівасць, вытрымку. Вучыць васьмікласнікаў вандраваць Вішнеўская Вікторыя Вацлаваўна. Выхавацельніца вырашыла выпрабаваць вучняў. Васямнаццатага верасня васьмікласнікі выйшлі вандраваць вакол Віцебскай вобласці. Выхавацельніцу Вікторыю Вацлаваўну вучні віншавалі валошкамі. Выкладчыца Вікторыя Вацлаваўна важна вымавіла: "Вітаю вас, вандроўнікі!". Вёска Ваўкалата выцягнулася вакол выгінастага вірлівага возера Вулькаўскае. Вакол ветраная, вільготная восень. Выхавацельніца, вучні выйшлі вузкай выкашанай вуліцай Верасковай. Ваколіца вітала вясёлых вандроўнікаў. Варожа выглядалі вясковыя вароны.

Вось высокі вал. Вунь высіцца высачэзны вячысты вяз. Волат-вяз — векавы вартаўнік. Вітнулася вершаліна, выскачыла вавёрка.

-    Ваў! Вавёрка - вострае вока - вітае вас! - выдала Вераніка.

-    Ведаеце? Восенню вые воўк! - важна выкрыкнуў Віталік.

-    Вунь вуж выглянуў, - вымавіла выхавацельніца Вікторыя Вацлаваўна. Вандроўнікі  выйшлі  вязнікам.  Вільгаццю  веяў  восеньскі  вецер  вакол

вірлівага вадаёма. Ветліва вітае восень вандроўнікаў. Выдатна! Восень, восень!

Вадроўнікі весела выкрыквалі вядомыя восеньскія выразы, весяліліся. Вабіла возера.

-    Вунь выспа! — выкрыкнула Вольга.

-    Востраў вартуе ваколіцу вадаёма, - вырашылі вандроўнікі. Вынырнула выдра. Вучні войкнулі. Варожа віруе вадаварот. Відаць водбліск

вечара. Вяршынямі выплылі воблакі. Вясною вернуцца вадаплаваючыя.

Вечарэла. Вярталіся вучні-вандроўнікі вядомай ваколіцай. Вакол вёскі Ваўкалата высока віўся восеньскі вінаград. Вераб'і вычырыквалі вячоркі верхавінам вішань.

Вечарам вандроўнікі вячэралі вяндлінай, варэнікамі, выпечкай, вішнёвым варэннем. Валянціна вышывала валошкі, Валерык вырабляў васкавыя вырабы, вершы выразна вымаўляла Вераніка. Выдатны выдаўся вечар васямнаццатага верасня.

Вывад?  вымавіла Вікторыя Вацлаваўна.

- Высціраць, выпрасаваць вопратку, вандраваць!- выкрыкнулі вучні. Выпрабаванне вучні-вандроўнікі вытрымалі: вопыт вялізны.

Выдалася вясёлая восеньская вандроўка. Вось!


Барэль Арсеній, СШ №33, 9 клас 

Прыгожая птушка 

Падышоў падарожнік Пятро пад пагорак. Падняўся паволі. Працягнулася перад Пятром поле прасторнае. Пракрычаў пяшчотна:

-    Прывітанне, прыгожае поле!

Паглядзеў Пятро, пасярэдзіне поля працавалі панурыя, паніклыя парабкі. Падышоў Пятро, павітаўся, пакланіўся:

-      Прывітанне, паважаныя працаўнікі!

-      Прывітанне, падарожнік, просім пасеяць пшаніцу.

Падабалася Пятру працаваць. Прыляцеў прыгожы птах, пад пер'ем птушкі прыгожы пярсцёнак паказаўся. Паглядзела птушачка пакутлівым позіркам. Паказалася, праспявала прыветліва:

-      Пятро, Пятро!

Паляцела паціху праз поле.

Паведамілі пасівелыя парабкі паданне пра птушку.

Падабалася пану Панасу Паўлінка. Прыгажуня прагнала паганага пана, пагразіла парасткам. Пакутуе Паўлінка, плача. Пакідаў Панас палыну па памяшканнях, пусціў павуціну. Прымусіў Паўлінку памыць падлогу. Потым ператварыў прыгажуню птушкай.

Прыказаў Панас памочніку Паўлу падпаліць падворак Паўлінкі. Прынёс Павел паліва, падпаліў. Падхапілася полымем падстрэшша.

Пазней прымусіў Панас плаціць падатак. Парабкі павінны прыносіць падарункі пану.

Паплечнік пана Панаса, пузаты, пачварны Павел, пагражаў падпаліць падворкі парабкаў. Пазалетась падпаліў пяць падворкаў.

Паслухаў Пятро, памрачнеў, паспачуваў парабкам. Пасля прыняў пастанову: патрэбна пакараць пана. Падбадзёрыў парабкаў. Пасмялелі, пакланіліся пачціва Пятру, падзякавалі.

Прапанавалі парабкі Пятру пачаставацца праснаком, парэчкамі.

Пятро прыдумаў план помсты пану. Прыйшоў падвячорак. Падпільнавалі, пакуль пан Панас пойдзе пасілкавацца. Прайшло паўгадзіны. Падышлі паціху пад панскі паркан. Паглядзелі. Пан перажоўвае панцак.

