Тут пачынаецца мая радзіма…


Тут пачынаецца мая радзіма…

Цудоўным падарункам для брастаўчан і гасцей 1000-гадовага Брэста стала каляровае літарутарна-мастацкае выданне “Анёл над Брэстам”, якое сёлета пабачыла свет у рэдакцыі брэсцкай абласной газеты “Заря”. Яго аўтар – вядомы брэсцкі паэт, заслужаны журналіст Георгій Тамашэвіч.

На першай старонцы выдання змешчана прывітальнае слова старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Рагачука, якое прасякнута пачуццём гонару і адказнасці за славуты і родны горад.

Ва ўступным слове кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец адзначыў, што Георгій Тамашэвіч натхніўся назвычай складанай формай верша – вянком санетаў. “Чароўных паэтычных кветак” у ім ажно пятнаццаць!

Шчырыя ўрачыстыя паэтычныя радкі – гэта жывыя старонкі гісторыі з яе “даўнімі легендамі з сівізной”, “стваральным гарэннем новых спраў” ды “жыццём, напоўненым святлом надзеі”.

Ад старажытнага Бярэсця, ад вытокаў, шляхамі радасці і трывог з сімваламі веры, воінскай доблесці праз успаміны і мары крок за крокам вядзе нас паэт да сённяшняга Брэста, што квітнеее і ззяе цеплынёй і вялікімі набыткамі… Уражанні ад акрыленых паэзіяй прызнанняў роднаму гораду яшчэ больш узмацняюць фотаздымкі В. Караля і А. Шульгача. Сёння мы бачым любімы горад шчаслівым, мірным. Жаданне Сыноў Зямлі, што “ўслаўляюць кут свой родны і сэрцам саграваюць край бацькоў”, захаваць нашчадкам багатую спадчыну дае цудоўны пасыл для філасофскага асэнсавання таго, што адбываецца з намі тут і цяпер, і будзе адбывацца ў далёкай будучыні. Бо наша будучыня – гэта, перш за ўсё, святло нашых думак, якое ахутвае пяшчотай і клопатам родную зямлю.

Напрыканцы паэтычна расказанай брэсцкай гісторыі даўжынёю ў 1000 гадоў змешчаны трыпціх “Вітаю тысячагоддзе!”, у якім зноў спалучаецца слаўнае мінулае, дзе “векапомнымі свецяцца годы, жыватворнымі – промні падзей” і сённяшняе – яскравае, у росквіце дасягненняў і важных спраў.

Георгій Тамашэвіч параўноўвае родны горад з матуляй, якая і праводзіць, і сустрэне з далёкай дарогі, і “атуліць пяшчотнай рукой”. Апошнія прывітальныя радкі гучаць, як заклік берагчы мілы куточак, узбагачаць яго сваімі руплівасцю, добразычлівасцю, талентамі і дасягненнямі.

Дарэчы, вянок санетаў і прысвячэнні роднаму гораду Георгія Тамашэвіча, напоўныя глыбокімі думкамі, развагамі, перажываннямі, знайшлі шырокі водгук у творчай моладзі. Юныя артысты, удзельнікі гарадскіх конкурсаў чытальнікаў, з задавальненнем выбіраюць для выканання вершы брэсцкага паэта, а гэта азначае, што эстафета падхоплена і “наш горад – працаўнік, пясняр і воін – вялікасці гісторыі дастойны, юнацкай думкай напаўняе змест…”

СКАЧАТЬ