«Прадвызначэнне» – так называецца юбілейны зборнік вершаў пісьменніцы, Лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіды Дудзюк, які выйшаў у выдавецтве «Альтэрнатыва».
За свой творчы шлях яна выдала сем зборнікаў вершаў, больш за два дзясяткі кніг мастацкай і дакументальнай прозы, у тым ліку раманы «Год 1812», «Слодыч і атрута», «Кола Сварога», «Лаза», «Гонка ваўкоў», «Гонды», а таксама некалькі зборнікаў драматычных твораў і кніг казак для дзяцей.
Пераможца шэрагу рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. З кожным годам яе творчая скарбонка папаўняецца новымі і цікавымі творамі. Не выключэнне і новае выданне. Зместам яго стала каля сарака вершаў і драматычная паэма «Збіральнік камянёў», прысвечаная выдатнаму навукоўцу, удзельніку паўстання 1830-1831 гадоў, геолагу, мемуарысту, нацыянальнаму герою Чылі і нашаму суайчынніку Ігнату Дамейку.
У рытме сучаснага жыцця і прадвызначэння
Кожны верш Зінаіды Іосіфаўны ––гэта своеасаблівы погляд на жыццё. Чытаючы іх разумееш, дзе радасць і смутак, развагі і пранікнёнасць, разуменне ад убачанага і пачутага. Вершы прывабліваюць – сваёй непаўторнасцю, меладычнасцю і мудрасцю. Чытаем:
«Верш, як жыццё, не адкладзеш на потым –
Натхненне звяне, знікне ўзнёслы дух,
Заявяцца турботы ды згрызоты,
Наклічуць верад непазбыўных дум.
Душа, нібы забітая крыніца,
Пачне паціху ў целе паміраць.
Той верш, магчыма, некалі прысніцца,
Але не будзе часу ўспамінаць... »
(аўт. назва «Верш, як жыццё, не адкладзеш на потым»)
Аўтар услухоўваецца ў рытмы сучаснага жыцця, разважае пра прызначэнне чалавека і пошукі жыццёвых шляхоў, на якіх можна рэалізаваць сябе ці згубіць. Яскрава пра гэта кажа верш «Адчуванне»:
«Час ляціць ніадкуль і нікуды.
І дарэмна стары каляндар
Лічыць дні, а гадзіннік – мінуты,
Час цячэ скрозь мяне, як вада,
І мяняе заўзята аблічча,
Забірае ў вечнасць сяброў.
Смешны люд нешта множыць і лічыць,
Вымяраючы злом ці дабром.
Мы жывём быццам на скрыжаванні
Невядомых нікому шляхоў.
Для адных гэта наканаванне,
Іншым – вольнасць ад рабскіх акоў... »
(аўт. Назва «Час ляціць ніадкуль і нікуды»)
Таксама адчуваецца гэта і ў вершах «Выракліся мудрасці дзядоў», «Прадвызначэнне», «Я не самотная, пакуль», «Зоркі даспяваюць толькі ў жніўні» і многіх іншых.
Пяшчотай напоўнены верш «Мінае год стары, які люблю». У ім пісьменніца згадвае сваю матулю, якая зусім нядаўна пайшла з жыцця… Адчуваецца смутак і боль за страту самага роднага чалавека.
Яшчэ праз паэтычныя радкі Зінаіда Іосіфаўна выказвае любоў да малой і вялікай Радзімы, прыроды, гісторыі, прызнаецца ў адданасці гораду Брэсту, у якім жыве больш за сорак гадоў. Кранальныя вершы і пра каханне…
Прываблівае назва зборніка. «Прадвызначэнне» – гэта мэта жыцця чалавека, закладзеная да яго нараджэння. Але Зінаіда Дудзюк, праз сваю творчасць паказвае, што чалавеку не даецца з нараджэннем праграма ягонага будучага жыцця. Ён мусіць распрацоўваць яе самастойна.
Дань таленту
Адметнае месца ў зборніку займае і драматычная паэма «Збіральнік камянёў». Нездарма звярнула пісьменніца сваю ўвагу на асобу Ігната Дамейкі. Лёс гэтага чалавека быў насычаны прыгодамі, цікавымі падзеямі, нязведанымі шляхамі. Прааналізаваўшы ўвесь жыццёвы шлях Дамейкі, яна стварыла цудоўныя вобраз героя. І паказала яго, як чалавека мудрага, разважлівага, які і ў чужым асяродку знайшоў магчымасць выкарыстаць свае таленты.
Упэўнена, як першы чытач зборніка «Прадвызначэнне», ён знойдзе свайго чытача.
Наталля ШЛЯЖКО
СКАЧАТЬ