Паблізу палаца прасціралася прыгожая пасека. Пасярэдзіне панскага падворка паставіў Пятро пастку пану.

Прыляцела птушачка, праспявала:

-      Прывітанне, Пятро!

-      Прывітанне, Паўлінка!

-      Пераможам пана, прагонім паганага.

Падляцела птушка, пачала перашкаджаць пану. Праспявала прыгнятальніку Панасу:

-      Паганы пан, пыхлівы пан!

Падхапіўся Панас, пабег птушачцы помсціць. Пракрычаў пераканаўча:

-      Ператвару Паўлінку пеўнікам.

Патрапіў паганы пан пад пастку. Працягла прахрыпеў. Ператварыўся парсюком. Пагнаў пастух пугай парсюка з палаца.

Прыйшло пакаранне паганаму пану Панасу. Перамог Пятро.

Ператварылася птушка прыгажай Паўлінкай. Пацяшаюцца парабкі. Пачуццё пашаны паказваюць Пятру. Пятро, Паўлінка пажаніліся.


Быцко Караліна ДУА "Сярэдняя школа №31 г.Гродна", 6 'Т" клас 

Пра паўліна 

Пеця, Паўлік і Паліна

Позна пабачылі паўліна.

Птушка пер'е прадавала,

Пернікам пачаставала.

Потым Пеця па праспекце

Пер'я поўна пазбіраў.

Праз Палiну па-сяброўску

Пер'е птушцы перадаў.

 

Пеця прапаў 

Пеця, Пеця, Петушок,

па падворку пастушок. Перш

пабудзіць, пералічыць,

Потым пахваляецца. Па

падворку пільна - пільна

Пеця прыглядаецца.

Пашукаць Пятроўна просіць

Парася Пузяку. Пеця потым

пры Пятроўне палучыць

падзяку. Пазней Паўлік

падказаў: -Пеця, Петушок прапаў!

Па падворку

пашукалі, па паліцах

пакрычалі. Праўда, Пецечка

прапаў. Пятроўна з Паўлам

плачуць, плачуць,

прылічаюць. У панядзелак

па пошце Паштоўку

палучаюць. Пеця просіць

прабачэння, Падворак што

пакінуў. Пераехаў

пражываць Пеўнік у

Палестыну.


Власенкава Медзіна, СШ №40, 7 клас 

Дачнае здарэнне 

Летнія канікулы - гэта самая доўгачаканая пара для кожнага дзіцяці. Гэта пара сонца, адпачынку, сустрэч з сябрамі і, вядома ж, прыгод... Адна такая цікавая гісторыя адбылася аднойчы з двума сяброўкамі.

Ксюшы было пятнаццаць гадоў. Яна была высокага росту, бландынка з блакітнымі вачыма і лёгкай чырванню на шчоках. Характар у яе быў хлапечы - моцны і валявы. Другая дзяўчына, Мілана, была. яе антыподам - брунетка дванаццаці гадоў, каржакаватая і вельмі ўсмешлівая. Яна была сарамлівая, ціхая і заўсёды старалася трымацца ў цені сваёй сяброўкі. Разам яны праводзілі амаль увесь свой вольны час: гулялі, чыталі, балбаталі, каталіся на веласіпедах. Самі дачныя ўчасткі, куды яны прыязджалі кожнае лета, былі невялікімі. На іх стаялі двухпавярховыя дамы, была невялікая сажалка, якую атачаў густы сасновы лес. Па чутках, якія перадавалі адзін аднаму суседзі, у гэтым лесе вадзілася нямала разнастайных жывёл. I вось аднойчы сяброўкам прадставіўся выпадак дакрануцца да гэтай веры.

Дзень быў звычайны. Яркае сонца неміласэрна паліла на бясхмарным небе, ветру амаль не адчувалася, і таму галоўным жаданнем усіх дачнікаў было як мага хутчэй схавацца ў цянёк. Сяброўкі вырашылі пракаціцца на сваіх веласіпедах уздоўж лесу, дзе, відавочна, было халадней, чым на ўчастку. Яны паехалі ў бок тарзанкі, дзе звычайна сустракаліся ўсе дзеці, якія адпачывалі ў гэты час на дачах. Тарзанку змайстраваў дзядуля Цімафея -аднаго з сяброў Міланы. Прыстасаванне ўяўляла сабой тоўстую вяроўку, да канца якой была прывязана палка для сядзення. Ключавым у размяшчэнні тарзанкі быў той факт, што канат быў прымацаваны да галіны дуба. Недалёка ад гэтага месца ў кроне дрэў замаскіраваўся домік-штаб, які быў размешчаны на ўзроўні двух метраў ад зямлі. Пад'ехаўшы да тарзанкі, дзяўчынкі, кінуўшы веласіпеды на зямлю, пачалі катацца.

Але раптам з бліжэйшых кустоў данёсся дзіўны гук. Сяброўкі пераглянуліся.

-  Мілана, - спытала Ксюша, - ты чула гэта? Што за дзіўны гук?

