Згадзіцеся, не часта такое бывае, калі з задавальненнем перачытваеш па некалькі разоў творы аднаго і таго ж пісьменніка і кожны раз атрымліваеш эстэтычную асалоду і абавязкова знаходзіш што-небудзь карыснае для сябе. Як, напрыклад, у раманах Фёдара Дастаеўскага, пасля прачытання якіх з кожным разам узнікае ўсё больш пытанняў…
Наша размова – пра новую кнігу вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча “Агледзіны”, якая выдадзена Інфармацыйным аддзелам Гомельскай епархіі пры падтрымцы і на сродкі Высокапраасвяшчэйннейшага Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага (Гомель, 2019). Зборнік апавяданняў выйшаў з друку па выніках абласнога літаратурнага конкурсу “Праваслаўе – мая надзея” (атрымаў Гран-пры).
І вось я ў трэці раз перачытаў змешчанае тут апавяданне “Вяртанне бацькі”. Нечакана з’явіліся слёзы – праняло да глыбіні душы. Падумалася: “Сапраўды, той выпадак, калі слёзы над вымыслам пральеш…”Але ж усё, напісанае Уладзімірам Гаўрыловічам, праўда! Суровая, горкая, але ж праўда жыцця! А яго пісьменнік ведае добра. Ён пільна ўглядаецца ў з’явы рэчаіснасці, даследуе паводзіны чалавека ў канкрэтных абставінах. Таму ўсе яго творы псіхалагічна-вострыя і адначасова займальныя, арыгінальныя, напісаны з пазіцыі сучаснасці.
Пісьменнік умее ствараць цікавыя, яркія, незабыўныя вобразы сваіх землякоў – палешукоў. Людзей розных узростаў, прафесій, сацыяльнага становішча. І ўсе яны жыццёвыя. Быццам на яве бачыш, напрыклад”, як “Сцёпчык на поўныя грудзі хапаў, бы спяшаўся наталіць нутро, вясновае празрыстае паветра”… Бачыш Ганну Парэйку, старэнькую паляшучку, якая чакае-не дачакуаецца свайго адзінага сына. І якія добрыя людзі якружаюць сваёй увагай і дапамогай гэтую нямоглую ўжо бабульку, якая ў свой час шчыравала ў калгасе, паказвала прыклад іншым.
Невялікае па памеры, але вельмі змястоўнае апавяданне “Хата”. Простая жыццёвая сітуацыя, калі сястры з братам засталася спадчына – вясковая хата, высвечвае характары людзей, паказвае святло і цені ў нашым жыцці. Аўтар пацвярджае сваім творам, што праўда, спавядлівасць павінны перамагчы, нягледзячы на розныя перашкоды і хібы ў характарах і паводзінах некаторых людзей.
Тонкім псіхолагам паказаў сябе Уладзімір Гаўрыловіч і ў апавяданнях “Споднія яблыкі”, “Карміцель”, “Таполевы востраў”, “Калядны сон” і іншых.
Шчымлівае, кранальнае да слёз апавяданне “Сястрычка”, у якім перад намі цудоўны вобраз самаахвярнай дзяўчыны Ганны, медыцынскай сястры, на вайне. Трэба сказаць, што пісьменніку, які нарадзіўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, у ліку нямногіх сучасных беларускіх аўтараў удаецца перадаць тыя страшныя падзеі праўдзіва, яскрава, паказаць мужнасць і гераізм простых людзей у экстрэмальных сітуацыях. Пісьменніку – верыш! А ці не гэта самае галоўнае для творцы?!
Упэўнены, новая кніга Уладзіміра Гаўрыловіча прынясе не толькі радасць спаткання з сапраўднай літаратурай, але і карысць у выхаванні ў грамадстве сумленнасці, міласэрнасці, патрыятызму.
Міхась СЛІВА
СКАЧАТЬ