Святлінкі душы


Святлінкі душы

Калектыўныя зборнікі заўсёды прыцягвалі ўвагу шматлікіх чытачоў магчымасцю пазнаёміцца з рознымі творчымі накірункамі, паэтычнымі стылямі, светапоглядамі паэтаў і празаікаў, іх светаадчуваннем і светаўспрыманнем.

Рэдактарам-укладальнікам найноўшага альманаха з’яўляецца сябра Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік-фантаст, гісторык па адукацыі, лаўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў Сяргей Белаяр.

Літаратурнае выданне складаецца з сямі раздзелаў. У першым – “Жамчужныя россыпы” - прадстаўлены вершы васямнаццаці паэтаў. Расчыняе дзверы ў прыгожы свет паэзіі сваім лірычным роздумам Вера Вакула. Паэтычныя творы Васіля Баннава, Лідзіі Касачук, Віктара Рэчыца здзівяць чытача вострым успрыняццем абставін жыцця.  У  паэзіі Таццяны Шульга і  Ліліі Высоцкай вяршэнствуюць жаночыя пачуцці – імклівыя і пяшчотныя. Іван Дацкевіч і Віктар Хмарук  паэтычным словам малююць свае сусветы, вырываючы з памяці дзівосныя шчымлівыя моманты.  Вершы  Ірыны Морых, прысвечаныя цыклам прыроды і  музыцы, сатканы з незвычайных незабыўных эпітэтаў і метафар. Светламіра Васілюк шчыра прызнаецца ў любові роднаму гораду Брэсту. Як матуліна калыханка – ласкава і цёпла гучаць радкі Галіны Бабарыка, Зінаіды Навасад, Валянціны Кульбеды-Бакун, Валянціны Пігас, у якіх славяцца родныя краявіды, любыя сэрцу беларускія мястэчкі. Сярод паэтычнай падборкі Надзеі Парчук прыцягваюць увагу ўрачыстасцю прысвячэнні знакавым фігурам беларускай культуры Яўгеніі Янішчыц і Алесю Бачыла. Баранавіцкі паэт Юрый Мацюшка  запрашае ў вандроўку па жыцці – няпростую, камяністую, і  ў сваіх адчайных пошуках шчасця ён вядзе нас  да агню мудрасці. Вершы маладой паэткі з Камянца Настассі Нарэйка  -  дыханне жыцця і мяцежная прыгажосць. Паэтычныя вобразы выразныя, арыгінальныя, а паэтычныя рашэнні прымушаюць міжволі заміраць:

Мой абветраны сад.

Мой здранцвелы, заплаканы сад!

Ты галінкаю голай

За сэрца кранаеш, бялесны…

Ты начамі не спіш.

Прадчуваеш: ідзе снегапад!

І чакаеш яго,

Нібы лыжачкі манны нябеснай.

Пранікнёная паэзія  вядомай пісьменніцы  Зінаіды Дудзюк, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2018 года, дае магчымасць чытачу асэнсаваць жыццё, яго арыенціры, глыбінныя і базавыя каштоўнасці. Вобразы павучка, які займаецца сваёй працай, нягледзячы на вялікі складаны чалавечы рух, і прахожага, які выглядае такім бездапаможным на фоне прыроднай стыхіі, падштурхваюць чытача да сур’ёзных роздумаў.

Ганна Клімовіч, Іван Куцко, Марыя Шадуя робяць першыя, але ўпэўненыя крокі ў літаратуры. Іх вершы, якія ўвайшлі ў рубрыку “Першы крок”, – адлюстраванне прамяністага, радаснага жыцця, напоўненага захапленнем ад новых адкрыццяў і ўражанняў.

Рубрыка “Іскры з-пад капытоў Пегаса…”  прадстаўлена фантастычнымі апавяданнямі і мініяцюрамі Сяргея Белаяра, рэалістычнымі апавяданнямі Святланы Гарадзецкай і аўтара гэтых радкоў, шчырымі празаічнымі творамі Ірыны Фаміной, заснаваных на  ўнутраных перажываннях, назіраннях, у водблесках якіх у чытача з’яўляеецца магчымасць пачуць рэха сваіх успамінаў. 

 Самае вялікае багацце – сям’я, самая вялікая моц – любоў, якую не можа перамагчы нават смерць. Апавяданне Галіны Бабарыка “Бацька” закранае самыя балючыя моманты ў сямейна-бытавых зносінах.

У рубрыцы “Дзіцячы гарадок” незвычайныя  падзеі ў  апавяданні Вольгі Сандрыкавай  “Чараўніцтва Спірыдонаў у Стулах”  пераносяць юнакоў у старое сяленне Белавежскай пушчы, дзе нараджаюцца сапраўдныя казкі. Іскрынкамі дабрыні прасякнуты апавяданні Наталлі Шляжка і чароўныя гісторыі Наталлі Кухліч.

Ганаровымі гасцямі “Берасцейскай скарбніцы” сталі члены Саюза пісьменнікаў Расіі – Наталля Раўкова, Ганна Самойлава, а таксама іванаўскі паэт Валерый Кухарчук, які зараз жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі.

У рубрыцы “Капліца памяці” змешчана апавяданне Мікалая Елянеўскага “Южный склон”, у якім  напружаныя трагічныя падзеі адбываюцца  ў далёкім Афганістане.  Дарэчы, Мікалай Елянеўскі на святкаванні Дня беларускага пісьменства пасмяротна атрымаў узнагароду абласнога літаратурнага конкурсу “Духоўная веліч” у намінацыі проза за кнігу “Мытари и фарисеи”.

Апошні раздзел “Ратнае поле” прадстаўлены рэцэнзіямі студэнтак філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. Будучыя літаратуразнаўцы -  пераможцы літаратурнага конкурсу “Маладая літаратурная крытыка – 2018”. Ксенія Якімук  неардынарна падыйшла да  аналізу  кнігі Наталлі Касцюк “Детдомовские рассказы”, а Таццяна Сільвестрава па-мастацку таленавіта  і чулліва раскрыла паэтычны свет Галіны Бабарыка.

Творы, прадстаўленыя ў кнізе, вылучаюцца сур’ёзнасцю, лірычнасцю, яркімі мастацкімі рашэннямі, адлюстроўваюць прыгажосць жыцця, духоўнае багацце нашага краю.

Спадзяюся, што старонкі гэтага найновага выдання з цягам часу папоўняцца краязнаўчымі творамі, публіцыстычнымі матэрыяламі, паўнавартастымі крытычнымі артыкуламі. Незабыўнымі адкрыццямі парадуюць нас юныя аматары слова, а гасцямі нашага брэсцкага абласнога  выдання стануць літаратары з усяго свету. Да творчай майстэрні далучацца музыканты, мастакі, музейныя супрацоўнікі. І хто ведае, можа, “Берасцейская скарбніца” стане сапраўдным брэндам нашага горада.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

СКАЧАТЬ