Не, я нічога дзіўнага не чула. Напэўна, табе падалося, - адказала Мілана.

Дзяўчынкі працягнулі свае забаўкі. Але дзіўны гук паўтарыўся, і ўжо значна бліжэй да іх. Ён нагадваў храбусценне галінак пад чымсьці цяжкім. I гэта ўжо не здавалася, а чулася вельмі ясна. Страх скаваў сябровак. Ніхто не мог нават паварушыцца, у галаве праносіліся думкі адна страшнейшая за другую. I тут закрычала Ксюша:

Дзікі кабан! Мы ж каталіся на тарзанцы, якая прывязана да дуба, а пад ім жалуды!

Часу на абдумванне не было. Бегчы і ратавацца - толькі гэта думка круцілася ў галаве. Забыўшы пра веласіпеды і сумкі, яны пабеглі ў бок хаткі на дрэве. Ксюша, паколькі яна была старэйшай і вышэйшай за сваю сяброўку ростам, хутчэй пераадолела гэту адлегласць і ўжо зверху сачыла за Міланай, якая трохі адстала. Страх і разгарачанае ўяўленне падганялі дзяўчынку. Прабегшы амаль палову шляху, Мілана заўважыла, што спехам пакінула сваю сумку з мабільным тэлефонам пад тарзанкай, але нават гэта думка яе не спыніла. Дабегшы да дрэва, яна амаль адным скачком узлезла ў хатку. Дзяўчынак білі моцныя нервовыя дрыжыкі. Ад гэтага напружання Мілана расплакалася. I да таго ж, яе сумка засталася пад дрэвам, патэлефанаваць і паклікаць на дапамогу не было ніякай магчымасці. Размаўляць не хацелася, таму Ксюша, ледзь супакоіўшы Мілану, успомніла, што яе мабільны тэлефон пры ёй і звязацца з роднымі, каб папрасіць дапамогу, ёсць мачымасць. Бліжэй за ўсё да месца, дзе схаваліся сяброўкі, знаходзіўся дом Міланеных дзядулі і бабулі, але вось незадача. Міла ад страху забылася абодва іх тэлефонныя нумары. Што ж рабіць? Каго паклікаць на дапамогу?

Пасядзеўшы і памеркаваўшы, дзяўчынкі вырашылі, што трэба вяртаць тэлефон Міланы. Ксюша, як старэйшая і больш хуткая за сяброўку, спусцілася з дрэва і што ёсць моцы пабегла да тарзанкі. Схапіўшы сумку Міланы, яна зноў пачула трэск галінак і шоргат побач з дубам. Як яна дабегла назад да доміка на дрэве, Ксюша не памятала. Мілана дрыготкімі пальцамі набрала тэлефон дзядулі і, заліваючыся слязьмі, аб усім яму распавяла. Ён выслухаў яе і, паабяцаўшы прыйсці праз тры хвіліны, паклаў трубку.

Ішоў час. Нягледзячы на тое, што Ксюша паводле ўзросту павінна была б захоўваць спакой, сітуацыя была настолькі стрэсавая, што яна саскочыла з дрэва і пабегла ў бок дачы. Мілана бачыла гэта і яшчэ больш перапалохалася ад таго, што засталася адна. Ёй нічога не заставалася рабіць, як рушыць услед за сяброўкай. Яна злезла з дрэва і на ватных нагах пабегла дадому. Прабегшы пару метраў, яна ўбачыла дзядулю з бабуляй, якія спяшаліся насустрач унучцы. Яна блытана, скрозь слёзы, спрабавала ім нешта сказаць, але яны разабралі толькі адно слова - "кабан". Вярнуўшыся дадому, бабуля дала Мілане заспакойваючых кропель, толькі пасля якіх унучка змагла ім усё дэталёва распавесці.

Пазней, калі дзяўчынкі ўжо расказалі аб гэтым выпадку сваім сябрам, ён не здаваўся такім ужо страшным. Тарзанку перавесілі ў іншае месца, далей ад дуба, але тых эмоцый, якія перажылі Ксюша і Мілана, аказалася дастаткова, каб быць больш асцярожнымі і ўважлівымі падчас наступных гульняў. Як і любая гісторыя, якая распавядаецца не аднаразова, яна кожны наступны раз абрастала ўсё новымі і больш страшнымі падрабязнасцямі, ад чаго станавілася больш цікавай і займальнай.


Дунько Рыгор, СШ №7, 8 клас 

Пошукі прыяцеля 

Пражываў пеўнік Піліпка паасобку. Прыкра пеўніку панура пракідацца. Паспяшаўся Піліпка пашукаць прыстойнага, прыемнага, прыгожага прыяцеля.

Па-летняму пагодлівым, пагожым, пякучым поўднем пеўнік прачухаўся, прачнуўся. Пайшоў праз пшанічнае поле, паўз прасторныя, прывольныя палеткі. Пара пагодная, прамяністая, прыемная. Паветра пахучае, пяшчотнае.

Пеўнік па-святочнаму прыбраны: палатняныя порткі, панчохі, пантофлі.

