
У сакавiку 2019 года пабачыў свет чарговы, шосты нумар літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі», афіцыйнага друкаванага органа Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Традыцыя выдання літаратурных альманахаў на Гродзеншчыне сваімі каранямі сыходзіць у мінулыя стагоддзi. А гісторыя альманаха «На Нёманскай хвалі» бярэ пачатак роўна дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе. Па традыцыi адкрывае змест новага нумара выдання ўступны артыкул старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсы, празаiка Людмiлы Антонаўны Кебiч «На хвалi малой радзiмы». У матэрыяле кіраўніка рэгіянальнай пісьменніцкай арганізацыі прадстаўлены агляд найбольш значных падзей літаратурнага жыцця Прынёмання за два апошнія гады з удзелам лiтаратараў з Гродна i розных куткоў Гродзенскай вобласці, нашых калег па Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Таксама ў сваім артыкуле Л. А. Кебіч паведамляе галоўную тэму альманаха – тэму малой радзiмы – і тлумачыць яе выбар: «Што можа быць прыемней для пiсьменнiка? Таму што Радзiма заўсёды была невычэрпным вытокам натхнення, а малая – дарагiм куточкам, думка пра якi вярэдзiць сэрца пачуццём любовi i тугi. I таму нiводзiн з гродзенскiх пiсьменнiкаў не абышоў гэтую тэму». На старонках свежага нумара альманаха знайшлося месца і творчасці гасцей, добрых сяброў нашай пiсьменнiцкай арганiзацыi, сярод якіх паэтэса Алена Карнеева (Разань); польскія паэты Аляксандр Наўроцкі і Барбара Юркоўска (Варшава), а таксама гродзенская дзіцячая пісьменніца Ганна Белавус.
У першай рубрыцы «Пераможцы i лаўрэаты» чытачу прапануецца знаёмства з працамі лаўрэатаў прэміі імя А.I. Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыях «Пісьменнік года-2016» і «Пісьменнік года-2017». Гэта тры артыкулы краязнаўцы з Карэлiч Святланы Кошур i некалькi нарысаў музычнага крытыка, публiцыста Віталiя Радзіонава. Мемарыяльная падрубрыка «Светлая памяць» знаёміць з паэзіяй, аўтары якой – гродзенская паэтэса Раіса Байкова і беларуская паэтка Ірына Данік (Зэльвенскі раён) у 2018 годзе пайшлі з жыцця. Рубрыка «Паэзія» ў літаратурным альманаху «На Нёманскай хвалі» ўжо доўгія гады застаецца самай аб'ёмнай. Тут можна дакрануцца да творчасці такіх нашых паэтаў, як Iрына Войтка (Слонiм), Рыгор Гармаш, Людмiла Кебiч, Рэнальд Кныш, Вiктар Кудлачоў, Вiктар Куц, Людмiла Шаўчэнка, Антон Янкоўскi, Вiкторыя Смолка (Гродна), Мар’ян Дукса (Смаргонскi раён), Георгiй Кiсялёў, Вiктар Курловiч (Ваўкавыск, Ваўкавыскi раён), Тамара Мазур (Скiдзель), Уладзiмiр Руль (Воранаўскi раён), Валянцiн Семяняка (Зэльвенскi раён), Наталля Цвiрко (Шчучынскi раён). У рубрыцы «Проза» вас чакаюць творы Анатоля Апанасевiча, Лiны Багданавай, Iрыны Фамянковай (Гродна), Алы Клемянок (Маладзечна). У рубрыцы «Дзіцячая літаратура» сваю творчасць прадстаўляюць гродзенскiя аўтары Алена Руцкая, Ганна Скаржынская-Савiцкая, Пётр Сямiнcкi, Таццяна Сучкова. У рубрыцы «Публiцыстыка i краязнаўства» выступiлi Уладзiмiр Ягорычаў, Бранiслаў Ермашкевiч, Уладзiмiр Саласюк (Гродна), Нiна Рыбiк (Астравец) i Тамара Фiлiповiч (Ашмяны). У раздзеле «Лiтаратуразнаўства i крытыка» са сваімі даследчымі працамі прадстаўлены гродзенцы Руслан Казлоўскi, Алiна Сабуць, Святлана Тарасава, Валерый Чарапiца i Дзмiтрый Радзiвончык. У фінальнай частцы выдання ўвазе чытача прапанаваны кароткія біяграфічныя звесткі аб аўтарах альманаха, а таксама фотаілюстрацыі некаторых эпізодаў нашага літаратурнага жыцця.
На працягу некалькіх нумароў альманаха «На Нёманскай хвалі» нязменнай застаецца адна паказальная тэндэнцыя: творцы імкнуцца праявіць сябе ў розных напрамках літаратуры. Напрыклад, паэты Анатоль Апанасевіч i Ала Клемянок на гэты раз выступаюць як празаікi; краязнавец Валерый Чарапіца ў сваім матэрыяле пра гродзенскіх паэтаў міжваеннага перыяду паўстае ў амплуа літаратуразнаўца, а літаратуразнаўца Алена Вітальеўна Руцкая як вопытны педагог i бабуля прапаноўвае свае творы для дзяцей. Гэта яшчэ раз даказвае, што эстэтычныя, ідэйна-тэматычныя дыяпазоны творчасці нашых аўтараў вельмі шырокія і залежаць не толькi ад кірунку іх уласных інтарэсаў, духоўных памкненняў, але ў першую чаргу ад патрэб і інтарэсаў чытача. Творчы пошук нашых сучасных пісьменнікаў-землякоў – гэта пошук cваёй найбольш эфектыўнай ролі ў развіцці багатых літаратурных традыцый Прынёманскага краю і папаўненні яго культурнай спадчыны. Кропкай адліку і вытокам натхнення для кожнага з сучасных літаратараў Гродзеншчыны заўсёды быў і застаецца свяшчэнны вобраз малой радзімы. Адчуваннем гэтай святасці аўтары выдання спрабуюць у розных мастацкiх формах і жанрах падзяліцца з разнастайнай чытацкай аўдыторыяй, iмкнуцца задаволіць усе густы і прынесці плён творчага пошуку вытокам свайго натхнення – куткам роднага краю i людзям, што жывуць побач.
Паліграфічнае выкананне альманаха зроблена ў Таварыстве з абмежаванай адказнасцю «ЮрСаПрынт». Выданне налiчвае 256 старонак. Пераплёт мяккi. Наклад 150 асобнiкаў. Больш падрабязна са зместам лiтаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі» № 6 можна пазнаёміцца ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага. Плануюцца прэзентацыі і распаўсюджванне выдання ва ўстановах культуры і адукацыі горада Гродна і Гродзенскай вобласці. Наконт набыцця альманаху i cустрэч з яго аўтарамi можна звяртацца па тэлефонах (80152) 60-20-22 i (80152) 60-48-98.
***
За аказаную спонсарскую дапамогу ў выданні лiтаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі» № 6 творчы калектыў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выказвае шчырую ўдзячнасць Сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву «Свіслач» і яго старшыні Васілю Мікалаевічу Густыру.
Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ
СКАЧАТЬ