МАСТЫ ПРАЗ МОРА I СУШУ


МАСТЫ ПРАЗ МОРА I СУШУ

Вясной гэтага года ў польскім выдавецтве «IBiS» (Варшава) пабачыла свет новая міжнародная анталогія паэзіі «Мosty» («Масты») з удзелам паэтаў Гродзеншчыны.  На гэты раз творы беларускіх аўтараў апублікаваныя пад адной вокладкай з творамі нашых калег з Польшчы і краін Балтыі, на што ўказвае і геаграфiчны фармат выдання «Масты: Гродна – Рыга – Талін – Вільня – Варшава». 

Кніжная серыя створана і развіваецца дзякуючы намаганням вядомага польскага паэта, перакладчыка, выдаўца Аляксандра Наўроцкага, які з дапамогай міжнароднага літаратурнага праекта імкнецца аб’яднаць літаратараў з розных краін свету. Ужо пабачылі свет такія выпускі серыі, як «Масты: Варшава – Санкт-Пецярбург»; «Масты: Варшава – Афіны»; «Масты: Варшава – Рым»; «Масты: Варшава – Разань – Масква»; «Масты: Варшава – Рыга»; «Масты: Варшава – Лондан»; «Масты: Варшава – ЗША»; «Масты: Варшава – Вільня»; «Масты: Варшава – Бухарэст». Знакавай падзеяй для Гродзеншчыны літаратурнай стаў выхад у 2017 годзе польска-беларускай анталогіі паэзіі «Масты: Варшава – Гродна», у якую ўключаныя творы дзесяці польскіх паэтаў і столькіх жа аўтараў з Гродзенскай вобласці на мове арыгiналу i ў перакладзе на беларускую i польскую мовы адпаведна. Большасць перакладаў паэзii на польскую мову выканала паэтэса, перакладчык Мiра Лукша (Беласток). Прэзентацыі анталогіі з удзелам гасцей з Варшавы адбыліся ў маі 2018 года ў гродзенскай сярэдняй школе № 36 з польскай мовай навучання, у ГрДУ імя Янкі Купалы і ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага. З анталогіяй сёння можна азнаёміцца ва ўсіх гэтых установах. 

І вось у Гродне з’явіўся новы выпуск серыі. Паводле задумы Аляксандра Наўроцкага да паэтаў з Польшчы і Беларусі далучыліся новыя ўдзельнікі – паэты прыбалтыйскіх краін. З беларускага боку ў зборніку прадстаўлены творы такіх паэтаў, як: Людмiла Кебiч, Вiктар Курловiч, Рыгор Гармаш, Валянцiн Семяняка, Людмiла Шаўчэнка, Анатоль Апанасевiч, Дзмiтрый Радзiвончык, Вiкторыя Смолка, а таксама былы пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, паэт Аляксандр Авяр’янаў. Для таго, каб быць перакладзенымі на польскую мову, у анталогію ўвайшлі рускамоўныя тэксты паэтаў Гродзеншчыны альбо iх пераклады з беларускай мовы спачатку на рускую, што запатрабавала ад некаторых нашых калегаў дадатковых творчых намаганняў. 

Паэзія Польшчы на гэты раз прадстаўлена і ў перакладзе на рускую мову; у лiку аўтараў: Аляксандр Наўроцкi, Барбара Юркоўска, Мiра Лукша, Ежы Парушэўскi, Бенедыкт Козел, Еnormi Stationis (Барташ Радомскi), Марцiн Мольскi, Уршуля Войтась. Ад нашых суседзяў з Літвы ў анталогiю трапілі творы такіх паэтаў, як: Аляксандр Сакалоўскі, Аляксандр Сняжко, Вячаслаў Зянкевіч, Мажэна Мацкойць-Сінкевічэне, Крысціна Ужэнайтэ, Дамініка Аліцка. Сярод удзельнікаў анталогіі ад Латвіі – руская паэтэса з Рыгi, перакладчык, галоўны рэдактар лiтаратурнага часопіса «Настоящее время» Таццяна Жыткова, а таксама паэтэсы Тамара Ярмолава, Алена Журовiч, Дзiяна Дзмiтрыева. Паэзiю Эстонii ў кнiзе прадстаўляе паэтэса з Талiна Алена Ларына. Канцэптуальная асаблівасць новай анталогіі паэзіі прыбалтыйскіх краін (да якіх ініцыятары праекта адносяць і Беларусь) заключаецца ў тым, што паэзія адтуль прадстаўлена не толькі па этнічным, але і па геаграфічным прынцыпе. Пры гэтым у ролі сімвалічнага моста паміж лiтаратарамі і чытачамі з розных краёў выступае руская мова. 

Вядома, заслужылі быць пералічанымі пайменна перакладчыкі Балтыйскай анталогіі паэзіі: Андрэй Базылеўскі, Сяргей Главюк, Кінга Козел, Віктар Крамарэнка, Міра Лукша, Вікторыя Рузметава, Алена Савіна, Юргіс Сінкявічус, Вера Вінагорава, Вячаслаў Зянкевіч. Традыцыйна змест анталогіi паэзіі «Мosty» («Масты») – гэта не толькі паэзія, але і выяўленчае мастацтва. У літаратурным зборніку прадстаўлены рэпрадукцыі карцін Аліны Літвіненкі (Рыга), Мальвіны дэ Брадэ (Варшава) і Мікалая Бандарчука (Гродна). Графічны дызайн новай кнігі выканала супрацоўнік выдавецтва «IBiS», паэтэса i мастачка Барбара Юркоўска. Удзел у праекце беларускіх паэтаў стаў магчымы дзякуючы фінансавай падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. Аб прэзентацыях анталогіі паэзіі «Масты: Гродна, Рыга, Талін, Вільня, Варшава» будзе паведамлена дадаткова. А першая з іх адбылася ў рамках Міжнароднага дня паэзіі ЮНЕСКА (Варшава, красавік 2019 года). 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

СКАЧАТЬ КНИГУ