Пазнаёміліся працавіты пеўнік Піліпка, пёстрахвосты паўлін Парамон. Пеўнік - просты, працавіты, паўлін - па-панску паважны. Пакланіўся Піліпка прыгажуну-паўліну, паведаміў пра прываблівыя падзеі. Пастава паўліна пагардлівая, панская, паважна паслухаў, па-сур'ёзнаму пырхаючы. Пеўнік-прастак паверыў, прапанаваў пасябраваць прыгажуну. Падумаў , падумаў паўлін - пагадзіўся. Піліпка паклікаў прыяцеля паснедаць. Пачаставаў паўліна прарошчанай пшаніцай, просам. Паспрабаваўшы прысмакі, пакрывіўся паўлін. Падавай Парамону прысмакаў паўднёва-амерыканскіх: персікаў, папаі , перцаў, прыморскага пітва! Пакрыўджаны Піліпка патрабаваў пакінуць памяшканне пана-паўліна. Пераканаўся пеўнік: паўлін

Парамон - першасны паганец.

Пасумаваў-пасумаваў Піліпка, паплёўся панура прыяцеля-прастака пашукаць. Па-восеньску пахмурным поўднем пануры пеўнік пайшоў праз прыбранае поле, паўз панурыя пагоркі, прыхапіўшы парасон. Пранізлівае, парывістае паветра па-зладзейску прыўзнімала Піліпку.

Пеўнік па-святочнаму прыбраны: пурпуровы пінжак, падвышаныя панчохі, пантофлі, плашч, падпярэзаны поясам. Пасустракаліся Піліпка, парася Прохар. Пазнаёміліся, пагутарылі, парашылі пасябраваць. Піліпка прапанаваў Прохару папалуднаваць , паласавацца прысмакамі паўсядзённымі. Пагадзілася парася. Піліпка паставіў перад Прохарам патэльню прарошчанай пшаніцы, прыпраўленай, па-гаспадарску прыгатаванай. Прапанаваў пачаставацца. Панюхаў Прохар, прытворна паўсміхаўся, паспрабаваў, потым пакрывіўся, пакруціў пыскай. Пачаў патрабаваць падгніўшых памідораў, пячэння, пернікаў. Пакрыўдзіўся Піліпка , пнуў Прохара па пузе, паслаў прэч. Парася Прохар -прыкрая памылка.

Пакутаваў пякельна пакрыўджаны пеўнік Піліпка. Пабедаваў-пабедаваў, працягнуў пошукі прыяцеля. Па-зімоваму познім, прахалодным поўднем пануры пеўнік пайшоў праз пустыннае поле, паўз прысыпаныя панурыя пагоркі. Парывістае пякучае паветра прабірала, пагрозліва падвывала, папярэджвала Піліпку.

Пеўнік па-святочнаму прыбраны: панчохі, пантофлі, паўкажўшак папругаю падвязаў. Па палянцы прабягаў павабны пеўнік Петрык. Пачціва пакланіўся, прывітальна паздароўкаўся. Пазнаёміліся, прыемна паразмаўлялі, па-свойску. I Іасля прыемных паведамленняў - пасябравалі . Прапанаваў Піліпка прыяцелю павячэраць. Падаў прапараную пшаніцу, проса. Падсілкаваўся пеўнік. Петрыку па-сапраўднаму падабаўся пачастунак. Па-гаспадарску прыгатавана! Падзякаваў пачціва Петрык Піліпку. Павесялеў пеўнік. Пер'е параспраўляў, пракукарэкаў: "Пашанцавала! Пашанцавала! Петрык - першы прыяцель!". Па братняму пабраталіся. Паабяцалі пеўнікі побач пражываць, плённа працаваць, пшаніцу прыбіраць, прыгожа песні пець.


Каплунова Дамініка, СШ №41, 7 клас 

Аднойчы ў архіве 

Аднойчы аднакласнікі Андрэй і Антон адправіліся на аўтобусе ў архіў, каб апісаць актуальныя абрады. Андрэй адкрыў акно і адчуў асалоду асенняга адвячорка. Антон аспярожна адкусваў апельсін.

Аднакласнікі аказаліся каля архіва. Антон агледзеў аб'яву. 

Аб'ява 

Па аўторках адвячоркам у архіве арганізавана анкетаванне для актыўных 

Аднакласнікі аплацілі абанемент і апынуліся ў адным з аддзелаў архіва. Антона асляпіў арыгінальны арнамент. Аказалася, што арнамент адлюстроўваў адметны абрад Асяніны. Антон ахвотна апісаў у артыкуле абрад. Атрымалася арыгінальнае апавяданне.

Андрэй асцярожна адкрыў апошні альбом у аддзеле. Асаблівае адчуванне ахапіла аднакласнікаў. Андрэя ачаравала афармленне альбома. Абеліскі, абразы, адметна аформленыя абзацы адлюстроўвалі асобныя абрады. Андрэй алоўкам адразу адзначыў асноўнае. Аднакласнікі аформілі артыкулы пра абрады і агучылі атрыманае адзін аднаму. Атрымалася арыгінальна, асабліва ў Андрэя.

