І Нарачанскі край, і Палессе


І Нарачанскі край, і Палессе

У любові да сваёй малой радзімы, да Беларусі прызнаецца паэтэса Тамара Кручэнка ў новай, трэцяй па ліку паэтычнай  кнізе “Прысвячэнне” (Мазыр, КПУП “Калор”). Зборнік складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў: “Радзіма”, “Дзівасіл Беларусі”, “Іду ў палку я бессмяротным”, “На крылах мары”, “Не забудзь сваіх карэнняў” і іншых.

Кранаюць вершы, прысвечаныя бацькоўскаму кутку паэтэсы, якая нарадзілася і вырасла на Мядзельшчыне, дзе ўсё такое роднае, шчымлівае, прыветнае:

Бароў родных водар мядова-хваісты,

Грыбныя мясціны чаруюць наўкол,

І рэчкі Вузлянкі парожак бруісты,

Зары вечаровай агністы прыпол.

Імчыць на радзіму маленькі аўтобус.

Страчае гасцінна бацькоўскі куток.

І я адчуваю: радзіма – не глобус,

У сэрцы пульсуе жывы яе ток.

Табе прывітанне,  мой край неабдымны,

Я з поўдня вязу, ад самога Палесся.

І чую пах юшкі, падкопчанай дымам,

І голас спрадвечнай бабулінай песні.

(“Дарога дадому падасца далёкай…”).

У другім вершы – таксама любоў і замілаванне да роднай старонкі:

Мядзел, ты майго слыннага краю сталіца,

Да цябе далятаю ў сваіх летуценнях і снах,

Журавінавы рай, водар хвоі і сонечны смак медуніцы –

Гэта герб твой, спрадвечнай адметнасці знак…

(“Рэчка Дробня мяжой да майго гарадзішча…”).

 Былая выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, лаўрэат многіх літаратурных прэмій, у тым ліку міжнародных, Тамара Кручэнка, творы якой у свой час друкаваліся ў шматлікіх перыядычных выданнях, альманахах і кнігах у Беларусі, Украіне і Расіі за подпісам “Тамара Купрэвіч”, прысвяціла сапраўдны гімн зямлі, на якой па волі лёсу жыве і плённа працуе  многія гады:

А гэты край – ад Прыпяці да Сожа –

На карце, бы бацькоўская далонь…

Усё мне тут прыветна, люба, гожа,

Тут веку і майго прыкметны плён.

Ад тураўскіх падмуркаў, што у скрыпце,

Да вышыванак неглюбскіх майстрых…

Зямлі духоўнасць нашай беражыце

І мудрасць чэрпайце з Кірылы кніг.

О, Гомельшчына, ты – маё натхненне,

Зямля сяброў, мой чалавечы лёс…

Ступае ўжо ўнука пакаленне

На бераг Вечнасці, на Сожа плёс.

(“Гомельшчыне”).

Асобны раздзел у кнізе прысвечаны гераічнай барацьбе беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вершы ў вянок памяці пра Віктара Дзмітрыевіча Вятошкіна, поўнага кавалера ордэна Славы, ганаровага грамадзяніна горада Гомеля і вобласці, Паліны Калашнікавай, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта творы, прысвечаныя гераізму савецкіх салдат, афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, якія мужна змагаліся з ненавісным ворагам (“Пялёсткі з вішні на асфальце…”, “Дняпро яшчэ не стаў у снежні…”, “Ля Лоевай гары”).  Гэта вершы пра нялёгкі пасляваенны лёс салдацкіх удоў (“Палюта”, “А ад цябе ніякіх звестак…”). 

Малюнкі роднай прыроды, цудоўныя моманты шчаслівага дзяцінства, радкі аб шчырым і нязгасным пачуцці – каханні склалі асобную нізку вершаў пад назвай “На крылах мары”.

На творчым рахунку Тамары Кручэнкі і шматлікія пераклады вершаў паэтаў Расіі. У зборнік уключаны пераклады твораў Валянціна Дзінабургскага, Віктара Валодзіна, Уладзіміра Сарочкіна, Валянціны Крысанавай, Галіны Конюхавай, Ганны Перавозавай.

Кніга “Прысвячэнне” вартая  таго, каб яе чыталі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што ў 2018 годзе яе аўтару  прысуджана ўстаноўленая Гомельскім аблвыканкамам абласная літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага.

Міхась СЛІВА

Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

СКАЧАТЬ