Браму скарбаў сваіх адчыняем…


Браму скарбаў сваіх адчыняем…

Здабыткаў, знаходак, адкрыццяў у Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі летась было вельмі многа! І пра гэта лепш за словы сведчыць другі па ліку выпуск літаратурна-мастацкага альманаха ”Берасцейская скарбніца”, што ўбачыў свет напрыканцы 2019.

Пад яго вокладкай сабраны творы пісьменнікаў Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ,  маладых перспектыўных аўтараў, пераможцаў конкурсаў і ганаровых гасцей.

Усе багацці “Берасцейскай скарбніцы” падзелены на 8 раздзелаў. Першы з іх – “Самы лепшы горад на зямлі” – напоўнены вершаванымі і празаічнымі творамі, натхненнем для якіх стаў прыгожы і гасцінны, родны і любімы Брэст, міленіум якога ўся наша краіна адзначала ў 2019-м.

Два наступныя раздзелы – “Жамчужныя россыпы” і “Іскры з-пад капытоў Пегаса” прапаноўваюць увазе зацікаўленых чытачоў шчырыя, пранікнёныя радкі, прысвечаныя Радзіме і хараству навакольнага свету, каханню і гістарычнаму мінуламу, радасці жыцця і светламу смутку.

А “Гасцёўня” знаёміць аматараў прыгожага пісьменства з творчасцю пісьменнікаў і паэтаў з Польшчы і Расіі, сярод іх – Алена Карнеева з Разані, Міра Лукша з Беластока, Аляксандр Наўроцкі і Барбара Юркоўская з Варшавы, Алена Шміт з Пяцігорска.

Самых юных чытачоў зацікавіць раздзел “Дзіцячы гарадок”, у якім сабраны павучальныя казкі, у тым ліку лясныя і калядныя.

Шосты і сёмы раздзелы “Берасцейскай скарбніцы” друкуюць творы пераможцаў і лепшых удзельнікаў двух творчых конкурсаў, што былі праведзены абласным аддзяленнем СПБ у годзе мінулым. Тут можна пазнаёміцца з вершамі Генадзя Аўласенкі і Уладзіміра Цануніна. Абодва аўтары сталі лепшымі ў першым рэспубліканскім гумарыстычным конкурсе “Папяровы бусел”. А вось цудоўныя вершы трох маладых паэтак – Алены Насковай, Ганны Ігнацюк, Наталлі Валошкі былі асабліва адзначаны журы падчас абласных конкурсаў для моладзі.Яны зачаруюць вас і перанясуць у свет самых цёплых, самых светлых пачуццяў, на якія толькі здольны чалавек.

Раздзел “Капліца памяці” ў альманаху берасцейцаў – з адценнем суму. У ёй змешчаны творы тых аўтараў, якіх больш няма з намі – Анатоля Шушко і Анатоля Гарая. І апошні раздзел “Берасцейскай скарбніцы” – Magistra вітае” – прапануе ўвазе чытача даследчую працу Сяргея Мартынюка “Валькірыі ў германа-скандынаўскай міфапаэтычнай традыцыі”. Разнастайна, ці не так?

Усімі скарбамі сваіх душ гатовы дзяліцца з чытачамі творцы з Брэстчыны. Брама ў “Берасцейскую скарбніцу” адчынена. Заходзьце, калі ласка!

Настасся НАРЭЙКА

СКАЧАТЬ