Антон агледзеў аб'яву пра анкетаванне і ў архіве. Аднакласнікі з ахвотай аформілі асабістыя анкеты. Андрэй і Антон адрознівалі альтанку ад аладкі, антонім ад антытэзы, агрэст ад ажын, абутак ад адзежы, акуляры ад атраманта, адрасата ад адрасанта, абанента ад абанемента, адрыну ад адтуліны, агурок ад алычы. Аднакласнікі адзначылі, што анкета агульнадаступная, але ў асобных адрозненнях арыентаваліся абы-як. Абодва абяцалі адшукаць адпаведныя адказы.

Пасля аналізу анкетавання аднакласнікі апрануліся, адшукалі аўтобус №11. Антон і Андрэй абяцалі адзін аднаму адправіцца ў архіў і ў апошні аўторак.


Карась Андрэй, Гродзенская гарадская гімназія, 9 клас 

Слаўся, Сафійскі сабор! 

Сакавіцкая святочная субота. Сонечка Сакалоўская спяшала своечасова сустрэць сваю старэйшую сястру Святлану. Старалася. Стамілася. Сазваніліся. Сустрэліся! Сентыменты-сентыменты!

-         Сонечка! - Смяецца Святланка. - Сінявокая сімпатычная свавольніца! Свабодалюбівая! Своеўладная! Сведка самых страшных сакрэтаў!

-         Светачка! Слаўная сястрычка! Сур'ёзная стала! Самавітая. Спадарыня! - Сумелася... - Света! Скроні сівыя?.. Спачуваю. Сазнавайся!

-         Сказаць? Салгаць? Сазнаюся... Самота спавіла! Стомленасць. Сэрца
смыліць. Спакой страціла. Слабанервовая... Слязлівая... Сама сябе
самавынішчаю.

-         Слухай, сястрычка! Сходзім скоранька, спаткаемся са святым
старажытным саборам. Самым сакраментальным. Сафійскім. Сямнаццатага
стагоддзя! Сёння сабор сабраў сяброў-суайчыннікаў.

- Сходзім! Сходзім!

Страчае сабор. Сямігаловая святыня - сімвал сямі сакрамэнтаў свяцілішчаў, сямі сусветных сабораў! Свецяцца свечкі. Саграваюць сваім спагадлівым святлом. Сапраўдным. Судзяць строга светлатварыя святыя. Саграшыў - сазнавайся! Стаяць сястрычкі, спавядаюцца самаму сакральнаму.

Сплывае сум, становіцца светлым-светлым. Самазабыццё... Сцякаюць салёныя слёзы. Сышоў страх. Спапяліўся стрэс. Самаачышчэнне. Самаабнаўленне. Самавылечванне. Спакваля спазнае сілу самаадчуванне. Струменіць святло!

-    Сястрычка, Святланка, спадзяюся сышла самота?

-    Сышла, Сонечка! Сплыла! Сатлела! Сэрца скача!

Сёстры смакуюць саладжавую свабоду. Самую смачную. Сатканую са срэбра!

Сакавікуе схмялелы сакавік. Стрымана, суцішана ступае спрадвечнымі сцежкамі. Сыпле спакуснае святло! Сохнуць стрэхі. Стракочуць сівабокія сарокі. Скачуць сінягаловыя сінічкі.

Салодкагалосым салоўкам спявае саксафон, слёзна сумуе славалюбівая скрыпка. Салютуе сакавіцкае свята!

Свяці, сонейка! Сагравай свет! Сілачкі Святлане, Сонечцы скінь! Смяюцца сястрычкі, спавітыя спакоем: «Сям'я - самае святое! Слаўся, Сафійскі сабор!»


Лоска Віктар, СШ №6, 8 клас       

Дуб 

Распусціў свае лісточкі

Каля дома майго дуб.

Гэта сёння цёмнай ноччу

Ён пачуў вясновы гук.

Дуб убачыў, як у небе

Птушкі радасна пяюць,

Як на цёмна-чорнай глебе

Кветкі першыя цвітуць.

Дуб заўважыў: буслы неслі

У дзюбах чорнае галлё.

Не да святаў ім і песень –

Трэба будаваць жыллё!

Дуб чакаў вясну, і шчыра

Ён нясмелую вітаў.

Цёплы вецер палахлівы

Дуб чароўны абдымаў. 

 

*** 

Сонца патускнела,

Мала шле цяпла.

Лісце пажаўцела...

Восень ужо прыйшла.

Учора раніцою

Качар прылятаў,

На двары прысеўшы,

Так ён нам сказаў:

"Людзі, выбягайце

Восень сустракаць!

Ураджай багаты

3 поля ўбіраць!"

У полі ўжо паспелы

Залаты авёс,

Ужо яго калоссе

Нізка хіліць нос.

Сонца патускнела,

Мала шле цяпла.

Лісце пажаўцела...

Восень ужо прыйшла.

 

Беларусь любімая 

Люблю Радзіму мілую,

Пяшчотную, шчаслівую.

 3 яе лясамі, рэкамі,

Празрыстымі азёрамі,

Зялёнымі далінамі,

Прасторамі палёў...

Яна ў мяне адзіная,

Прыгожая і шчырая!

