Даведнік да 1000-годдзя горада


Даведнік да 1000-годдзя горада

Сапраўдным падарункам для берасцейцаў стала кніга “Брэст. Храналагічны даведнік”, якая выйшла ў брэсцкай друкарні “Выдавецтва Альтэрнатыва”. Складальнік яе – пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зінаіда Дудзюк.  

Па словах аўтаркі, задума стварэння даведніка ўзнікла даўно. Пісьменніца жыве ў Брэсце больш за сорак год. За гэты час горад стаў па-сапраўднаму родным для яе. Шмат увагі ў сваёй творчасці аддае Зінаіда Іосіфаўна яго гісторыі і людзям, якія нарадзіліся, жылі тут ці якіх лёс выпадкова звязаў з Бярэсцем. Гэта і постаць старасты берасцейскага, палкаводца, дыпламата Льва Сапегі, князёўны Ганны Кобрынскай, князя Хведара Бельскага, падпольшчыцы Веры Краўцовай і многіх іншых асоб. Сваю кнігу пісьменніца адрасуе шырокаму колу сучасных чытачоў, а таксама турыстам і гасцям горада.  

Пачынаецца даведнік з прадмовы, дзе Зінаіда Дудзюк коратка апісвае гісторыю Брэста, пры гэтым называе яго “ўтульным, прыгожым і маладым”, нягледзячы нават на тое, што “вось-вось Брэст уступіць у другое тысячагоддзе”. А жыхароў – “працавітымі і духоўна светлымі людзьмі”, якія   робяць усё для таго, каб Брэст стаў адметны і запамінальны”.

Сам жа даведнік апавядае пра галоўныя гістарычныя падзеі, якія ўплывалі на існаванне Бярэсця і жыццё ягоных жыхароў. Выкладзеныя яны ў храналагічным парадку, ад першага ўспаміна пра горад і да сённяшняга часу. Асаблівасць кнігі і ў тым, што ў ёй змешчаныя не толькі добра вядомыя даты падзей, але мала вядомыя, якія можна сустрэць   толькі ў архівах Беларусі.

Акрамя таго, кожная дата дапаўняецца  апісаннем падзеі, часам даволі падрабязным. З даведніка, напрыклад, чытачы даведаюцца, калі ў Бярэсці быў адчынены першы шпіталь для састарэлых, хворых і маламаёмных людзей. Калі горад атрымаў права на штогадовае правядзенне трох- і двухтыднёвых кірмашоў міжнароднага значэння. Таксама  пра тэатр шкаляроў і першых акцёраў, пра перапіс насельніцтва і пачатыя  гідралагічныя назіранні. Альбо, што Брэст - гэта малая радзіма Якава Громера, асістэнта і сааўтара навуковых прац Альберта Эйнштэйна. Безумоўна, перад аматарамі прадстануць і многія іншыя не меньш цікавыя факты з тысячагадовага жыцця Брэста.

З кнігай можна пазнаёміцца ў бібліятэках горада.

Наталля ШЛЯЖКА

СКАЧАТЬ КНИГУ