Таямніцы ілюстраванай старонкі


Таямніцы ілюстраванай старонкі

Ілюстратар, чые малюнкі ўпрыгожваюць старонкі друкаванага выдання, з поўным правам можа быць названы суаўтарам кнігі. У зборніку “Малюнак пад кніжнай вокладкай” пра ўнутраны свет, кола чытацкіх інтарэсаў, дзяцінства, шлях у мастацтва, разважанні пра будучыню айчыннай кніжнай графікі раскажуць інтэрв’ю з вядомымі мастакамі Беларусі, якія журналіст Вольга Паўлючэнка рабіла на працягу 2010–2015 гадоў. Большасць з іх чытачы ведаюць па публікацыях у газеце “Літаратура і мастацтва”. Кніга з’яўляецца своеасаблівым даведнікам: на яе старонках і кароткая біяграфія, і фота мастакоў, і ўзоры іх твораў.

У прадмове да выдання Вольга Міхайлаўна піша: “Гады працы падарылі шмат сустрэч з выбітнымі прадстаўнікамі беларускай культуры, такімі, як Арлен Кашкурэвіч, Мікалай Казлоў, Віктар Кліменка, Алена Лось, Наталля Сустава, Валерый Славук, Павел Татарнікаў, Валянцін Губараў, Юрый Якавенка, Юрый Хілько, Ірына Лобан, Тамара Мельянец, Генадзь Мацур, Сяргей Волкаў, Уладзімір Пашчасцеў, Уладзімір Савіч, Вячаслаў Паўлавец, Раман Сустаў, Вольга і Юрый Крупянковы, і многімі іншымі, і тымі, хто робіць першыя крокі як мастак-ілюстратар. Іх аповеды сталі газетнымі артыкуламі. Ды жыццё газетнай старонкі карацейшае за жыццё кнігі. Няхай гэтыя інтэрв’ю, сабраныя пад адну вокладку, будуць словам удзячнасці ўсім, хто працягвае шчыраваць у беларускай кніжнай графіцы, а таксама данінай памяці тым маім суразмоўцам, каго ўжо няма з намі”.

Адрасавана выданне шырокаму колу чытачоў – мастацтвазнаўцам, выкладчыкам, журналістам, настаўнікам, усім, хто цікавіцца беларускай культурай.

СКАЧАТЬ КНИГУ