Я ўсё зраблю магчымае,

Каб Беларусь любімая

Заўжды была са мной!

 

Актава 

Ніхто не зможа, як матуля,

Сваёй пяшчотай так сагрэць:

Рукой абдыме ды прытуліць –

У неба хочацца ўзляцець.

Матуля песціць і галубіць,

Усмешкай радуе мяне.

I сапраўды, мне без матулі

Свет навакол не існуе.


Місцюк Кацярына, СШ №31, 8 клас 

Прабуджэнне 

Панядзелак... Павел Пятровіч Прылюдзін пухлаваты, паваротлівы, паспешліва пайшоў паглядзець пасляваенны палісаднік. Прасцяцкае паліто, прывабныя пунсовыя панчохі, папялістыя панталоны прыдавалі паважнасць. Па-старадаўняму падвязаны пояс падтрымліваў порткі, прыкрываючы паўнаватую постаць. Патрабавальны позірк, пенсне на пераносіцы перакрэслівалі праставаты партрэт.

Пільна прыглядаючыся, прыпыніўся. Плыла паўночная пяшчотная прахалода. Прыемны пах перамінаў пехаце, падсвядома патрабаваў палагоднець. Паспакайнеўшы, па-гарпадарску пераглядзеў пакошаныя палеткі, потым павольная паходкай пакрочыў па пагорыстаму пагорку, павярнуўся. Папінка, пасаджаная працавітамі прадзедамі, прыцягнула позірк. Патрабаванне пастаяць, палюбавацца, прыгадаць падзеі пазалеташняга поўдня, пераасэнсаваць, пачасова перажыць прызабытыя пачуцці перамагло. Палісаднік пасля. Пачакае...

Прыпарвала. Пазелянелыя палеткі прыгадвалі плямістую посцілку: пасярэдзіне - пылкагоўнік, побач пялёсткі пазнацвету, прабіваецца паўсюды пышная папараць. Пяшчотныя промні прынудзілі падпарадкавацца. Паспешліва прысеў, потым прылёг, прыціх. Падалося - падарожнічае. Папераменна праплывалі палескія прывіды: паўнаводная Прыпяць, пяючыя прыгажуні-паляшучкі. Потым пагрозлівым панам паўстаў Пальмір, пекнымі паненкамі -пальмы.

Прастору перапоўніў пранізлівы піск птушак. Паднябессе паступова пачало паглынацца пачварай. Пасоўвалася, пераможна пашыралася, пагардліва пахвалялася перад прыціхлымі прысутнымі. Паўхвіліны - пачарнелая пастараль перапужала птаства, перакрэсліла прывіды, па-драпежніцку падпільнавала падарожнага.

Паліло. Падалося, прынцэса-прыгажуня паднябесся пакорліва перавярнула пасудзіну - пераліваючыся, пасыпаліся, пакаціліся пурпурныя пацеркі, нібы па паперы.

Павел Пятровіч, пераскокваючы праз прагаліны, прыпыніўся пад паветкаю. Прамоклы, пахлопаў па портах. Патрэбна пераапрануцца. Прааналізаваўшы падзеі, прыйшло паразуменне - пустая патрэба. Паслухмяны прыгоднік прызнаў перамогу "паляўнічай", пачырванеў.

Першы промень пераадолеў перашкоды, прабраўся пад падстрэшша, прабегся па плоце, падбадзёрыў поплаў, падштурхнуў пеўня прачухацца, праспяваць пераможную песню.

Прачнулася прырода. Прагна піла, падсілкоўвалася, прымала пачастункь Павільгатнелае паветра прывітала першаадкрывальніка, прымусіла перафарбаваць палітру, пазбавіцца пакутніцтва, падвойнага прадчування, прапанавала паўстаць правадыром, першапраходцам. Падмурак пазітыву пакладзены. Памаладзеўшы, павесялеўшы, бы падлетак, поўнасцю прыняў перамены, ператварэнні.

Пах півоняў п'яніў.

Прадвесне. Першыя пралескі перацвілі, павіншавалі, пажадалі поспеху прысутным. Падымалася пустазелле - патрабна праполка. Патрывожылі пажаўцелыя пялёсткі познацвета - пэўна задмерзлі. "Падсыпаць пяском, попелам, прыдаць прывабнасці побыту." - пераканальна прамовіў пашуковец.

Падвязаць парэчкі, пафарбаваць прыстанішча пчол, паліць пасаджаныя парасткі. Павел Пятровіч пералічваў, планаваў, па-майстэрску пераўладкоўваў...

Пырхнула з-пад падэшвы паўбацінка перапёлка. Перапалохала. Пахіснуўся-поплеч пражужала працавітая пчала, паклікала паспаборнічаць. Паслядоўна паўтарызненне прайшло. "Пенсіянер" прапаў ў паўзмроку. Перакананы, працаздольны, паспяховы "Прафесіянал", праўдашукальнік прыняў пасаду правадыра...


Цімафей Пракопчык СШ №8, 5 клас 

Я сын твой, мая Беларусь! 

Бацькаўшчына светлая мая!

У. Караткевіч

 

Я тут нарадзіўся і тут падрастаю,

Навукі з цікавасцю тут спасцігаю.

Я сын твой, мая Беларусь!

 

Тут плешчуцца вольныя рэкі, азёры,

У соснах гуляе тут вецер мацёры.

I гэта – мая Беларусь.

 

Тут Гродна - над Нёманам казачны горад,

У ім свецяць мне ясныя, чыстыя зоры.

Люблю я цябе, Беларусь!

 

У нас Багдановіч, Купала і Колас тварылі,

I Цётцы ў Шчучыне помнік адкрылі.

Іх помніць мая Беларусь.

 

Я вершы Гілевіча, Панчанкі знаю,

I Куляшова старонкі гартаю.

У іх пра цябе, Беларусь!

 

Люблю Караткевіча творы чытаць я,

Сам часам спрабую радкі рыфмаваць я.

У іх слаўлю цябе, Беларусь!

 

Жывуць тут цудоўныя, мірныя людзі.

Было так заўсёды, і ёсць, і так будзе.

Бо гэта – мая Беларусь!


Трацяк Мікіта, СШ №40, 9 клас 

Беларусь 

Нарадзіўся я ў Беларусі,

У краіне блакітных азёр,

Дзе з усходу вяртаюцца гусі

I квітнее палеткаў прастор.

А вайною, у час ліхалецця

Вораг знішчыў палі і сады.

Паміралі з голаду дзеці,

Людзі зведалі многа бяды.

Адстаялі мы родную землю,

Ад варожых клыкоў збераглі!

I палеткі засеялі зернем,

Каб на радасць раслі і цвілі.

Беларусь - мая маці-краіна,

Твой спакой - нашы мары і сны.

За цябе я гатовы загінуць,

Каб не ведалі людзі вайны!..

Дзе ні глянь - для душы ўсё так міла!

Сэрца просіцца за далягляд...

Беларусь - наша веліч і сіла,

Прыгажэйшая ў свеце зямля!


Шчэрбік Іван, СШ №6, 8 клас 

Краявід 

Гарыць каліна ў кустах,

Нібы агеньчык у печы.

Шыпшына ў выцвілых штанах

Трымціць, прыгнуўшы плечы.

У доўгіх пацерках рабіна

Ля дуба завіхаецца,

Нібы на выданні дзяўчына

Па жалуды збіраецца.

Вунь на ўзгорак, як на трон,

Ва ўзорыстым адзенні

Кароль асенні дзіва-клён

Сыпнуў бурштын з кішэні.

А на балоцістых імхах

Смак журавіны млеюць.

3 чырвонай стужкай у валасах

Пад сонцам тварык грэюць.

 

 

*** 

Чамусьці вельмі сумна

Глядзець на неба ўвосень,

На шэры, брудны колер

I холад вышыні.

Яшчэ сумней на сэрцы,

Калі ў небе павольна

3 жалобным плачам-крыкам

Ляцяць удаль журавы.

Чаму такое дзеецца?

Нічога ж не змяняецца:

Мы тут жа застаемся

Пры дома цеплыні.

Але ўсё ж нам сумна,

I сэрца плача, плача

I адлятае з імі

У далёкі край чужы.

 

Канікулы 

Я так чакаў канікулы –

Дзівосную пару!

А час знарок, як змушаны,

Усё плёўся пад гару.

 

Урэшце дачакаўся,

Рукзак за плечы ўздзеў,

Са школай развітаўся,

Бы ў вырай паляцеў.

 

3 сябрамі забаўляўся,

На возеры шчырэў,

3 тарзанкі небяспечна

Я стрымгалоў ляцеў.

 

На ровары катаўся,

Суніцы ўсмак збіраў.

На спорт не забываўся

I мячык муштраваў.

 

Мне не забыць імгненняў

Дзівоснай той пары,

Што так ляцяць імгненна,

Як воз з крутой гары.

 

Неба 

Неба бывае розным:

Сціплым, натхнёным, грозным,

Узрушаным, недасяжным,

Сцішаным, неабсяжным.

 

Неба бывае засмучаным,

3 аблокамі, у хмары закручаным,

3 громам і бліскавіцаю,

3 дажджом, з вірлівай вадзіцаю.

 

Неба бывае зорным,

3 месяцам на дазоры,

3 зоркамі-званарамі,

На Млечным шляху - ліхтарамі.

 

Неба бывае ясным,

3 бурштынавым сонцам атласным,

3 промнямі-абагрэямі,

Зямнога быцця жыццясеямі.


Якімовіч Кірыл СШ №40, 7 клас          

Вера 

Восень у гэтым годзе выдалася ранняя. У сярэдзіне верасня ўжо зазірнулі першыя замаразкі і лісце з дрэў амаль усё апала, услаўшы зямлю рознакаляровым дываном.

Вера, ідучы ў школу, доўга думала, як павіншаваць з Днём нараджэння сваю лепшую сяброўку Паліну. Дзяўчынкі сябравалі з першага класа, амаль чатыры гады. Яны сядзелі за адной партай у школе. Вера - дзяўчынка з небагатай сям'і, у яе была толькі маці і малодшы брат. Грошай на дарагія падарункі не было, таму яна вырашыла зрабіць букет з лісця. Дзяўчынка прысела каля дарогі і пачала збіраць лісточкі, чырвоныя, жоўтыя, карычневыя. Заззяла восеньскае сонца, абдаючы светлыя косы дзіцяці залатым светам, а яна складвала лісток да лістка і не заўважыла, што ўжо пару хвілін засталося да пачатку заняткаў.

Вера хутка забегла ў клас, трымаючы ў руках падарунак. Яна вельмі здзівілася, што Паліна сядзіць за партай з другой дзяўчынкай, а дзеці пачалі паказваць на яе пальцам і паміж сабой гаварыць: "Вось і злодзей". Вера не магла зразумець, што здарылася, і хацела запытаць, але не паспела. У клас увайшла настаўніца, жанчына невысокага росту, сярэдніх гадоў, з кароткімі чорнымі валасамі. Яна ціхім голасам пачала гаварыць:

-Сёння мы пачнём урок не з віншавання Паліны са святам, а з непрыемнага выпадку, які здарыўся ў нашым класе.

Дзеці сядзелі, уважліва слухалі настаўніцу.

-Учора, - працягнула яна, - у Глеба ў школе прапаў дарагі мабільны тэлефон, які яму падарылі бацькі. Калі хто бачыў прапажу, скажыце.

Раптам, як гром сярод яснага неба, закрычалі ў адзін голас дзеці, што тэлефон узяла Вера. Паліна ўстала з-за парты, паглядзела на сяброўку і сказала:

-У Веры не было тэлефона, але яна марыла аб ім. Напэўна, гэта зрабіла яна.

-Я не брала тэлефон! - блакітныя вочы дзяўчынкі былі поўныя слёз, а з рук выпаў букет - падарунак для Паліны. Лісты разляцеліся па класе, быццам мары аб сапраўдным сяброўстве. Твар рабіўся то белым, то чырвоным. Дзяўчынцы было вельмі крыўдна, што яе лічаць злодзеем і што гэта робіць Паліна, чалавек, якога яна лічыла сябрам і давярала. Якая боль і пакута была ў Верынай душы. Слёзы каціліся па твары, яна закрычала:

-Гэта не я, не я! Я не злодзей! - і выбегла з класа.

Дзеці ўсталі і пачалі нагамі таптаць лісты. Яны крычалі:

-Злодзей! Злодзей!

Настаўніца села за стол і пару хвілін маўчала, а потым падняла вочы і загаварыла:

-Перш чым абвінавачваць чалавека, трэба даказаць, што гэта зрабіў ён.

3 задняй парты пачуўся голас.

-А хто больш мог гэта зрабіць? Усе маюць тэлефоны, толькі яна не.

-Мне здаецца, што Вера гэтага не рабіла. А тое, што яна бедная, не значыць, што злодзей.

Ранкам у клас увайшоў настаўнік фізкультуры і паказаў тэлефон, які знайшоў на стадыёне. Хлопчык ускочыў і пабег да яго.

-Гэта мой, мой! Знайшоўся! Напэўна, Вера спалохалася і падкінула яго,- ён не хацеў прызнаваць, што сам згубіў тэлефон, гуляючы ў футбол.

У класе стаяла цішыня. Настаўніца падышла да дзвярэй і ціха прагаварыла:

-Мне вельмі шкада, што вы не разумееце: у жыцці трэба ўмець прызнаваць свае памылкі, быць добрым і давяраць адзін аднаму.

Яна выйшла, хацела знайсці Веру, але яе ў школе ўжо не было. Настаўніца патэлефанавала дадому да Веры. Трубку ўзяла маці і паведаміла, што дачкі дома няма. Тады настаўніца расказала пра выпадак у школе, пра тэлефон. Яна папрасіла ў маці прабачэння за дзяцей, за іх абвінавачванне.

На дварэ ўжо амаль сцямнела, неба зацягнулі шэрыя хмары, пачаў марасіць дождж, а Веры ўсё не было. Маці выйшла з хаты і пабегла да дарогі, якая вядзе ў школу. Там на ўзгорку, каля вялікага магутнага дуба, на восеньскім рознакаляровым дыване сядзела дзяўчынка. Яна закрыла твар сваімі маленькімі ручкамі і моцна плакала. Жанчына падышла, села побач і абняла дачку.

-Я не брала гэты тэлефон, а Паліна паверыла ім, паверыла, што я злодзей, - маці яшчэ мацней прытуліла Веру да сябе.

-Я ведаю і веру табе. Ты ў мяне самая лепшая і добрая. Вера, Верачка -тваё імя быццам заклікае цябе жыць з верай, верай у лепшае. На тваім шляху сустрэнецца шмат людзей, добрых і злых, шмат выпрабаванняў падрыхтуе табе жыццё, але ты ніколі не трымай у сабе злобы, заставайся чалавекам і ўмей дараваць. I Паліне сваёй даруй. 3 цягам часу яна зразумее, што сябрам трэба не проста называцца, а трэба ўмець ім быць.

Яны яшчэ доўга сядзелі, а кроплі дажджу быццам змывалі гарачую рану з дзіцячага сэрца.